Марское ўзбярэжжа «Прыазёрнага»

У СЯРЭДЗІНЕ мінулага месяца ў тэставым рэжыме ў санаторыі «Прыазёрны» была запушчана адзіная ў Беларусі градзірня (павільён для выпарвання марской солі). Адпачываючыя хутка ацанілі новаўвядзенне.
— Гледзячы на градзірню, доўга думала, што гэта такое? Шмат дзе адпачывала, але такой пабудовы яшчэ не бачыла, — падзялілася сваімі думкамі Ганна, якая прыехала ў здраўніцу з Ізраіля. — Але, калі даведалася, што гэта ўстаноўка стварае марскі мікраклімат, была прыемна ўражана і рада, што і ў Беларусі з’явілася сваё марское ўзбярэжжа…
Саляная градзірня — гэта канструкцыя з драўніны хваёвых дрэў, бярозавых галінак, а таксама абсталявання для напампоўвання салянога раствору.
З дапамогай помпаў на бярозавыя галіны падаецца саляны раствор, які па іх сцякае. Затым раствор выпараецца, ствараючы інтэнсіўны аэразоль. Саляная градзірня насычае паветра ёдам, бромам і цэлай гамай іншых мікраэлементаў, такіх як магній, натрый, калій, жалеза і іншыя. Гэты аэразоль характарызуецца асаблівымі лячэбнымі ўласцівасцямі, паколькі яго часцінкі валодаюць вялікай здольнасцю трапляць скрозь слізістую абалонку дыхальных шляхоў і скуру. Вакол градзірні ствараецца спецыфічны мікраклімат, які з’яўляецца натуральным лячэбным інгалятарам.
У мінулым у такіх збудаванняў было толькі ўтылітарнае ўжыванне — здабыча важнага харчовага дадатку. Градзірні дайшлі да нас з тых часоў, калі светам кіравала соль. Яна адыгрывала тады горадаўтваральную ролю, а пазней стала адным з фактараў, якія спрыяюць стварэнню ў такіх месцах курортаў. Найбольшае распаўсюджванне градзірні атрымалі ў Германіі. Рэгіён Bad Muenster am Stein-Ebernburg і Bad Kreuznach прэтэндуе на званне найбуйнейшага інгаляторыя на адкрытым паветры не толькі Германіі, але і ўсёй Еўропы.
Зараз такі аб’ект ёсць у санаторыі «Прыазёрны». Знаходзіцца ён побач з тэрыторыяй адпачынку «Фантанка» і летнім пунктам пракату. Тут можна пасядзець на лавачках, пагушкацца на арэлях, любуючыся фантанам, ці пакатацца на веласіпедзе, удыхаючы марское паветра градзірні.
Што рабіць, калі вы апынуліся побач з градзірняй? Галоўнае — не забываць глыбока дыхаць. Побач заўсёды размешчаны лаўкі: сядайце, чытайце кнігу ці проста любуйцеся прыродай і — вентылюйце лёгкія гаючым паветрам. Многія ўрачы лічаць солевыя інгаляцыі карыснымі для ачышчэння дыхальных шляхоў (соль, у прыватнасці, здольная забіваць хвароба- творныя бактэрыі), а таксама для ўмацавання ўсяго арганізма.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: градзірня ў санаторыі «Прыазёрны».
Фота Аляксандра Высоцкага.



18 лiпеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Курорт

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах Касцёл у Мядзеле  0-178 0-170

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси