Заўсёды ў стане гатоўнасці

МЯДЗЕЛЬСКАЕ аддзяленне Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь 20 ліпеня адзначыць юбілейную дату: паўстагоддзя таму — у 1967 годзе — пры аддзеле міліцыі было створана аддзяленне пазаведамаснай аховы. Яго першым начальнікам стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Дзмітрыевіч Кажэўнікаў, старшым інспектарам быў прызначаны лейтэнант міліцыі Ілья Якаўлевіч Новік, а старшым бухгалтарам — Зінаіда Уладзіміраўна Хіхіч…

За час існавання структуры мяняліся людзі, нават назва, але асноўныя задачы былі нязменнымі — ахова маёмасці юрыдычных і фізічных асоб, а таксама ахова грамадскага парадку на маршрутах патрулявання. Менавіта пра работу групы затрымання, якая забяспечвае выкананне другой задачы, пойдзе гаворка сёння. З падрабязнасцямі службы знаёміць камандзір узвода міліцыі аддзялення Дэпартамента аховы Яўген САХОНЧЫК:
— Наша група затрымання выязджае на ўсе здарэнні першым нарадам. Ці то крадзеж, ці хуліганскія дзеянні — па паступіўшым сігнале адразу дзяжурная часць раённага аддзела ўнутраных спраў у большасці выпадкаў адпраўляе нас. У тым ліку і на дарожна-транспартныя здарэнні для аховы месца аварыі і аказання неабходнай дапамогі.
З расказа камандзіра ўзвода стала вядома, што ў аддзяленні груп затрымання працуе шаснаццаць чалавек, а сама група складаецца з двух супрацоўнікаў: міліцыянера-кінолага і міліцыянера-вадзіцеля, ёсць службова-пошукавы сабака. Іх працоўны дзень пачынаецца з разводу ў 7.30. Але да гэтага часу ім неабходна прайсці абавязковы інструктаж, праверку на алкатэст, адпрацоўку дзеянняў і рашэнняў пэўных задач (жыццёвая сітуацыя — кожны дзень новая, з якой можа сутыкнуцца супрацоўнік падчас дзяжурства), адпрацоўку прыёмаў барацьбы (2-3 прыёмы), агляд знешняга выгляду і атрыманне зброі. Дарэчы, знешняму выгляду супрацоўнікаў тут надаецца асаблівая ўвага.
— Трымаем на высокім узроўні свой імідж, — расказвае камандзір узвода. — Неахайнасць у нас не дапускаецца. Улічваецца нават аднастайнасць адзення. Напрыклад, калі ў аднаго кашуля з кароткімі рукавамі, то і ў другога такая ж. Але і гэта яшчэ не ўсё. Міліцыянер павінен быць поўнасцю экіпіраваны: ад насовак, ліхтарыкаў і расчосак да гумовай палкі, наручнікаў і пісталета.
Пасля загаду заступлення на службу пачынаецца патруляванне. Група на спецаўтамабілі аб’язджае зону патрулявання па ўстаноўленым маршруце з хуткасцю, не большай за 40 кіламетраў у гадзіну. За змену атрымліваецца 80 кіламетраў, за суткі — 160. А нарацкая група толькі за змену наязджае каля 150. На маршруце ёсць кантрольныя кропкі (месцы знаходжання вялікай колькасці людзей), невысокая хуткасць дазваляе ўсё бачыць і аператыўна рэагаваць пры неабходнасці. Службовы аўтамабіль аснашчаны сістэмай GPS-навігацыі, што дазваляе адсочваць яго рух і тым самым забяспечваць бяспеку экіпажа.
— З улікам нашых рэалій, на якія выклікі часцей за ўсё даводзіцца выязджаць групе затрымання? — пытаюся.
— Найбольш часта нашым супрацоўнікам даводзіцца мець справу з дробным хуліганствам, знаходжаннем у нецвярозым стане ў грамадскіх месцах, сямейнымі скандаламі, — адказвае Яўген Сахончык. — Хаця можам нават спыніць чалавека, калі ён у цёмны час сутак знаходзіцца на праезнай частцы дарогі без флікера, і даставіць яго ў дзяжурную часць РАУС.
— Наколькі ў такіх выпадках запатрабаваны сабака?
— Наш чатырохногі дапамагаты аказвае ўздзеянне больш псіхалагічнае, чым фізічнае. Яго прысутнасць вельмі дысцыплінуе. Сабака, які дакладна выконвае каманды, выклікае ў парушальнікаў правапарадку пэўную збянтэжанасць ці страх. А калі ён яшчэ і забрахаў…
— Ці часта сустракаюцца незвычайныя здарэнні?
— Бывае… Адно з нядаўніх, калі злачынцы залезлі ў кафэ “Беларуская хата” ў райцэнтры, адціснуўшы звонку шклопакет. За тры хвіліны, пакуль нашы супрацоўнікі ехалі на выклік, аматары лёгкай нажывы аказаліся ў такім стане алкагольнага ап’янення, што не змаглі адтуль выйсці, бо заснулі. Забралі іх, як кажуць, цёпленькімі.
— На вашу думку, работа больш цікавая ці складаная?
— Пяцьдзясят на пяцьдзясят. Служба патрабуе добрай фізічнай і маральнай падрыхтоўкі. Выязджаючы па выкліку, трэба быць гатовым да любой сітуацыі, у тым ліку і самай нечаканай. У той жа час гэта бударажыць, прымушае заўсёды трымаць сябе ў форме, не расслабляцца.
— А па-сапраўднаму страшна было?
— Скажу так: калі працаваў сам у групе затрымання, кожны выклік прымушаў трывожыцца. Асабліва з месцаў масавага прабывання людзей. Едзеш і не ведаеш: што там, колькі і чаго. Перахвалявацца давялося аднойчы, калі нёс службу ў адным з нашых санаторыяў. Там сутыкнуліся прыезджыя будаўнікі з мясцовымі хлопцамі. У канфлікце ўдзельнічала больш за дзясятак падпіўшых і агрэсіўных чалавек, а з праваахоўнікаў быў толькі я. Вымушаны быў кантраляваць сітуацыю, пакуль падмога прыедзе, але ўдавалася гэта слаба: пакуль адных уціхамірваеш, глядзіш, іншыя распачынаюць сварку па-новаму.
— Дасталося вам тады?
— Ды не, абышлося. Хаця бываюць выпадкі, калі нашы супрацоўнікі трапляюць пад гарачую руку раз’юшаных правапарушальнікаў, і шкло ў аўтамабілі білі. Людзі часам паводзяць сябе самым непрадказальным чынам.
— Што рабіць у такіх выпадках?
— Трэба быць упэўненым, дакладна казаць, за што затрымліваеш чалавека, што яму інкрымінуецца.
— А калі супрацоўніка правакуюць на грубасць ці зневажаюць? Як трымацца ў такіх выпадках?
— Адразу псіхалагічна цяжка рэагаваць на знявагу, але мы не маем права адказваць такім жа чынам. У такія моманты павінен быць строгі самакантроль, які з цягам часу пераўтвараецца ў звычку. Тым, хто не ўмее трымаць сябе ў руках, у нас не месца. Гэта, дарэчы, высвятляецца падчас псіхалагічнага адбору, які праходзяць у абавязковым парадку жадаючыя служыць у Дэпартаменце аховы. Бо, самі разумееце, калі ў хлопца добрае здароўе, выдатная фізічная падрыхтоўка, але слабы самакантроль, зброю ў рукі яму даваць небяспечна.
— З нагоды свята прапаную назваць тых, хто найлепш выконвае службовыя абавязкі, на каго можна раўняцца астатнім і хто заслугоўвае слоў падзякі за сваю работу.
— Прыемна, што ў нас многа такіх супрацоўнікаў. Адзначу міліцыянераў-кінолагаў Віталія Чарняўскага, які нядаўна ўзнагароджаны медалём “100 год міліцыі Беларусі”, Дзмітрыя Баўтрамовіча, Сяргея Баўтрамовіча, а таксама міліцыянераў-вадзіцеляў Сяргея Алава, Сяргея Мялешку, Сяргея Петруковіча. З міліцыянераў узвода міліцыі хочацца адзначыць Аляксандра Сакалоўскага, Яўгена Сідаровіча, а яшчэ Пятра Амірава, без якога не абыходзяцца многія культурныя мерапрыемствы раёна і нашай структуры, Сяргея Каліноўскага, які ўдала выступае ў спаборніцтвах па рукапашным баі. Лічу, мы дастойна працягваем традыцыі нашых папярэднікаў і спраўляемся з пастаўленымі задачамі.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: група затрымання ў складзе міліцыянера-вадзіцеля Сяргея Петруковіча і міліцыянера-кінолага Дзмітрыя Баўтрамовіча.
Фота Аляксандра Высоцкага.



19 лiпеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Фотападарожжа

_dsc1133-3 06-012  возера Мястра  Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси