I чайкай ляціць твая песня ў бязмеж… | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

I чайкай ляціць твая песня ў бязмеж…

ДВА першыя ліпеньскія дні Мядзельшчына 65-ы раз гасцінна прымала ўдзельнікаў аднаго са старэйшых фестываляў вобласці — “Пеўчага поля”. Гэта свята даўно стала візітоўкай нашага раёна, прайшоўшы доўгі і яркі шлях ад раённага ўзроўню да рэспубліканскага.

Сёлета ў наш маляўнічы край з’ехалася больш за 600 прыхільнікаў народнага мастацтва з усёй краіны, а гэта — 29 вакальна-харавых калектываў з народнай і акадэмічнай манерамі выканання. З улікам апошняга фактару конкурсныя выступленні праводзіліся ў розных месцах. Галасы акадэмістаў гучалі пад велічнымі зводамі касцёла Святога Андрэя Апостала ў аграгарадку Нарач, народнікі спаборнічалі на сцэне санаторыя “Прыазёрны”. Увечары разгарачаныя конкурснай атмасферай артысты, а таксама шматлікія госці і гледачы сабраліся на галоўнай пляцоўцы фестывалю — амфітэатры на беразе Мястра — на цырымонію ўрачыстага адкрыцця свята.
Ад імя жыхароў Нарачанскага краю ўдзельнікаў фестывалю вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Вайнілка. Ён пажадаў выканаўцам поспехаў і перамог, а таксама выказаў спадзяванне, што “Пеўчае поле” яшчэ не адзін дзясятак год будзе збіраць аматараў народнай песні, радуючы і іх, і жыхароў Мядзельшчыны лепшымі ўзорамі харавога мастацтва.
Ад імя Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь слова меў намеснік міністра культуры краіны Васіль Чэрнік.
— Больш за паўстагоддзя на Мядзельшчыне, у адным з найпрыгажэйшых і непаўторных куткоў Беларусі фестываль “Пеўчае поле” шырока папулярызуе і развівае народнае харавое мастацтва, далучае да вытокаў нацыянальнай песеннай спадчыны і лепшых узораў сучаснай песеннай культуры, знаёміць з дасягненнямі калектываў і ансамбляў з народнай і акадэмічнай манерамі выканання ўстаноў культуры, дзіцячых музычных школ, школ мастацтваў з усіх рэгіёнаў нашай краіны, — зачытаў словы з прывітальнага адраса Міністэрства Васіль Мечыслававіч. Ён таксама пажадаў канкурсантам творчых перамог і выдатнага настрою ўсім гасцям фестывалю.

Старшыня журы Міхаіл Дрынеўскі

А які ж конкурс без журы? Сёлета яно было надзвычай прадстаўнічым і прафесіянальным. У яго склад увайшлі дырыжор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі, лаўрэат Нацыянальнай музычнай прэміі ў галіне папулярнай музыкі “Ліра” Андрэй Саўрыцкі, хормайстар заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорна-этнаграфічнага ансамбля “Неруш” Белдзяржуніверсітэта Алена Аруцюнян, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Музычная капэла “Санорус” Мінскай вобласці”, магістр мастацтвазнаўства Аляксандр Хумала, мастацкі кіраўнік і дырыжор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Міхайлава, артыст Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, мастацкі кіраўнік хору народнай песні Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Вячаслаў Міналькін, дэкан факультэта музычнага мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ірына Грамовіч. Абавязкі старшыні ганаровага журы выконваў мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Г. Цітовіча, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, старшыня Беларускага саюза музычных дзеячаў, прафесар Міхаіл Дрынеўскі.


Прадстаўнічасці фестывалю надавалі і ганаровыя госці свята, сярод якіх былі нашы паважаныя зямлячкі — народная артыстка Беларусі, актрыса Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці і Мядзельскага раёна Марыя Захарэвіч і лаўрэат прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Стэла Іванова.
Урачыстасць працягнулася канцэртам-прэзентацыяй, падчас якога гледачы маглі пазнаёміцца з усімі ўдзельнікамі фестывалю — самымі яркімі харавымі калектывамі з усіх абласцей нашай краіны. З чым можна параўнаць канцэрт і песні, якія гучалі ў гэты вечар над гладдзю возера? Ды хіба з феерверкам музычных фарбаў, як трапна выказаліся вядучыя. Ну а вішанькай на торце стала выступленне заслужанага калектыву Беларусі, вакальнага ансамбля “Чысты голас”, які сваім майстэрствам і моцнай падачай прымусіў спяваць усіх гледачоў у паўзмроку глядзельнай залы амфітэатра і беларускія песні, і цыганскія, і нават італьянскія…


На другі дзень фестывалю ўвесь час “саліраваў” дождж, які ўнёс карэктывы ў работу свята: вынікі давялося падводзіць у больш цеснай, чым амфітэатр, актавай зале райвыканкама. Перад гэтым адбыўся “круглы стол”, падчас якога члены журы мелі магчымасць абмеркаваць моманты фестывалю з кіраўнікамі калектываў, адзначыць моцныя і слабыя бакі канкурсантаў, выказаць і пачуць пажаданні. Усе аднадушнымі былі ў адным — свята атрымалася на славу. У прыватнасці, Міхаіл Дрынеўскі, які не першы раз прымаў удзел у мерапрыемстве, адзначыў яго небывала высокі ўзровень. На яго думку, слабых выступленняў наогул не было, як не было ніколі і такой колькасці калектываў-удзельнікаў. Фестываль расце, развіваецца, і гэта ідзе толькі на карысць нашаму беларускаму харавому мастацтву. Пра тое, што цяжка было вызначыць пераможцаў з-за іх высокага майстэрства, казала Наталля Міхайлава. “Лакцямі біліся, адстойваючы лідараў акадэмічнага выканання”, — жартавала яна. Наталля Уладзіміраўна выказала “рэспект” за работу кіраўнікам калектываў, асабліва маладым, якія дэманструюць вялікае жаданне працаваць у гэтым рэчышчы і ўдасканальваць сваё майстэрства. Сярод крытычных момантаў — выбар рэпертуару (напрыклад, Ірына Грамовіч хацела б больш рэгіянальнага каларыту, а Аляксандр Хумала параіў не выбіраць на конкурс надзвычай складаныя творы і выпрацоўваць конкурсную стратэгію), а ў шэрагу пажаданняў — выхоўваць і развіваць густы людзей, не падладжвацца пад іх мімалётныя прыхільнасці. Вячаслаў Міналькін у сваіх словах выказаў асноўную думку: “Прыязджайце на фестываль у любым выпадку, якім бы ні было судзейства. Бо галоўнае — не месца, а настрой!”.


Але конкурс ёсць конкурс, таму без размеркавання прыступак песеннага п’едэстала не абышлося. Шмат калектываў атрымалі дыпломы ўдзельнікаў фестывалю “Пеўчае поле”, астатнія падзялілі прызавыя месцы. Прыемна, што сярод іх з дыпломам ІІІ ступені аказаліся і нашы землякі — Народны вакальны ансамбль “Натхненне” выкладчыкаў Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Таццяны Будкевіч. Галоўны ж прыз фестывалю — Гран-пры — атрымаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь, народны хор “Крыніца” Столінскага гарадскога Дома культуры.
Закончылася свята феерычным выступленнем Нацыянальнага акадэмічнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча. Звонкія раздольныя песні, энергічныя танцы, яркія і шыкоўныя касцюмы — усё гэта стварала выдатны настрой і пакінула незабыўныя ўражанні ад сустрэчы з нашай народнай спадчынай. Словы падзякі кіраўніку калектыву Міхаілу Дрынеўскаму і артыстам за падоранае выступленне ад усіх прысутных у зале выказала намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Яна пажадала “вядучаму калектыву нашай краіны” плённай працы і творчага даўгалецця яшчэ не на адно дзесяцігоддзе.
Самыя лепшыя ўражанні ад фестывалю засталіся ў яго ўдзельнікаў. Напрыклад, спявачкі народнай вакальнай групы “Рэчанька” Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў адзначылі высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства. Асабліва спадабаўся ім пралог цырымоніі адкрыцця фестывалю, падчас якога калектывы ў найпрыгажэйшых касцюмах з розных бакоў ручаінкамі “сцякаліся” да падножжа святочнай сцэны. Жанчыны былі ўражаны нашымі краявідамі, возерам Нарач, якое ім давялося ўбачыць упершыню, веліччу нарачанскага касцёла з яго цудоўнай акустыкай. На начлег жанчыны размясціліся ў санаторыі “Нарачанка” (як і астатнія ўдзельнікі мерапрыемства), дзе цудоўна адпачылі. Фестываль аказаўся адным з самых камфортных конкурсаў, дзе прымала ўдзел вакальная група. Жанчыны з задавальненнем зноў прыедуць сюды.

На Рэспубліканскім фестывалі харавога мастацтва “Пеўчае поле” Народны вакальны ансамбль “Натхненне” выкладчыкаў Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Таццяны Будкевіч узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені.

Уразіў фестываль і Мядзельшчына ў цэлым Ірыну Коршун і Алесю Іўлеву з Ушачаў, што на Віцебшчыне. Прафесійны ўзровень
мерапрыемства такі, што можна шмат чаму навучыцца, натхніцца, падглядзець і пераняць. Спадабаўся чысты і акуратны горад, а таксама гасціннасць, з якой сустракалі артыстаў на цудоўнай мядзельскай зямлі.
Як адзначыла падчас фестывалю Стэла Іванова, той, хто любіць песню, хто нясе яе людзям, — добры чалавек. Спяваюць толькі добрыя людзі! І колькі б намаганняў ні каштавала стварыць калектыў, трымаць яго прафесійны ўзровень — гэта таго варта. Таму яе заклік застаецца актуальным на ўсе часы: “Шануйце і беражыце нашу песню!”.
Іна ЯРЧАК.


Фота Аляксандра Высоцкага.



07 лiпеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi Касцёл у Засвіры       Паруснікі                          лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси