З першага дня ў здраўніцы

ВЕЛЬМІ важна, каб, прыехаўшы на аздараўленне і адпачынак у санаторый, чалавек адчуваў сябе як дома: утульна і камфортна.
— Менавіта гэты камфорт і чысціню ствараюць палатныя санітаркі, — расказвае загадчыца гаспадаркі Рэспубліканскага санаторна-курортнага ўнітарнага прадпрыемства «Санаторый «Белая Русь» МУС Рэспублікі Беларусь Ала Місюк. — У маім падпарадкаванні 21 санітарка. Гэтыя жанчыны наводзяць і падтрымліваюць чысціню і парадак у двух спальных і лячэбным корпусах, а таксама ў катэджах. Клопатаў ім хапае. Але калектыў наш дружны, зладжаны. Ніхто не скардзіцца на цяжкасці. З задавальненнем адзначу Галіну Пачкоўскую, якая працуе санітаркай у здраўніцы практычна з дня яе заснавання. Больш за дваццаць год працуе ў санаторыі Галіна Езепчук. Не пазычаць вопыту Антаніне Шыбут, Галіне Клечка і іншым. Нядаўна ўладкавалася да нас Алена Малафей. Яе сям’я прыехала ў Беларусь з Варкуты. У аграгарадку Нарач купілі сабе дом. Алена Мікалаеўна з першых дзён работы зарэкамендавала сябе як выдатны, адказны, дысцыплінаваны работнік. Увогуле, усе жанчыны заслугоўваюць шчырых слоў падзякі за старанне і руплівасць.
— Якія вашы абавязкі як загадчыцы гаспадаркі? — цікаўлюся ў Алы Баляславаўны.
— Патрэбна сачыць, каб паўсюдна былі чысціня і парадак, каб санітаркі добрасумленна выконвалі службовыя абавязкі, каб у нумарах была акуратная мэбля, працавала сантэхніка, рэгулярна мянялася пасцельная бялізна, каб на вокнах віселі чысценькія фіранкі. Словам, каб адпачываючыя адчувалі сябе ў здраўніцы як дома, — чую ў адказ. — А прыязджаюць на адпачынак людзі з розным характарам. Іншым і тое не так, і гэта не гэтак. Даводзіцца ўладжваць канфліктныя сітуацыі. Многія прыязджаюць у санаторый мо пяты, дзясяты раз. Яны добра ведаюць санітарак. Таму і просяць пасяліць іх, напрыклад, на чацвёртым паверсе, дзе санітаркай працуе Галіна Езепчук. Зразумела, заўсёды імкнёмся задаволіць падобныя просьбы…
Паціху наша размова перайшла на асабістую тэму. Ала Баляславаўна, можна сказаць, мясцовая. Нарадзілася і вырасла яна ў вёсцы Багацькі. Пасля заканчэння Свірскай сярэдняй школы набыла прафесію бухгалтара ў Ашмянскім тэхнікуме. Год працавала па спецыяльнасці ў колішнім саўгасе «Канстанцінава». Выйшла замуж і жыць пераехала ў Нарач. Муж Аляксандр працаваў у міліцыі. Ала 3 студзеня 1988 года ўладкавалася ў санаторый «Белая Русь» на пасаду загадчыцы гаспадаркі. Практычна на яе вачах, з яе ўдзелам адбывалася станаўленне здраўніцы, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, паляпшэнне бытавых умоў для адпачываючых. Жанчына ніколі не лічылася з асабістым часам. Трэба — затрымаецца на працы пазней. Хаця дома яе чакалі муж, сын Дзмітрый і дачушка Маша. Выраслі дзеці, пакінулі бацькоўскі дом, маюць свае сем’і. Дзмітрый пайшоў бацькавай сцяжынкай, працуе начальнікам Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы. Жыве таксама ў Паставах. У яго падрастаюць сынок, які сёлета пойдзе ў школу, і дачушка. А вось Маша жыве і працуе ў Мінску. Праўда, зараз яна знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, гадуе дачушку.
— Ваш любімы занятак у вольны час? — пытаюся ў суразмоўцы.
— Па жыцці я аптымістка. Шмат чытаю, вяжу. Догляд раслін дома і на дачы — таксама адзін з любімых заняткаў. Падабаецца падарожнічаць. Раней мы часта здзяйснялі паездкі. Іншая справа, што вольнага часу бракуе. Зараз разам з намі жыве Аляксандрава мама. Жанчына ва ўзросце, за ёй патрэбен догляд, — чую ў адказ.
Хутка праляцелі мінуты размовы. Ала Баляславаўна зірнула на гадзіннік. Я зразумеў, што яе чакаюць службовыя справы, таму пажадаў поспехаў, і мы развіталіся.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: загадчыца гаспадаркі санаторыя «Белая Русь» Ала Місюк.
Фота аўтара.



23 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Курорт

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах Касцёл у Засвіры   1-12 84

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси