СПРАВА ГЭТА НЕ ТОЛЬКІ ЗАХАПЛЯЛЬНАЯ, АЛЕ І ВЕЛЬМІ КАРЫСНАЯ

НА мінулым тыдні ў экскур­сійна-турыстычным комплексе “Аптэкарскі сад”, які раскінуўся ў лясным масіве паблізу азёр Белае, Мястра і Нарач, адбылася выніковая канферэнцыя. Яе тэма цікавая і актуальная: “Эфектыўнасць укаранення прынцыпаў “зялёнай” эканомікі на прыкладзе пілотнай ініцыятывы “Стварэнне і развіццё на тэрыторыі Мядзельскага раёна ўмоў і інфраструктуры для культывавання лекавых раслін мясцовымі жыхарамі на землях асабістых падсобных гаспадарак для атрымання дадатковага даходу”. Адкрыла мерапрыемства ўступным словам намеснік старшыні райвыканкама Наталля Апановіч. Як адзначыла Наталля Расціславаўна, радуе, што на яго сабралася шырокая аўдыторыя: і падлеткі, і людзі з вялікім жыццёвым вопытам. Наш рэгіён лічыцца ўнікальным краем, ён славіцца сваімі шматлікімі азёрамі і лясамі. Заканамерна, што прыярытэтнымі напрамкамі ў яго развіцці з’яўляюцца аздараўленчая і турыстычная сферы, а таксама аграпрамысловы комплекс. Насельніцтва ў раёне няшмат, каля дваццаці шасці тысяч, аднак сюды прыязджае за год паправіць здароўе да ста тысяч чалавек з усіх куткоў Беларусі і замежжа. “Што датычыцца праекта, які ажыццяўляецца, — падкрэсліла Наталля Апановіч, — то справа гэта арыгінальная і карысная, з чым раней мы не сутыкаліся. З улікам добрай экалагічнай сітуацыі ў азёрным краі, ён і на самай справе з’яўляецца надзвычай прывабным для вырошчвання лекавых траў. Задумка, распачатая колькі год таму, удалася. Райвыканкам падтрымліваў і будзе падтрым­ліваць падобныя перспектыўныя для Мядзельшчыны ініцыятывы, праяўляць зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве. Бо, апрача ўсяго іншага, такія праекты даюць новыя рабочыя месцы, на якіх могуць працаваць жадаючыя пенсіянеры, атрымліваць дадатковы даход. Плюс да гэтага — за­дзейнічанне ў абарот пэўных плошчаў нашых далёка не самых багатых земляў. А на выхадзе бу­дзем мець экалагічна чыстую і запатрабаваную ў спажыўцоў прадукцыю…”.

Гэту тэму прадоўжыла Вольга Чаброўская, кіраўнік праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”, фінансуемага Еўрапейскім саюзам, які рэалізоўваецца Праграмай развіцця ААН. Зараз па ўсёй краіне ажыццяўляюцца дваццаць тры пілотныя праекты, два з іх — на Мядзель­шчыне, якія нясуць мясцовым жыхарам безумоўную карысць. Нельга не ўлічваць і другі аспект: уносіцца прыкметны ўклад у развіццё фіта-сектара, дастаткова новай галіны ў эканоміцы Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, бадай, было і пытанне, якое прагучала ў яе выступленні: “Што ж такое “зялёная” эканоміка, для чаго яна нам патрэбна?”. Гэта, па меркаванні Вольгі Чаброўскай, калі пры ажыццяўленні той альбо іншай ініцыятывы мінімізуюцца рызыкі для навакольнага асяроддзя, забяспечваецца вытворчы рост пры спалучэнні з сацыяльнай складовай часткай і дасягаецца фінансавы эфект. Спынілася яна і на некаторых з праектаў, якія цяпер рэалізоўваюцца ў краіне. У прыватнасці, у Брэсце на базе ўнітарнага прадпрыемства “Камунальнік” закупілі абсталяванне для перапрацоўкі адыходаў драўніны ў трэскі. І не лясной. А старой мэблі, шпалаў і таму падобнага, што раней не выкарыстоўвалася і трапляла на звалкі. У Жыткавічах на возеры Чырвонае арганізавана здабыча сапрапелю. Наогул, ён выкарыстоўваецца пры вырабе касметыкі, для гразевых працэдур у здраўніцах, а ў дадзеным выпадку — для прыгатавання эфектыўных арганічных угнаенняў пры вырошчванні кветак, агародніны. Унікальная справа разгортваецца ў Налібоцкім заказніку, дзе ствараецца гадавальнік па развя­дзенні глушцоў. І зусім не выпадкова, бо, на жаль, на сёння гэта знікаючы від птушкі. Таму плануецца гадаваць яе, а потым выпускаць на волю ў розных рэгіёнах рэспублікі. Запатрабаваны глушэц і ў некаторых еўрапейскіх краінах, што адкрывае рэальную магчымасць па яго экспарце. Калі ж узяць па фінансавых затратах, то самыя вялікія сродкі ўкладваюцца ў праект па пера­працоўцы макулатуры ў офісную паперу. Такой вытворчасці ў рэспубліцы раней не было. Так, макулатуру збіраюць многія гады і школьнікі, і дарослыя ў вялікіх аб’ёмах. Але выкарыстоўвалася яна ў асноўным для вырабу абгортачнай паперы ды кардоны. Зараз жа, дзякуючы набытаму сучаснаму абсталяванню, якое можа добра перапрацаваць і адбяліць макулатурную масу, сітуацыя зменіцца да лепшага. А новай прадукцыі, пры добрай арганізацыі справы, хопіць і для ўласных патрэб, і на экспарт.

Апрача гэтага, у краіне ажыццяўляецца шаснаццаць пілотных ініцыятыў, якія рэалізоўваюць розныя грамадскія арганізацыі. Пра гэта ўдзельнікам канферэнцыі падрабязна распавёў тэматычны каардынатар праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі” Пётр Сачак. Найперш ён спыніўся на тых з іх, якія “прыжыліся” ў нашым азёрным краі. Па-першае, гэта стварэнне на тэрыторыі комплексу “Аптэкарскі сад” вытворча-навучальнага цэнтра “Фітатэрапія XXI стагоддзя”. У якасці выканаўцы выступае ўстанова па ахове прыроды “Экалагічная сфера”, а асноўнымі партнёрамі з’яўляюцца раённы выканаўчы камітэт, Нацпарк “Нарачанскі” і сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю “Ля трох азёр”. Што ўжо зроблена? За мінулы час больш за дзве сотні чалавек навучаны тэхналогіям па вырошчванні і пярвічнай апрацоўцы сыравіны. Неўзабаве, як запэўніў Пётр Сачак, будзе набыта і зманціравана абсталяванне па сушцы дзікарослых лекавых раслін. У далейшым бярозавыя пупышкі, кара дуба, скрыпень, крапіва, бяссмертнік і іншыя дары прыроды пойдуць на прыгатаванне розных медпрэпаратаў — настоек, таблетак, а таксама чаёў. Наконт другой пілотнай ініцыятывы, якую рэалізоўвае ўстанова “Экалогія без межаў”, узгадвалася вышэй. Прыняты канкрэтныя захады па культываванні чатырох відаў раслін: валяр’яну лекавага, эхінацэі, календулы і кмену. З мясцовымі жыхарамі заключаны два дзясяткі дамоў наконт сумеснай дзейнасці па іх вырошчванні.

Напачатку не абыходзілася і без цяжкасцей. Напрыклад, каб не марнаваць дарагое насенне, патрабавалася сеялка дакладнага высеву, а для ўборкі карэнняў ва­ляр’яну лекавага — капалка. Так і з’явіўся паступова на тэрыторыі “Аптэкарскага саду” невялічкі парк розных спецыяльных прычапных агрэгатаў і абсталявання з трактарам “МТЗ-1221”. Затое справа пайшла на лад, а тыя людзі, якія прычыніліся да яе, змаглі зарабіць для сябе дадатковую капейчыну. У тым ліку і вучні старэйшых класаў, для якіх папрацаваць некалькі гадзін на плантацыі лекавых раслін — на радасць. Пётр Сачак нават узгадаў, як сам у школьныя гады з энтузіязмам садзіў елачкі ў лясніцтве і зарабляў такім чынам сабе грошы “на кішэнныя расходы”. Спыніўся ён і на іншых пілотных ініцыятывах, падкрэсліўшы пры гэтым, што “за зялёнай эканомікай — прагрэсіўная будучыня”. Канечне, пра ўсё не раскажаш, аднак асобныя праекты былі б вельмі дарэчы і ў нашым раёне. Маю на ўвазе праект, які ажыццёўлены ў Мастоўскім раёне. Там створана сістэма аддаленага ма­ніторынгу здабычы вады на трыццаць адным водазаборы ў сельскай мясцовасці для аператыўнага выяўлення магчымых аварыйных сітуацый. Усе звесткі паступаюць на цэнтральны дыспетчарскі пункт у райцэнтры. На кожным водазаборы ўс­таноўлены сучасныя помпы, лічыльнікі вады і электраэнергіі. Як сведчыць практыка, зараз помпы на вежах не працуюць “ухаластую”, не марнуюцца“кілаваты” і прыроднае багацце, а рэдкія непаладкі аператыўна ўхіляюцца. Палепшылася якасць жыцця вяскоўцаў, бо для іх гарантавана бесперабойнае круглагадовае водазабеспячэнне. Апрача ўсяго іншага, атрыманы някепскі эканамічны эфект: зніжэнне затрат толькі на электраэнергію склала за год каля 15 тысяч еўра. Заслугоўвае ўвагі таксама праект па комплекснай стопрацэнтнай утылізацыі адыходаў вытворчасцей малочных прадпрыемстваў Віцебскай вобласці. Мембранная ачыстка дазволіць перапрацоўваць сыроватку, якая нясе найбольш праблем і для навакольнага асяроддзя, і для пражываючых непадалёку ад завода сваім непрыемным пахам, у прадукцыю з высокай масавай доляй утрымання сухіх рэчываў. А яна, у сваю чаргу, ідзе для прыгатавання згушчанага малака, бялковых прадуктаў з фруктовымі напаўняльнікамі. Тут, бадай, найбольш важны экалагічны эфект: змяншаюцца аб’ёмы скідвання сыроваткі ў вадаёмы і каналізацыю, прадухіляецца забруджванне рэк, азёр і глебы. Варты пераймання і вопыт работы на прышкольнах участках у вёсках Драчкова і Слабада Смалявіцкага раёна, дзе для паляпшэння харчавання вучняў вырошчваюць садавіну і агародніну з прыўнясеннем элементаў арганічнай сельскай гаспадаркі. А гэта і развіццё экалагічнай адукацыі, і якасныя мясцовыя прадукты ў меню дзяцей.

Падагульняючы размову, трэба сказаць і пра канкрэтныя вынікі работы па рэалізацыі пілотных ініцыятыў на Мядзельшчыне. Дык вось, як заўважыла кіраўнік адной з іх з установы па ахове прыроды “Экалогія без межаў” Святлана Цыунэль, пастаўленай перад сабой мэты яны дасягнулі. Той з жыхароў раёна, хто займаўся вырошчваннем лекавых траў летась, пажадаў займацца гэтай справай і сёлета. Усяго пад каштоўнымі травамі зараз каля дваццаці гектараў. Закупляе іх у насельніцтва “Бел­Асептыка” па рыначных цэнах. За мінулы год больш за ўсё сабрана эхінацэі — пад дзевяць тон. Сёлета аб’ёмы плануюць значна павялічыць, атрымаюць і першы збор кмену. Яго вырошчваннем вырашыў заняцца і мясцовы жыхар Пётр Хацяновіч, які ўзяў пад Будславам у арэнду гектар зямлі. Па яго перакананні, віды на ўраджай добрыя. Меў слова і намеснік генеральнага дырэктара па прававых пытаннях закрытага акцыянернага таварыства “Бел­Асептыка”, партнёра пілотнай ініцыятывы, Аляксандр Рогач. Мяркуючы па яго выступленні, неўзабаве ў нашай мясціне вытворчасць лекавых раслін набу­дзе ўстойлівыя прамысловыя аб’ёмы, што пойдзе на карысць не толькі раёну, але і ўсёй краіне.

Павел ЖУКАЎ.

На здымку: удзельнікі выніковай канферэнцыі. На першым плане ў цэнтры — намеснік старшыні райвыканкама Наталля Апановіч. Справа ад яе — тэматычны каардынатар праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі” Пётр Сачак.

 Фота аўтара.



28 лiпеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Актуальна, Экалогія, Эканоміка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Фотападарожжа

0-178 1-12 Рэчка Нарачанка        223_

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси