КАМПЕТЭНТНА ПРА СМАЧНАЕ

ВА ўсім, што тычыцца харчавання, аўтарытэт маёй суразмоўцы бясспрэчны. Больш за дваццаць гадоў таму Галіна ЦІХАНОВІЧ прыйшла ў “Жураўку” пасля прафтэхвучылішча — і засталася. З таго часу ёй скарыўся шлях ад повара да загадчыцы вытворчасці харчблока…
— Галіна Іванаўна, раскажыце пра сябе.
— Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Ніўнае на Стаўбцоўшчыне. У “Жураўцы” ўжо больш за два дзесяцігоддзі. Тут сталела, старалася ставіць да сябе высокія патрабаванні. Пачынала поварам, завочна вучылася ў тэхнікуме. Пасля доўга працавала тэхнолагам — і таксама амаль не выходзіла з кухні. Год, як стала загадчыцай вытворчасці харчблока.
— Як пасля апошняга прызначэння змяніліся вашы абавязкі?
— Іх, вядома, істотна паболела. Хоць усю гэту працу я ўжо добра ведала, але вольнага часу адназначна стала менш… Хочацца, каб людзі працавалі з добрым настроем. Таму шмат кантактую з калектывам, стараюся ўвайсці ў становішча кожнага. Калі трэба, магу і сама замест повара папрацаваць.
— Галіна Іванаўна, вы ў гэтай сталоўцы прайшлі амаль усе “прыступкі”. Каму ўсё ж складаней: повару ці загадчыцы вытворчасці?
— Праца повара цяжкая і вельмі адказная: для людзей жа гатуеш. Хочацца, каб і смачна было, і своечасова. Але ў нас калектыў даўно склаўся, усё адладжана, кожны сваю справу ведае — таму асаблівых цяжкасцей няма. Загадчыцай быць, ва ўсялякім разе, не прасцей: падначаленых дваццаць чалавек (сталоўка плюс бар) і адпачываючых больш за дзвесце. Усім хочацца ўдзяліць увагу…
— Давайце пагаворым пра кухню. Якім стравам аддаюць перавагу адпачываючыя?
— Тут адназначна не скажаш: каму што падабаецца. Часта дзякуюць за боршч з пампушкамі, малочны суп па-магілёўску, мачанку, катлету “Папараць-кветка”, рыбнае суфле… А ўвогуле смачная страва — не абавязкова складаная ў прыгатаванні. Напрыклад, на сняданак чалавек пяцьдзясят заказвае амлет… А асартымент у нас добры.
— Калі ласка, падзяліцеся рэцэптам смачнай стравы з санаторнага меню, якую б было рэальна (і, пажадана, не вельмі дорага) прыгатаваць дома.
— Нават не ведаю, усе нашы стравы смачныя… (Думае.) Можаце запячы рыбу з грыбамі. З траскі прыгатуйце філе. Пасаліце, абкачайце ў муцэ, абсмажце на алеі з абодвух бакоў, выкладзіце на бляху. Свежыя шампіньёны падсмажце з цыбуляй, пакладзіце на рыбу. Зверху пасыпце надзёртым сырам, добра паліце смятанай — і ў духоўку на дзесяць хвілін. Запякайце пры тэмпературы +180 градусаў. Гатовую страву можна пасыпаць кропам.
— У гэтым рэцэпце можна нешта спрасціць ці замяніць?
— У сталоўцы мы строга прытрымліваемся тэхналогіі. А дома замест траскі можаце ўзяць хек або леманэму. У любым выпадку не раю купляць гатовае глазіраванае філе. Свежыя шампіньёны можна замяніць замарожанымі ці кансерваванымі.
— Разумею, што “кухні” вам на працы хапае. А дома хто есці варыць?
— Вядома, сама! І “лусту” мужу складаю. Люблю гатаваць — вось мне і няцяжка… Нават калі вяртаюся з працы стомленая.
— Цікава, што гатуюць прафесіяналы дома?
— Асабіста я — усё самае простае. Супы вару, халаднікі раблю. Бліны пяку: з варэннем, з тварагом. Мясныя стравы — абавязкова…
Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.

P.S. Шаноўныя чытачкі! У прыватнай размове Галіна Іванаўна расказала, што ўваходзіць у склад “лусты”, якую яна гатуе мужу. Аднак пісаць пра гэта, думаю, не варта: раптам нашы мужы прачытаюць…



14 лiпеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Кадры, Курорт

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Ліпень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры 0-170 img_4257

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси