Што за лётчык Першай сусветнай пахаваны ў Княгініне: новая версія

«Нарачанская зара» пісала, што ў Княгініне на вуліцы Прывакзальнай па ініцыятыве краязнаўцы Яўгена Антановіча ў кастрычніку прайшлі раскопкі месцаў пахавання часоў Першай сусветнай вайны. Высветлілі, што тут пахаваны прыблізна дваццаць салдат Рускай імператарскай арміі. Знайшлі ў тым ліку шлем лётчыка.
Адзіная версія была тая, што тут пахаваны старшы унтэр-афіцэр Хромін. Прадстаўнікі 52-га пошукавага батальёна адправілі афіцыйны запыт у Міністэрства абароны Расіі адносна месца спачыну Мікалая Хроміна.
Прыйшоў адказ з Расійскага дзяржаўнага ваенна-гістарычнага архіву. Прывядзём урыўкі з яго: «Паведамляем, што па навукова-даведачным апараце архіва на ваеннаслужачых рускай арміі звестак аб авіятарах 4-га корпуснага авіяцыйнага атрада падпаручніку Аляксею Бехлі і старшым унтэр-афіцэры Хроміне не выяўлена.
У загадзе па 4-ым корпусным авіяцыйным атрадзе № 177 ад 25.06.1916 было абвешчана: «Гэтага дня лётчык старшы унтэр-афіцэр Хромін з назіральнікам падпаручнікам Бехлі даручанага мне атрада, падняўшыся ў 13 г. 30 хв. для вылету на разведку, упалі разам з самалётам з вышыні 100 метраў і забіліся да смерці».
Паведамляем Вам абставіны гэтай падзеі, вядомыя з акта № 1507, абвешчанага тым жа загадам па атрадзе. «… Вецер 5-6 м/с. 1 г. 30 хв. дня. Сонца на гарызонце. Воблачна. Матор на зямлі перад палётам, падчас пробы, даваў 1120 абаротаў у хвіліну, пасля чаго самалёт быў выпушчаны ў паветра. Узляцеў і, прайшоўшы адлегласць каля кіламетра, забраў вышыню каля 100 метраў і пачаў рабіць правы віраж, як бачна, жадаючы вярнуцца на аэрадром. Бо пры заборы вышыні з аэрадрома былі чуваць выбухі ў картары, і было чуваць, як лётчык прымяняе прыбор Шадскага. Падчас віражу, калі самалёт павярнуўся па ветры, ён захістаўся, бачна была страта хуткасці, следствам чаго самалёт праз крыло пайшоў на нас, вышыні не хапіла, і самалёт урэзаўся носам у зямлю. Карціна на месцы наступная: 1) матор зусім вертыкальна ўрэзаўся ў зямлю на сваю вышыню; 2) крылы стаялі вертыкальна на пярэдніх ланжэронах; 3) фюзеляж абломлены ва ўсіх ланжэронах за сядзеннем пасажыра; 4) лётчык ляжаў на карбюратары, прычым пашкоджана левая частка грудзей. Назіральнік ляжаў на лётчыку. Абодва трупы знявечаныя, і смерць была імгненнай».
Іншымі звесткамі аб праходжанні службы, узнагароджаннях і месцы пахавання А. Бехлі і Хроміна архіў, на жаль, не валодае».
Такім чынам, даказаць, што на вуліцы Прывакзальнай у Княгініне пахаваны унтэр-афіцэр Хромін, не удалося.
Аднак падчас пошукаў высветлілася цікавая акалічнасць. У Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве ў Санкт-Пецярбургу ў спісах пахаваных 426 палявога рухомага шпіталя за сакавік 1916 года знайшліся звесткі пра іншага авіятара.
І ён пахаваны ў магіле пры станцыі Крывічы (цяпер — Княгінін). Такая інфармацыя прыводзіцца ў метрычнай кнізе:
«Сакавік 1916. Дата смерці — 8, пахавання — 10. Старшы унтэр-афіцэр 21 Авіяцыйнага атрада Георгій Канічэненкаў, 23 гады. Разбіўся пры падзенні аэраплана. Здзяйсняў пахаванне святар 426 палявога рухомага шпіталя Пётр Тычынін на могілках пры ст. Крывічы».
У Расійскім дзяржаўным вайскова-гістарычным архіве ёсць таксама ўзгадка пра гэты эпізод:
«21-ы КАА. Старшы унтэр-афіцэр Канічэнка спрабаваў узляцець ля ст. Крывічы, па прычыне змяншэння хуткасці аэраплан упаў. Ад атрыманых пашкоджанняў лётчык у той жа дзень памёр».
— Мяркую, што шлем з магілы ў Княгініне мог належыць гэтаму авіятару, — тлумачыць краязнаўца Вадзім Праўрацкі. — Паводле звестак ваенкамата, у магіле іншыя нябожчыкі былі пахаваны ў нацельнай бялізне, што ўскосна сведчыць пра пахаванне 426 шпіталя. Тым больш, гэта ўжо дакладныя звесткі пра пахаванне лётчыка Георгія Канічэненкава (Канічэнкі) у Княгініне.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.

На здымку: копія метрычнай кнігі 426-га палявога рухомага шпіталя.



18 лiпеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Царква ў Крывічах dsc_5774-3 06-012

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси