На фінішнай прамой

Вось яны — камбайнеры і іх памочнікі — галоўныя героі жніва НП “Нарачанскі” (злева направа) Максім Лашук, Алег Папок, Аляксей Карчэўскі, Аляксандр Папок і Сяргей Жогла.

НЯКЕПСКІ настрой у начальніка сельскагаспадарчай вытворчасці НП «Нарачанскі» Мікалая Мягкова. А чаму б і не?! Уборка збожжавых і зернебабовых культур выйшла на фінішную прамую.

— Уборачная плошча сёлета складала 300 гектараў. На сёння ўжо абмалочаны збожжавыя на плошчы 236 гектараў, што складае 78,7 працэнта ад агульнай пло­шчы. Сярэдняя ўраджайнасць — 42,8 цэнтнера з гектара. Зараз працягваем убіраць зернебабовыя культуры, ёсць палегліца, таму ўраджайнасць крыху зніжаецца. Найбольш парадаваў ячмень, які займаў 70 гектараў. Яго ўраджайнасць — 56 цэнтнераў з гектара. Мяркую, што ў агульным з кожнага з 300 гектараў атрымаем не менш як па 40 цэнтнераў, — расказвае Мікалай Мікалаевіч.

— У чым заключаецца сакрэт поспеху? Такой ураджайнасцю далёка не кожны можа пахваліцца, — пытаюся ў Мікалая Мягкова.

— Ды ніякага сакрэту няма. Строгае захаванне агратэхнічных патрабаванняў, належная запраўка палеткаў арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі і, бадай, самае галоўнае — правільны падбор кадраў,  бездакорнае выкананне імі даручанай справы, — крыху падумаўшы, адказвае ён. — Ведаеце, каб своечасова адрамантаваць тэхніку, забяспечыць яе палівам, набыць мінеральныя ўгнаенні — патрэбны грашовыя сродкі, і не малыя. Дакладна разумее гэта генеральны дырэктар Нацпарку Васілій Каржоў і заўсёды ідзе нам насустрач. Сельгасвытворчасць Васілій Васільевіч не лічыць другараднай галіной, выдаткоўвае сродкі. Людзі бачаць і адчуваюць гэта. Таму і імкнуцца працаваць з максімальнай аддачай. А ў вы­ніку ёсць някепскія паказчыкі як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі.

Мікалай Мікалаевіч расказаў, што сёлетняе жніво яны распачалі са спазненнем у параўнанне з іншымі гаспадаркамі раёна. І не таму, што камбайны былі не падрыхтаваны. Чакалі, пакуль збажына паспее, колас стане больш умалотным. І гэта «прамаруджванне» на старце зараз акупілася дадатковымі тонамі збожжа.

— Маем тры камбайны, — працягвае размову Мікалай Мягкоў. — А на нашы горы і дробнаконтурныя палеткі больш і не трэба. Галоўнае, што экіпажы вопытныя, працавітыя. Літаральна пра кожнага камбайнера хачу сказаць толькі добрае. Шчырых слоў падзякі заслугоўваюць і іх памочнікі, якія працуюць механізатарамі ў лясніцтвах Нацпарку, а на час жніва завіхаюцца на хлебных палетках. Самым вопытным камбайнерам з’яўляецца Аляксандр Папок. Яго «Ліда» больш за пятнаццаць гадоў працуе на жніве. А яшчэ раней Аляксандр убіраў збажыну на «Доне». Памочнікам у яго працуе Сяргей Жогла. Сын Аляксандра Алег працуе ў Нацпарку начальнікам вытворчасці піламатэрыялаў. Але каторы год на час жніва садзіцца за руль камбайна і дабіваецца някепскіх вынікаў.

Сапраўды, гадоў дзесяць-пятнаццаць таму, калі Алег яшчэ вучыўся ў школе, сустракаў яго разам з бацькам на хлебным полі ў якасці памочніка камбайнера. Атрымаўшы вышэйшую адукацыю, заняўшы пасаду кіраўніка вытворчага падраз­дзялення, ён з задавальненнем аддаецца справе, якую палюбіў, да якой прывык з дзяцінства. Дапамагае Алегу ўбіраць збажыну памочнік Уладзімір Лакуцэвіч.

— На камбайне «КЗС-10» працуе экіпаж у складзе камбайнера Аляксея Карчэўскага і яго памочніка Максіма Лашука. Менавіта гэты экіпаж лідзіруе, намалаціўшы звыш 365 тон збожжа, — зазначае Мікалай Мікалаевіч. — Яшчэ некалькі дзён — і мы поўнасцю закончым жніво.

Напружанне на хлебных палетках, але не меншае напружанне і на збожжатаку. Усё збожжа патрэбна дасушыць, ачысціць, падрыхтаваць насенне. А сушыльная гаспадарка не новая.

— Трынаццаты сезон працую аператарам сушылкі «КЧ-8», — гаворыць Іосіф Варанец. — Побач са мной завіхаецца Антон Барысевіч.

— Гэта вельмі шчырыя і адказныя работнікі. Менавіта яны рыхтуюць пасяўны матэрыял азімых і яравых культур, — дапаўняе Мікалай Мягкоў. — У нас так склалася, што ўбраў хлеб з поля, адразу падрыхтуй насенне для будучага ўраджаю. І хлопцы з гэтай задачай спраўляюцца паспяхова.

На сушылцы «КЗС-10» другі год працуе машыністам Віталій Арлоў. А яго памочнік Аляксандр Ахрамовіч сёлета першы год тут завіхаецца. Ладзяцца і ў іх справы.

Шчырыя словы падзякі начальнік сельскагаспадарчай вытворчасці выказаў у адрас вадзіцеляў «МАЗаў» Іосіфа Мількевіча і Яўгена Кумішчы, якія аператыўна адвозяць збожжа ад камбайнаў. Ды і на прыёмны пункт у Княгінін яны таксама дастаўляюць хлеб новага ўраджаю.

Як толькі камбайны пакідаюць палетак, тут адразу пачынаюць гаспадарыць механізатары Аляксандр Курсевіч і Ігар Цяляк. За імі замацаваны трактары з рулоннымі прэс-падборшчыкамі.

— Усю салому закатваем у рулоны і звозім з палеткаў. На іх пагрузцы працуе Генадзій Кіслы, а на адвозцы сёння — Аляксандр Казлоў. Дарэчы, за Курсевічам замацаваны яшчэ «Амкадор». Таму яго прыцягваем і да пагрузкі збожжа, — удакладняе Мікалай Мягкоў.

— Ці рыхтуецеся да сяўбы азімых культур? — пытаюся.

— А як жа! Азімы клін у нас зойме 180 гектараў. На плошчы 110 гектараў унеслі арганічныя ўгнаенні. Палеткі ўзаралі, пракультывавалі. На ўзорванні стараннем і руплівасцю вызначаліся механізатары Генадзій Лукашэвіч, Віталій Арлоў, Аляксей Карчэўскі і некаторыя іншыя, — чую ў адказ. — Увогуле, шчыры дзякуй хачу сказаць усім, хто мае дачыненне да ўборкі вырашчанага ўраджаю. Гэта дзякуючы іх старанню на нашых пагорках маем важкі колас.

Не лішнім будзе дадаць, што ўсе ўдзельнікі жніва забяспечаны двухразовым харчаваннем. А ежу для іх рыхтуюць у рэстаране трохзоркавай гасцініцы «Нарач».

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

Фота аўтара.



21 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел Сядзіба Максіма Танка  84 возера Мястра

Пабрацімы Мядзела