Ёсць першыя «тысячнікі»!

Як і летась, першымі «тысячнікамі» ў раёне сталі адразу два камбайнеры таварыства «Сваткі» — Уладзімір Швайкоўскі і Пётр Скурко. Віншавалі іх з прыемнай падзеяй у суботу ранкам на палетку за Сваткамі. Сюды прыбылі госці з Мядзела, тут сабралася кіраўніцтва і працаўнікі гаспадаркі.
Адразу звярнуўся да іх старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка:
— Учора Уладзіміру Мікалаевічу ўдалося намалаціць тысячу тон, а сёння — Пятру Іванавічу. Вы — першыя ў раёне. Вядома, гэта найперш вынік вашай добрасумленнай працы. Кіраўнік расказвае, што вы вельмі стараецеся і напружана працуеце. Па-другое, хачу сказаць, што на такіх палетках прыемна і працаваць. Заслуга ў гэтым кіраўніцтва вашага таварыства і ўсіх работнікаў, якія шчыравалі з мінулага года для таго, каб атрымаць такі важкі каравай. Паважаныя камбайнеры, прыміце самыя шчырыя віншаванні. Хачу пажадаць вам поспехаў у працы, яшчэ больш важкіх намалотаў, моцнага-моцнага здароўя і ўсяго самага добрага.
Уручыў Анатолій Мар’янавіч падзяку старшыні райвыканкама Уладзіміру Швайкоўскаму і Пятру Скурко — за прафесіяналізм, добрасумленную працу і значную працоўную перамогу — намалот першай 1000 тон збожжавых і зернебабовых культур ураджаю 2017 года. Атрымалі яны і грашовыя прэміі.
Падарункаў у гэты дзень для герояў урачыстасці было багата. Ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяны Сівіцкай працаўнікі атрымалі падзячныя лісты і каштоўныя падарункі. Віншавала іх і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Чарняўская. Уручыла яна падарункі ад аб’яднання і Мінскай гарадской арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры. Былі яшчэ добрыя словы і песні ад Яна Рубанюка і Паўла Акуневіча.
А цяпер — некалькі пытанняў камбайнерам.
— У мінулым годзе вы казалі, што жніво тады выдалася цяжкае. Сёлета ўжо лягчэйшае?
— Працаваць заўсёды трэба, — кажа Пётр Скурко. — Хоць надвор’е пакуль моцна не перашкаджала, дзякуй Богу.
— Галоўнае, каб здароўе было, — уключаецца ў размову Уладзімір Швайкоўскі.
Ён працуе дзявяты сезон на жніве. А Пётр Скурко — яшчэ больш. Пачынае лічыць, колькі адпрацаваў за штурвалам камбайна:
— Шэсць сезонаў на “КЗР”, сем — на “Доне” і яшчэ на гэтым камбайне “GS-12” — пэўна, ужо ля дваццаці.
— Ці яны зліліся ў адно, ці гэта жніво нечым запомніцца?
— Усё сваёй хваляй ідзе і ідзе. Адразу, можа, ёсць якія нюансы, пакуль уклінішся, пакуль прытрэцца ўсё, а тады ўжо ўсё звычайна, — адказвае Пётр Іванавіч.
— Палеткі сваткаўскія хваляць, урадлівыя. А дзе найбольш ураджайны участак?
— Пэўна ў Мацках пшаніца была. А на выгалавіцкім палетку плошчы вялікія — там па сотні тон збожжа за дзень намалочвалі. Увогуле без пытанняў у нас жніво ідзе. Дзякуй старшыні Мікалаю Васільевічу Вараб’ю, галоўнаму аграному Тамары Уладзіміраўне Мінчук — арганізацыя працы ў нашай гаспадарцы на ўзроўні.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.



23 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   від на Мядзел на Блакітных азёрах        _06-040

Пабрацімы Мядзела