За дзецьмі патрэбны нагляд

Дванаццатага жніўня бягучага года каля 22 гадзін у раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся жыхар горада Мінска з паведамленнем аб тым, што яго непаўналетняя дачка Крысціна каля 15.00 на возеры Глубля паблізу вёскі Грумбіненты адстала ад велагрупы, і да цяперашняга часу яе месцазнаходжанне невядома.

Следча-аператыўная група, якая прыбыла на месца здарэння, высветліла, што з дзявятага жніўня 9-гадовая школьніца з Мінска разам з аднагодкамі знаходзілася на адпачынку ў агратурбазе “Блакітныя азёры”. Прыватная фірма “Аранжавае лета”, якая арганізоўвае дзіцячы адпачынак, заключыла з бацькамі дагавор і накіравала 20 дзяцей разам з трыма выхавальнікамі, двое з якіх — студэнты вышэйшай навучальнай установы, на тэрыторыю нашага раёна ў в. Грумбіненты ў агратурбазу “Блакітныя азёры”. Дванаццатага жніўня з 10.00 было арганізавана мерапрыемства для дзяцей на Грумбіненцкім пляжы. У
ім удзельнічала 10 непаўналетніх у пешым парадку пад назіраннем 2 выхавальнікаў і 10 — на веласіпедах, пад назіраннем аднаго. Калі дзеці ад’ехалі на веласіпедах каля 50 метраў ад пляжа, старшы выхавальнік спыніўся і спытаў, ці ўсе на месцы. Тады і высветлілася, што Крысціны няма (гэта было каля 15.00). Дзяўчынка адстала ад групы і звярнула ў процілеглы ад вёскі бок. Як атрымалася, што ў калоне не было асобы, якая павінна яе замыкаць, незразумела. На дапамогу выхавальнікам прыйшлі мясцовыя жыхары, працаўнікі турбазы на квадрацыклах, а таксама супрацоўнікі пагранічных войскаў. Разлічвалі, што агульнымі намаганнямі яны хутка знойдуць дзяўчынку.
Як даведаліся пазней, Крысціна тым часам прыехала ў люднае месца і пыталася, як трапіць на сядзібу “Блакітныя азёры”. Памылкова яе накіравалі на сядзібу з такой жа назвай, якая знаходзіцца зусім у іншай вёсцы — Барысах. Там яе бачылі тры чалавекі. Па слядах веласіпеда высветлілі, што дзяўчынка зайшла ў густы лес.
Каля 20.00, праз чатыры гадзіны безвыніковых пошукаў, паведамілі бацькам. Да пошукавых мерапрыемстваў далучыліся 24 супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў, 10 — раённага Дэпартамента аховы з вышуковым сабакам, 2 супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях з адзінкай тэхнікі; 14 ваеннаслужачых з вайсковай часці 2044 з трыма вышуковымі сабакамі, 11 работнікаў лясніцтваў ДПУ “НП “Нарачанскі”, 22 чалавекі з пошукава-выратавальнага атрада “Анёл”.
Жыхарка в. Барысы расказала, што бачыла дзяўчынку ў чырвонай майцы, якая ішла з веласіпедам. Шлях, на які ўказала жанчына, даходзіў да развілкі — адна дарога ішла ў лес, другая — на ўскраек вёскі. Усе разам з жанчынай пайшлі ў лес. На паляне, дзе сцяжынка стала вадзяністай, людзі раздзяліліся, частка пайшла да балота. У нейкі момант на вокліч адазваўся голас. Сухога ўваходу ў балота не было, выратавальнікам давялося ісці напрамую, па пояс у гразі прабірацца ад купіны да купіны. Голас быў усё мацнейшым і мацнейшым. Прайшоўшы 300 метраў у глыбіню балота, яны ўбачылі дзяўчынку пасярод багны. Яна была мокрая, пакусаная камарамі, валасы сталі як камякі. Дзяўчынка не плакала — у вачах была радасць ад таго, што яе знайшлі. Крысціна расказала, што начавала дзесьці ў лесе. Было крыху халаднавата, але ў яе з сабой меўся ручнік, яна ім укрылася. Калі ён намок і стаў цяжкім, пакінула ў балоце. Веласіпед дзяўчынка ўвесь час каціла, але і ён завяз. Крысціну завезлі ў Мядзельскую ЦРБ, дзе ёй аказалі медыцынскую дапамогу. На шчасце, дзяўчынка аказалася мужнай.
У адносінах да службовых асоб ТАА “Аранжавае лета” па факце неналежнага выканання абавязкаў па забеспячэнні жыцця і здароўя дзяцей, а таксама законнасці сваёй дзейнасці раённы аддзел унутраных спраў праводзіць дадатковую праверку.
Паважаныя бацькі! Абмяркуйце з дзецьмі розныя сітуацыі і навучыце правільнаму алгарытму дзеянняў падчас іх. Перабярыце ўсе магчымыя здарэнні. Растлумачце дзіцяці, што першае дзеянне, калі згубіліся ў лесе: заставацца на тым месцы, дзе зразумелі, што згубіліся. Наступны крок — крычаць або свістаць у свісток (калі яго няма, стукаць палкай па дрэве) і прыслухоўвацца, ці адгукаецца хто. Важна растлумачыць і тое, што ні ў якім выпадку нельга падыходзіць блізка да вады, балота — нават калі горача, хочацца піць. І яшчэ адно правіла — у лесе нельга спаць. Дзіцячы сон вельмі моцны, дазвацца яго практычна будзе немагчыма. Непаўналетні павінен ведаць, што, як толькі вы зразумееце, што ён згубіўся, тут жа пачняце пошукі разам з сябрамі, блізкімі, суседзямі, будзеце яго гукаць. І яшчэ вельмі важна яму растлумачыць, што заблукаць можа кожны чалавек, у тым ліку і дарослы, і калі гэта здарыцца, ніхто яго потым ушчуваць не будзе. А калі на шляху сустрэнецца чалавек, папрасіць яго пазваніць бацькам або ў міліцыю.
Паважаныя жыхары раёна, калі да вас звяртаецца за дапамогай заблукаўшы чалавек, асабліва калі гэта дзіця, не заставайцеся раўнадушнымі, акажыце яму дапамогу ў суправаджэнні да месца знаходжання яго жылля і неадкладна патэлефануйце па нумары 102.

Ю. ЖАЛУБОЎСКІ.
Намеснік начальніка РАУС-начальнік міліцыі грамадскай бяспекі.

***

Працяг гэтай гучнай гісторыі быў у мінулы чацвер у вёсцы Барысы. Тут увечары сабраўся сельскі сход. Пачаў яго старшыня Свірскага сельвыканкама Віктар Субач. Далей да вяскоўцаў звярнуўся намеснік начальніка РАУС-начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый Жалубоўскі. Расказаў пра здарэнне і падзякаваў жыхарам вёскі за дапамогу ў пошуках дзяўчынкі. Адначасова нагадаў, каб і самі пажылыя людзі выконвалі ўсе правілы бяспекі падчас паходу ў лес. І перайшоў да прыемнай місіі. Уручыў грамату РАУС старэйшыне вёскі Альшэва, дэпутату сельскага Савета дэпутатаў Віктару Казлоўскаму. Адзначылі яго за праяўленую ініцыятыву і актыўны ўдзел у пошуках Крысціны.
— Уначы давялося яму патэлефанаваць, бо дапамога Віктара Тадэвушавіча была патрэбная: ён добра ведае мясцовасць, раней працаваў лесніком-аглядчыкам комплексу «Блакітныя азёры», — кажа Юрый Міхайлавіч. — Ад слова падняўся і ўдзельнічаў у пошуках да раніцы.
Такая ж грамата і яшчэ букет кветак чакалі жыхарку вёскі Барысы — 79-гадовую Рэгіну Іванаўну Рагуновіч.
— Каб не вы, невядома, што з дзяўчынкай было б, — звяртаецца да яе Юрый Жалубоўскі.
— Гэта дзякуючы ўсім тым, хто ехаў у машыне. Нас пяць чалавек было, — сціпла пярэчыць Рэгіна Іванаўна. — Я толькі ўдзячна людзям у машыне, што яны паслухаліся і ўзялі мяне з сабой. Там такія балоты непраходныя…
У той дзень Рэгіна Рагуновіч была на агародзе. Пачула нейкія крыкі. Адразу падумала, што, можа, грыбнікі якія. Потым, калі даведалася, што знікла дзяўчынка, памеркавала, што, мо, тая крычала. І неўзабаве спыніла машыну, якая ехала праз вёску: «Ці вы дзяўчынку шукаеце?». Пасля станоўчага адказу паехала з валанцёрамі.
— Адразу пошукі ішлі па праезных дарогах. Аўтамабілі даязджалі да канца дарогі і паварочвалі назад, — тлумачыць Юрый Міхайлавіч. — А Рэгіна Іванаўна папрасілася да валанцёраў у машыну: «Давайце, я вам пакажу». Павяла іх далей за дарогу, у лес з забалочанымі мясцінамі — яна ж добра ведае мясцовасць. Паказала накірунак, прапанавала паглядзець там. І дзяўчынка адгукнулася… На заканчэнне хачу сказаць, што высновы зробяць усе. І з боку органаў унутраных спраў будзе дадзена ацэнка арганізатарам гэтага адпачынку: чаму так атрымалася, што дзяўчынка адна аказалася ў лесе. Асноўны вывад трэба зрабіць такі: за дзецьмі патрэбны нагляд, адных іх ні ў якім разе нельга пакідаць. А калі дзеці трапляюць у бяду, не застацца раўнадушнымі, а абавязкова аказаць дапамогу.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымках: намеснік начальніка РАУС-начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Юрый Жалубоўскі ўручае ўзнагароду Рэгіне Іванаўне Рагуновіч; з граматай РАУС — Віктар Казлоўскі.
Фота аўтара.



23 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        возера Глубелька возера Мястра 0-178

Пабрацімы Мядзела