Мы — разам!

УРАЧЫСТАСЦІ, прысвечаныя Дню Незалежнасці і Дню вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, распачаліся мітынгам. А адзінаццатай гадзіне на пляцоўцы перад помнікам партызанам і партызанкам зямлі нарачанскай, што ля вёскі Мікольцы, сабраліся прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый. Ветэран Вялікай Айчыннай вайны гэтым разам быў толькі адзін — Мар’ян Аніська.
Мітынг адкрыў старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка:
— Кожная дзяржава імкнецца быць незалежнай. Ідэя нацыянальнай дзяржавы праходзіла чырвонай ніткай праз усе пакаленні беларускага народа. Кожны няпросты перыяд узбагачаў гэту ідэю сваім зместам, захоўваў і мацаваў яе, даваў сілы для новага этапа развіцця. І Беларусь зразумела, што творцам незалежнасці можа быць толькі сам народ, яго воля, калектыўны розум і лідары.

Ёсць такія, хто імкнецца падлічыць, колькі гадоў нашай незалежнасці. Адны вядуць летазлічэнне з Полацкага Княства альбо Вялікага Княства Літоўскага; іншыя, наадварот, загінаюць пальцы і ўспрымаюць нас краінай з 1991 года. Мы не спрачаемся і лічым, што Беларуская ССР у перыяд існавання такой велізарнай дзяржавы, як СССР — важны гістарычны перыяд. І нават тады мы мелі многія атрыбуты беларускай дзяржаўнасці, дзякуючы чаму і быў сфармаваны каркас незалежнай краіны. Так, менавіта тады станаўленню маладой рэспублікі спрыялі масавы энтузіязм, інтэнсіўнае будаўніцтва і культурныя здзяйсненні, якіх так не хапае сучаснасці.
Мы заўсёды памятаем тых, хто перамог вайну і прывёў наш край да незалежнасці. Сярод іх Героі Савецкага Саюза Пётр Міронавіч Машэраў, Ганна Іванаўна Маслоўская, Аляксандр Сямёнавіч Азончык, Алег Сяргеевіч Бычак, Валянцін Леанідавіч Няклюдаў і многія іншыя. Мы з удзячнасцю ўспамінаем франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў, якія ў гады суровых выпрабаванняў зрабілі ўсё для Перамогі. Мы заўсёды будзем бясконца ўдзячныя вам, дарагія ветэраны, за стойкасць, адданасць Радзіме і вернасць сваёй зямлі.
Наш народ пераадолеў жахі Вялікай Айчыннай вайны, інтэрнацыянальных войнаў, катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Было цяжка. Здавалася: бязвыхаднае становішча. Але мы не апусцілі рукі і ліквідавалі найцяжэйшыя наступствы. І працягваем жыць і працаваць, ствараць сваю будучыню. Многае зроблена, уключаючы газіфікацыю, рамонт дарог, будаўніцтва ўстаноў сацыяльнай сферы і новых кватэр для нашых землякоў, неабходных сучасных комплексаў і ферм. Навучэнцы нашай гімназіі ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах па ІТ-тэхналогіях, абараняючы гонар Мінскай вобласці. Выхаванцы СДЮШАР раёна Антон Смолка, Максім Лаўрынайць і Ілья Дземяшкевіч ужо другі год запар пацвярджаюць лідарства ў Спартакіядзе дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ Рэспублікі Беларусь.
Сучаснае жыццё патрабуе ад нас інтэнсіўнасці, хуткасці прыняцця рашэнняў, рашучых учынкаў. І нам трэба з гэтым жыццём ісці ў нагу, нават крыху апярэджваючы яго.


Паважаныя кіраўнікі і члены працоўных калектываў, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны! Каб зберагчы мір, мы павінны настройваць сябе і сваіх дзяцей на стваральную працу і добра ведаць урокі гісторыі. Памятайце: ваша Радзіма тут, у незалежнай Беларусі. Менавіта на роднай зямлі нашы таленты могуць раскрыцца і прынесці сапраўднае натхненне для рэалізацыі ідэй і задум, наша зямля і народ заслужылі жыць у мірны час. І мы з вамі абавязаны перадаць незалежнасць рэспублікі нашым праўнукам.
У гэты святочны дзень шчыра жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, аптымізму, новых поспехаў у працы на карысць роднага Мядзельскага краю. Няхай Дзень Незалежнасці заўсёды будзе для нас днём радасці і гонару за родную Беларусь!
Са святам! З Днём Незалежнасці, мядзяльчане!
Пра подзвіг удзельнікаў вайны і ўсяго нашага народу гаварыў старшыня раённых арганізацый Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў і Беларускага Саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Юрый Мяркулаў.
Да помніка партызанам і партызанкам зямлі нарачанскай ўсклалі вянкі і кветкі. Памяць загінуўшых ушанавалі хвілінай маўчання.
Пра неабходнасць сумеснай працы, скіраванай на захаванне і ўмацаванне створанага за гады незалежнасці, нагадаў старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вячаслаў Клімовіч.
Працягнуў урачыстасць невялікі канцэрт.
* * *

Вечарам святкаванне разгарнулася на плошчы Шаранговіча ў райцэнтры. Шматлікія пляцоўкі запрашалі адзначыць галоўнае свята краіны цікава і з карысцю.

Экспазіцыю пра вайну і вызваленне прэзентаваў музей народнай славы, кніжную выставу да юбілею класікаў — цэнтральная раённая бібліятэка. Была прадстаўлена і раённая газета.
Цікавай атрымалася выстава кветкавых кампазіцый, падрыхтаваная прафсаюзнымі пярвічкамі (газавікоў, абодвух банкаў, цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы), а таксама райкамам БРСМ, ветэранскай арганізацыяй і аб’яднаннем прафсаюзаў.
Дзеці і дарослыя ахвотна фатаграфаваліся на фоне тэхнікі, выстраенай на вуліцы 17 верасня. Кормаўборачны камбайн “Джон Дзір” прыехаў сюды з ААТ “Сваткі”, магутныя “Беларусы-3522” з прычапной тэхнікай — з “Пруднікаў-Агра”, “Мядзелаграсэрвісу” і “Мядзельскага аграпрамэнерга”, “МТЗ-952” з граблямі — з “Заняў”. Мікрааўтобусы, фургон, аўтапад’ёмнік і пад’ёмны кран прадставіла прадпрыемства меліярацыйных сістэм, смеццявоз — жыллёва-камунальная гаспадарка.
На спартыўную пляцоўку запрашалі работнікі СДЮШАР і фізкультурна-аздараўленчага цэнтра, на дзіцячую — дашкольных устаноў №3 і №4 райцэнтра.
Свае вырабы прэзентавалі ўмельцы з Крывіцкага клуба самадзейных майстроў, работнікі культуры са Сватак і Лотвы, рамеснікі. Жадаючых падсілкавацца запрашала райспажыўтаварыства.


…Больш як на дзве з паловай гадзіны захапіў увагу гледачоў канцэрт самадзейных артыстаў. Выступіў танцавальны калектыў “Reel”, прагучалі песні ў выкананні Пятра Маўчана, Вольгі Гіршык, Вольгі Буянавай, Вікторыі Багінскай, Наталлі Грузд, Таццяны Івановай, Яна Рубанюка, Вікторыі Ліхач, Таццяны Хрол, Аксаны Вязевіч, Міхаіла Рабікава, вакальнага ансамбля “Рэтра”.
Завяршыліся святочныя мерапрыемствы акцыяй “Спяём гімн разам” і салютам над вячэрнім Мядзелам.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.


Фота Аляксандра Высоцкага.



04 лiпеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства, Культура

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Фотападарожжа

 возера Мястра  06-012 84 wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси