Жыццё пражыць — не поле перайсці

55-годдзе сумеснага жыцця адзначылі жыхары Мядзела Іосіф і Валянціна Баўтрамовічы. З гэтай адметнай падзеяй іх горача павіншавалі дзеці, унукі, суседзі. Міжволі няпрошаныя слёзы накаціліся на вочы юбіляраў. Успомнілася перажытае: як радасныя, так і хвалюючыя моманты.
— Як адзін дзень праляцелі гады. Нават не верыцца, што ажно 55 год мы разам, — кажуць Іосіф Іосіфавіч і Валянціна Паўлаўна. — Жылі як усе, працавалі, не ленаваліся. Добрых дзяцей вырасцілі, маем чатырох унукаў, праўнучка Яна. Яны — наш працяг, нашы гонар і радасць.
Як даведалася, Іосіф Баўтрамовіч родам з Лейцаў, што ў Слабадскім сельсавеце. Яго нарачоная Валянціна — з вёскі Завуголле (раней Пузыроўскі, зараз Крывіцкі сельсавет). А пазнаёміліся яны ў Кузьмічах на вяселлі. З першага спаткання прыглянуліся адзін аднаму, а там і каханне прыйшло. У 1962 годзе пажаніліся: 7 чэрвеня распісаліся, а 25-га — вяселле згулялі. Шаснаццаць гадоў жылі ў Лейцах з маці Іосіфа. А бацькі свайго ён амаль не памятае. Юнаком быў вывезены фашыстамі ў Германію. Непасільная праца на чужыне падарвала здароўе, вось і быў яго век кароткім…. Іосіф Іосіфавіч і яго каханая палавінка працавалі ў мясцовым калгасе. Ён адразу трактарыстам, пасля — вадзіцелем, жонка — у паляводстве.
У 1979 годзе Баўтрамовічы перавезлі свой дом у Мядзел і заняліся яго ўладкаваннем. З таго часу райцэнтр стаў для іх родным. Тут жывуць яны і зараз. Іосіф Іосіфавіч працягваў працаваць вадзіцелем у аўтапарку сельгастэхнікі, сельгасхіміі, затым — у камунгасе. Усюды вызначаўся руплівасцю і адказнасцю. Узнагароджаны медалём “За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”. Да пары яму і яго нарачоная Валянціна — актыўная, жыццярадасная, руплівая. Пасля прыезду ў Мядзел у яе было толькі адно месца работы: гарадская кацельня, дзе працавала некалькі гадоў, нават будучы на пенсіі, лабарантам хімводаачысткі.
Дочкі Таццяна і Галіна выраслі, за іх ніколі не было сорамна бацькам. Атрымалі адукацыю. Адна жыве зараз у Мядзеле, другая — у Дзяржынску. Не забываюць бацькоўскі дом, дзе ім рады. Цешацца бабуля з дзядулем трыма ўнучкамі — Мартай, Таццянай, Кацярынай і ўнукам Русланам. Марта замужам, мае сыночка Яна, якому 8 ліпеня было 5 месяцаў.
— Гэта нашы дачушкі з сем’ямі, а тут вяселле Марты, — паказваючы фотаздымкі, расказвае гаспадар. — А вось наш праўнучак Ян. Няхай расце здаровым і шчаслівым на радасць нам усім.
— А як вам удалося столькі год пражыць разам душа ў душу? — цікаўлюся.
— Асаблівых рэцэптаў сямейнага шчасця не маем, — прызнаецца гаспадар. — Проста ўвесь час стараліся жыць у згодзе, дружна, з павагай адносіўся я да Валі, яна — да мяне. Пастаянна дапамагалі адзін аднаму, падтрымлівалі, давяралі, а гэта вельмі важна. Вядома, не ўсё было гладка і ў нас. Нездарма ж кажуць, што жыццё пражыць — не поле перайсці. Даводзілася некалі і мне, і жонцы адзін аднаму ўступіць, прамаўчаць, каб не наклікаць горшага. Паверце, сямейныя адносіны любові, дабрыні, шчырасці патрабуюць, яны не церпяць фальшы. А гэтага так цяпер маладыя не разумеюць і пры першых жа цяжкасцях разбягаюцца ў розныя бакі. У выніку — пакутуюць малыя дзеці. Мы, калі здараліся праблемы, не шукалі вінаватых, не наракалі на лёс, разам імкнуліся знайсці выйсце з няпростай сітуацыі і, трэба сказаць, знаходзілі. Цяжкасці нас загартоўвалі, беды ўмацоўвалі. І каханне наша не згубілася з гадамі, а, наадварот, стала мацнейшым. Дай Бог, каб так, як і мы, годна, прыстойна, пражылі нашы дзеці, унукі.
— Ведаеце, я цешуся, калі бачу сваіх дочак, зяцёў, любых унукаў, маленькага праўнучка радаснымі, у добрым настроі, — дапаўняе мужа Валянціна Паўлаўна. — Усё ладзіцца ў іх — добра і нам. Ці не ў гэтым і заключаецца сапраўднае шчасце?!
Да такіх слоў складана штосьці дадаць. Застаецца толькі павіншаваць юбіляраў з адметнай падзеяй у іх жыцці. Пажадаць моцнага здароўя, даўгалецця, дабрабыту, каб разам яны яшчэ і брыльянтавае вяселле сустрэлі, і не толькі яго. Каб павыдавалі замуж унучак, ажанілі ўнука і радаваліся ад душы шчасцю мілых сэрцу людзей.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



14 лiпеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

06-012 _dsc1133-3 Рэчка Нарачанка        img_4257

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси