Хлеб — дзяржаве

Рабочы Аляксандр Антановіч

ВЕЛЬМІ гарачая зараз пара ў хлебаробаў. Яны імкнуцца як мага хутчэй сабраць вырашчаны ўраджай, засыпаць неабходную колькасць збожжа ў засекі для патрэб гаспадаркі, а астатняе здаць на хлебапрыёмныя пункты.

— Ці падрыхтаваліся да прыёму збожжа новага ўраджаю? — цікаўлюся ў майстра змены Княгінінскага вытворчага ўчастка ААТ «Вілейскі камбікормавы завод» Людмілы Грышкевіч.

— Мы не толькі падрыхтаваліся, але і поўным ходам прымаем. Першымі даставілі фуражны ячмень з ААТ «Даўгінава» Вілейскага раёна. А з нашага раёна першымі прывезлі 70 тон фуражнага ячменю з ААТ «Пруднікі-Агра» ўласным транспартам. Паступіў ячмень і з ААТ «Сваткі», «Мядзелаграсэрвіс», — расказвае Людміла Мікалаеўна. — А што датычыць падрыхтоўкі, то яна была грунтоўнай. Ачысцілі ўсе памяшканні. Апрацавалі спецыяльнымі прэпаратамі з мэтай абароны ад свірнавага шкодніка. Словам, склады прадэзынфіцыраваны, пабелены. Машыністы падладзілі сушылкі «ЗСК-10»і «RIELA. Да «ЗСК-10» зманціравалі новую печ, стварылі запас дроў і вадкага паліва. Адрамантавалі трактар і аўтамабіль, якія ёсць на ўчастку. Цалкам падрыхтавана для работы лабараторнае абсталяванне. Словам, усё давялі да ладу. Людзі працавалі старанна, з душой…

Майстар расказала, што зараз працоўны дзень на ўчастку пачынаецца ў восем гадзін раніцы, а заканчваецца з апошняй машынай, якая прывезла збожжа з той альбо іншай гаспадаркі.

— Іншы раз даводзіцца затрымлівацца значна пазней, чым прадугледжана распарадкам дня. Але ніхто не скардзіцца на гэта, усе добра разумеюць і з адказнасцю выконваюць пастаўленую задачу па бесперабойным прыёме збожжа, — працягвае размову Людміла Грышкевіч. — А паступае яно пакуль павышанай вільготнасці, таму даводзіцца дасушваць, дапрацоўваць. Вялікая нагрузка кладзецца на плечы машыністаў сушыльных комплексаў. Некаторыя з іх працуюць ужо не першы год. У цэлым кадры ў нас вопытныя, справу сваю ведаюць. Скажам, на пасаде машыніста сушыльнай устаноўкі шмат гадоў працуе Віктар Гурскі. Гэта дысцыплінаваны, адказны чалавек. Не пазычаць вопыту і навыкаў работы Валерыю Топараву. Яшчэ на пасадах машыністаў завіхаюцца Павел Місун і Дзяніс Скуратовіч. Хлопцы прайшлі навучанне, здалі экзамены, маюць адпаведную кваліфікацыю. Дарэчы, менавіта яны і рыхтавалі сушылкі да работы. Актыўную дапамогу ў гэтай справе ім аказваў электрагазазваршчык Віктар Святоха. Дарэчы, Віктар Іванавіч — сапраўдны майстар на ўсе рукі. Ён і зваршчык, і слесар, і токар. Вельмі адказны і працавіты работнік. Абсталяванне старое, зношанае, але дзякуючы Віктару працуе, выконвае свае функцыі.

Загадчыца лабараторыі Вольга Сяліцкая і яе юная памочніца Ганна Карповіч

З далейшай размовы даведаўся, што Мікалай Грышкевіч працуе ў вартавой ахове, а на час нарыхтоўкі садзіцца за руль старэнькага «ГАЗ-53» і возіць збожжа ад сушылак у склады, з пляцовак — да сушылак.

— Ёсць у нас і трактар «МТЗ-82» з пагрузчыкам. Працуе ён у дзве змены. Кіруе ім вопытны механізатар Віталій Пуня, які заўсёды вызначаецца працавітасцю. На сезон нарыхтоўкі запрасілі на працу пенсіянера Аляксея Дучко, які падмяняе Віталія Міхайлавіча, — расказвае Людміла Мікалаеўна. — Увогуле, на час нарыхтоўкі збожжа набіраем дадатковых работнікаў. У асноўным гэта студэнты. Некаторыя з іх працуюць не першы год, справу сваю ведаюць.

Разам з майстрам крочым па пляцоўцы, дзе ляжаць вялікія кучы ячменю, трыцікале. Ля адной з іх бачым маладога чалавека, які падмятае рассыпанае зерне. Знаёмімся.

— Аляксей Роўда з Княгініна. Вучуся ў Мінскім дзяржаўным політэхнічным каледжы на трэцім курсе. На час канікулаў вырашыў папрацаваць, каб крыху зарабіць грошай. Хачу купіць сабе новы тэлефон. Тут працую першы год, — расказвае ён.

— Ты адзін тут са студэнтаў? — пытаюся.

— Не. Працуюць Антон Камянецкі, Максім Чарняўскі. А яшчэ дзве дзяўчынкі Юля і Аня, прозвішчаў іх не памятаю, — чую ў адказ.

Непадалёку пагрузчыкам пералапачваў, каб не злежвалася, вільготнае збожжа на пляцоўцы мужчына.

— Гэта наш Аляксандр Антановіч. Пятнаццаць гадоў працуе ў калектыве. Старанны работнік. Менавіта ён кіруе пад’ёмнікам аўтамабіляў, загружае збожжа ў складах, — удакладніла майстар і дадала: — Адказная задача ў час прыёму хлеба новага ўраджаю кладзецца на плечы работнікаў лабараторыі, якія што­дзённа праводзяць адпаведныя аналізы. Дробязей тут быць не можа, бо ад сумленнасці і старання кожнага ў многім залежыць якасць збожжа, якое прымаем на захоўванне. Шмат гадоў гэты калектыў узначальвае Вольга Сяліцкая. Работа ў яе вельмі карпатлівая і важная. Жанчына паспяхова спраўляецца з ёй, іншы раз нават не лічыцца з уласным часам.

— Вольга Уладзіміраўна, а хто гэта побач з вамі завіхаецца? — пытаюся ў начальніка лабараторыі.

— Гэта мой памочнік, мая правая рука, другі лабарант Ганна Карповіч. Яна вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, будучы лагапед. Другі год працуе на прыёмцы збожжа. Адказная, добрасумленная,  руплівая дзяўчына, — адказвае Вольга Уладзіміраўна.

— Людзі ў вас працуюць з раніцы да позняга вечара. А дзе палуднуюць? — цікаўлюся ў майстра.

— Сталоўкі ў нас няма, ды і ў Княгі­ніне таксама. Таму амаль усе бяруць «тармазок» з сабой. Для прыёму ежы абсталяваны спецыяльны пакой, дзе ёсць халадзільнік, мікрахвалевая печ, электрачайнікі, посуд. А хто жыве непадалёку, той ездзіць дадому, — патлумачыла Людміла Мікалаеўна.

Студэнт Аляксей Роўда

Пакуль размаўлялі, да вагаў пад’ехала чарговая машына, кузаў якой быў напоўнены залацістым зернем. Ганна хуценька ўзяла пробу для лабараторнага аналізу і нахілілася над прыборам.

Продаж хлеба дзяржаве працягваецца, і, думаецца, з гэтым пачэсным заданнем хлебаробы Мядзельшчыны справяцца паспяхова.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

Фота Аляксандра Высоцкага.



21 жнiўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

img_4257 Касцёл у Шэметава   Царква ў Крывічах _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси