Ад усёй душы

НЯДАЎНА гімназія адзначыла дзве цудоўныя даты — юбілеі настаўнікаў экстра-класа Раісы Балюк і Вячаслава Саўчыка. З гэтай нагоды была наладжана імпрэза ў фармаце даўнішняй савецкай перадачы “Ад усёй душы”. Яна ішла ў 70-80-ыя гады (старэйшае пакаленне, безумоўна, памятае яе) і расказвала пра лепшых людзей краіны, іх складаныя і прыгожыя лёсы, напоўненыя дабрынёй, святлом, самаадданай працай. Менавіта такія людзі побач з намі — гэта нашы юбіляры, і нам пашанцавала, што мы можам прычасціцца ў іх аптымізму, жыццястойкасці, апантанасці і бясконцай любові да сваёй справы.
Раіса Іванаўна… Настаўніца фізікі са стажам у некалькі дзесяцігоддзяў, бясспрэчны аўтарытэт, прафесіянал высокай маркі, настаўнік-наватар, у “фізічных” кругах была вядома на ўвесь Савецкі Саюз. Яна і зараз “запальвае” сэрцы, і не толькі дзіцячыя, але і сваіх калег. Жыццё Раісы Іванаўны — складаная і прыгожая мазаіка: тут ёсць месца і сынам, і нявесткам, і ўнукам, і дачы, і лазні, і сяброўкам, і кнігам, і падарожжам, і фізкультуры, і культурным мерапрыемствам — і чым бы Раіса Іванаўна ні займалася, усё яна робіць найлепшым чынам, бо гэта перфекцыяністка, якая любіць жыццё. На мерапрыемстве мы разглядалі фотаздымкі розных год, спявалі, танцавалі, слухалі ўспаміны, у рубрыцы “Знаходка” гарталі школьны дзённік Раісы Іванаўны за 1959-1960 навучальны год…
Не менш каларытны вобраз Вячаслава Станіслававіча Саўчыка — чалавека, у якім неверагоднай сумессю злучаюцца воля, веды, амбіцыі, скарэнне вяршынь — і мяккасць, далікатнасць, цярпенне, бясконцыя таленты, гаспадарлівасць, рамантызм і глыбокая пашана да сваёй сям’і. А сям’я ў яго немаленькая: ён шматдзетны тата і дзядуля. І ўсё ж на першым месцы работа — з апярэджаннем часу і на мяжы немагчымага: прасоўванне камп’ютарнай адукацыі ў масы, укараненне найноўшых тэхналогій, конкурсы (дайшоў да міжнароднага ўзроўню), інтэлектуальныя гульні, адзіны ў краіне музей вылічальнай тэхнікі… У тым, што гімназію ведаюць далёка за межамі Мядзела і Беларусі, заслуга менавіта Вячаслава Станіслававіча.
Калі зачытвалася кранальнае, поўнае любові і ўдзячнасці пісьмо ад жонкі Ганны Яўгенаўны, большасць жанчын у зале плакала…
На мерапрыемстве прагучала шмат прыгожых і пачцівых слоў, а члены нашага калектыву раскрыліся па-новаму. Таісія Дурэйка прысвяціла юбілярам уласны верш, Лідзія Анішкевіч склала астралагічную карту, Зоя Кабяк брала інтэрв’ю ў юбіляраў, Наталля Клімовіч была непараўнальнай у ролі доктара, Павел Самко — у ролі цыгана, а Кацярына Світа ды Аксана Роўда танчылі лацінаамерыканскія танцы. Былі і кветкі, і падарункі, і граматы ад аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Імпрэза “Ад усёй душы” ўдалася. Яна прынесла шмат пазітыву і юбілярам, і астатнім удзельнікам мерапрыемства і паказала, наколькі важны чалавечы фактар у калектыве, наколькі неабходна ведаць адзін аднаго, знаходзіцца ў блізкім “счапленні” і мець шчырыя і давяральныя адносіны. Тады і работа ідзе спарней. А вас, паважаныя юбіляры, яшчэ раз са святам! Здароўя вам, плёну, натхнення, доўгіх-доўгіх радасных і шчаслівых год!

Ад імя калектыву гімназіі-інтэрната В. Сяклюцкая.



11 лiпеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Нам пішуць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Ліпень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Чэр    
 12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31  

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе 84 возера Мястра від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси