Ад сенажаці — да жніва

У ГЭТЫЯ дні практычна немагчыма застаць у кабінеце кіраўніка ААТ «Свір-Агра» Генадзія Юхно. Ён — то на сенажаці, то ў мехмайстэрні, то на ферме. Генадзій Бярнардавіч сустракаецца з людзьмі, цікавіцца ходам нарыхтоўкі кармоў, аператыўна вырашае арганізацыйныя пытанні. Ды і жніво не за гарамі. Міне тыдзень-другі, і трэба ўключаць у работу камбайны. Вырашылі пагутарыць з галоўным эканамістам таварыства Алай Самко, якая дасканала валодае інфармацыяй аб корманарыхтоўцы. Яна расказала, што заданнем прадугледжвалася ўбраць травы першага ўкосу з плошчы 900 гектараў. І яно перавыканана:
— Што ўжо ёсць у актыве механізатараў? — пытаюся.
— Назапашана 5285 тон сенажу. Запоўнены траншэі ля ферм «Засвір», «Свір», «Камарова», а зараз закладваем ля фермы «Лушчыкі». Яшчэ плануем запоўніць траншэю каля фермы «Канстанцінава», дзесьці 1700 тон, — адказвае Ала Данатаўна. — А вось з сенам пакуль працуем слабавата. Яго маем толькі 76 тон. Але, думаю, гэта становішча выправім. Прайшоўшыя дажджы спрыяюць росту траў, таму разлічваем на паўнавартасны другі ўкос.


З далейшай размовы даведаўся, што для назапашвання кармоў для грамадскага статка ў таварыстве стварылі спецыяльны комплексна-тэхналагічны атрад, за якім замацавалі касілкі, падборшчыкі, іншую тэхніку. Перад кожным механізатарам паставілі канкрэтную задачу. Людзі разумеюць, што ад якасці і колькасці назапашаных летам кармоў будуць залежаць і прывагі, і надоі, а значыць, і грашовыя паступленні ў касу таварыства, іх дабрабыт. Таму даручаную справу кожны выконвае з адказнасцю.
На касьбе траў працуе касілка «КПР-9». Кіруе ёй Аляксандр Драгун. За дзень руплівы механізатар скошвае па 30 і больш гектараў. А вось механізатар Уладзімір Дрозд завіхаецца на сенажаці з новай касілкай «КДН-3,1». Павел Рагоўскі, за якім замацаваны «МТЗ-82» у агрэгаце з касілкай «КДН-2,7», таксама ў гэтыя дні працуе на сенажаці. Хлопцы імкнуцца выконваць дзённыя заданні, бо ад гэтага залежыць іх заробак. Кожны дакладна ведае ўстаноўленыя расцэнкі.
— Яшчэ касіць травы нам дапамагаюць механізатары з базы адпачынку «Лясная паляна» і «ДЭУ-66». На падборцы правяленых валкоў травы працуюць два комплексы: «КВК-800», ім кіруе вопытны механізатар Іван Грумбянін, і «КЗР-10», за рулём якога знаходзіцца Леанід Осіпаў. Хлопцы стараюцца эфектыўна выкарыстоўваць кожную гадзіну працоўнага дня, які, дарэчы, пачынаецца ў 6 гадзін раніцы і заканчваецца ў 8-9 гадзін вечара. Напрыклад, Іван Іванавіч падабраў 2630 тон правяленай травы з плошчы 208 гектараў, — працягвае размову Ала Данатаўна. — На дастаўцы сянажнай масы задзейнічаны механізатары Аляксандр Рацкевіч і Айнарс Чухайда, вадзіцелі «МАЗаў» Генадзій Шылак, Часлаў Рацкевіч, Іван Урбан, Віктар Грумбянін, Генадзій Самко, Ігар Гуско. Каб тэмпература сянажнай масы ў траншэі не перавышала 37 градусаў, арганізавалі кругласутачную трамбоўку. На ёй працаваў трактар «МТЗ-3022» з дадатковымі грузамі. А кіраваў гэтай тэхнікай работнік «ДЭУ-66» Аляксандр Сафрановіч, які аказваў дапамогу ў нарыхтоўцы кармоў. Зараз Аляксандр рыхтуе да жніва камбайн. На «Амкадоры» трамбуе сянаж наш механізатар Уладзімір Белевіч. Пастаянна на сянажнай траншэі знаходзіцца таксама «Амкадор», замацаваны за Іванам Стральцовым.


— А ці назапашваеце сянаж у палімернай упакоўцы? — цікаўлюся.
— Так. Нарыхтавана 153 тоны сенажу ў плёнцы. Для гэтай мэты маем прэс-падборшчык «Тарнада», які замацаваны за вопытным механізатарам Аляксандрам Рацкевічам. Руплівы хлебароб дзённыя заданні выконваў і перавыконваў, — чую ў адказ. — Дарэчы, ён таксама і сена прасаваў у рулоны. А на зграбанні прасушанай травы ў валкі завіхаўся Генадзій Лобач, які гэту работу выканаў на плошчы 670 гектараў. Зараз уключыў у работу замацаваныя граблі і механізатар Уладзімір Рогач.
Вынікі работы ў таварыстве падводзяцца штодзённа. У гонар тых, хто дасягнуў найвышэйшых вытворчых паказчыкаў,
уздымаюць сцяг працоўнай перамогі. Не раз ён лунаў у гонар Аляксандра Драгуна, які скасіў травы на плошчы 289 гектараў. Імкнецца не адставаць ад лідара і Уладзімір Дрозд. Ён скасіў 254 гектары траў.
— Усе ўдзельнікі корманарыхтоўчай кампаніі забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем. Яны аплачваюць толькі 10 працэнтаў кошту абедаў. Нараканняў на якасць і смак ежы ад механізатараў не паступала, людзі задаволены. Гэта значыць, што повары стараюцца, — дадала на развітанне Ала Данатаўна.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках:  зараз месца працы Івана Стральцова — сянажныя траншэі; механізатар Айнарс Чухайда ў гэтыя дні заняты на адвозцы сянажнай масы; стараннем і руплівасцю на падборы правяленых валкоў вызначаецца вопытны механізатар Іван Грумбянін.
Фота Аляксандра Высоцкага.



07 лiпеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 возера Мястра лебедзі на Мястры Рэчка Нарачанка

Пабрацімы Мядзела