Фацімскае пасланне Марыі — шлях да навяртання”

Штогод паломнікі з Беларусі і ўсяго свету, пераадольваючы сотні кіламетраў пешшу, на веласіпедах і аўтамабілях, імкнуцца ў Будслаў, каб аддаць пашану і аддзячыць Маці Божай Будслаўскай, каб пакланіцца абразу Нябеснай Апякункі Беларусі. Яна нясе спрадвечную праўду дабра, міласэрнасці і любові, дапамагае аб’ядноўваць прадстаўнікоў розных пакаленняў, моладзь і сталых, будучыню і мінулае, наватарства і традыцыю, каб узбагачаць новым зместам сучаснасць. Урачыстасці ў гэтым благаслаўлёным месцы напаўняюць сэрцы гонарам і радасцю за нашу краіну. Фэсты заўсёды праходзяць велічна і ўрачыста. А сёлетні быў асаблівым. Ён спалучаны са святкаваннем 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў і праходзіў пад дэвізам “Фацімскае пасланне Марыі — шлях да навяртання”.

Націраючы мазалі, змагаючыся са спякотай і дажджом, начуючы ў добрых людзей ці проста пад зорным небам, крочылі пілігрымы да Маці Божай Будслаўскай, каб пакланіцца цудатворнаму абразу Маці Божай, папрасіць у Яе Божай ласкі і заступніцтва. Адны ішлі дзень-два, другія — тыдзень і больш. На сваім шляху яны спыняюцца ў касцёлах, дзе разам з мясцовымі парафіянамі спраўляюць імшу ў гонар цудадзейнага абраза. Начуюць па хатах — у вернікаў, якія пажадаюць прыняць іх. У калонах можна бачыць пажылых людзей, моладзь, дзяцей. Мазалі на нагах і стомленасць не ідуць у параўнанне з той радасцю, якая горне душу і сэрца, калі здалёку заўважаеш крыжы велічнага храма. Ура! Ты пераадолеў такі доўгі шлях! Дзякуй Богу! Таму момант уваходу ў Будслаў надзвычай хвалюючы: за плячыма шматлікія кіламетры, фізічная стома, духоўны ўздым, моцная вера і вялікая надзея.


Вітанне прыбыўшых пілігрымак — адзін з цікавых момантаў будслаўскага фэсту. Па традыцыі кожную групу на парозе святыні сустракае кусташ санктуарыя айцец Віктар Бурлака. Не скупіцца ён на словы, каб вітаць стомленых, але радасных падарожнікаў, акрапляе іх асвечанай вадой і запрашае на доўгачаканую сустрэчу з нябеснай Заступніцай. Людзі ўваходзяць у касцёл, каб схіліцца перад абразом Маці Божай Будслаўскай, якая чакае іх, сваіх дзяцей, каб агарнуць бязмежнай любоўю.
Варта адзначыць, што першай сёлета прыбыла пілігрымка з Ракава. 69 чалавек за пяць дзён пераадолелі 135 кіламетраў, каб прыйсці ў Будслаў. Затым адна за адной пачалі прыбываць пілігрымкі. Прадставіць кожную няма магчымасці, бо ўсяго было 21 пешая і чатыры веласіпедныя пілігрымкі. І ўсё ж назаву некаторыя. Дзевяць дзён, 293 кіламетры, 267 удзельнікаў у дваццаць чацёрты раз. Гэта характарыстыка пешай пілігрымкі Баранавічы — Будслаў. Акрамя таго, на веласіпедах з Баранавіч прыехалі 22 чалавекі. Пілігрымка Ліда — Будслаў пераадолела за дзевяць дзён шлях у 250 кіламетраў. Асобна хочацца сказаць пра сямейную пілігрымку, якую арганізоўвае беларуская суполка Маці Божай сямейнага міжнароднага руху “Equipes Notre-Dame”. Гэта пілігрымка крочыць з Пузыроў у Будслаў. Сёлета яна аб’яднала 180 удзельнікаў. Тры пілігрымы прыбылі ў Будслаў пад сэрцам сваіх маці. Упершыню 19 чалавек пешшу прыйшлі з Бягомля. Сярод іх былі людзі, якія пераадолелі алкагольную і наркатычную залежнасці. Узначаліў пілігрымку айцец Тадэвуш Кавальскі, душпастыр Цэнтра дапамогі залежным ад алкаголю і наркотыкаў «Светач» у Бягомлі. Уразіла і пакутная пілігрымка з Мінска, якую ўзначальваў пробашч Мінскага касцёла Святых Сымона і Алены ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк (удзельнікі, а іх 60 чалавек, на працягу ўсіх 4 дзён шляху захоўвалі сціслы пост — ужывалі толькі хлеб і ваду). На майках, сцягах, хусцінках і бэйджах удзельнікаў былі пазначаны Віцебск, Мёры, Глыбокае, Паставы, Ракаў, Жодзіна, Барысаў, Гудагай, Нарач, Ліда, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка і іншыя населеныя пункты нашай краіны. Гэта сведчыць, што фэст у Будславе аб’ядноўвае людзей з усіх куточкаў Беларусі.


У 18 гадзін распачалася святая Імша з удзелам пілігрымаў, якую цэлебраваў ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Але напачатку Імшы да пілігрымаў звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён падзякаваў усім за прысутнасць і дадаў, што найкарацейшы шлях да Езуса — праз Марыю.
Гамілію да прысутных скіраваў біскуп Алег Буткевіч. Асаблівую ўвагу іерарх звярнуў на давер да Маці Божай і ўменне слухаць Бога і людзей. Ён прыгадаў падзеі 100-гадовай даўніны ў Фаціме, калі Маці Божая аб’явілася тром пастушкам.
— Марыя прасіла маліцца аб навяртанні. Але свет яе не паслухаў. Мы павінны вучыцца ў Марыі слухаць іншага чалавека, — зазначыў іерарх.
Пасля Імшы адбыўся Акафіст у выкананні хору грэка-католікаў у Беларусі, Марыйныя Нешпары, рахунак сумлення, музычная пастаноўка.
Апоўначы перад будслаўскай святыняй адбылася святая Імша, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Але спачатку людзі з запаленымі свечкамі абыходзяць цэнтральную плошчу і вяртаюцца да касцёла. Нібы жывая вогненная рака плыве перад базілікай. Гэта прыгожы і велічны момант, які абавязкова трэба пабачыць на свае вочы, каб адчуць урачыстасць свята Маці Божай Будслаўскай. Святары, сёстры законныя і вернікі прайшлі ў працэсіі са свечкамі. Відовішча, якое заварожвае: ноч, цемра, а ў ёй пад прыгожы спеў рухаюцца сотні кропачак-агеньчыкаў, і над усім гэтым велічна ўзвышаецца касцёл. Гэта начная працэсія сёлета прайшла з фігурай Маці Божай Фацімскай, 100-годдзе аб’яўленняў якой адзначаецца ва ўсім свеце.
Вітаючы прысутных на начной Імшы, арцыбіскуп Габар Пінтэр адзначыў, што прыбыў на ўрачыстасць як прадстаўнік Святога Айца, які падчас наведвання Фацімы адзначаў: «Я жадаю прыйсці да Божай Маці, ахвяруючы Ёй у дар самыя прыгожыя «кветкі», якія Езус даверыў маёй пастырскай апецы, гэта азначае — братоў і сясцёр ва ўсім свеце, збаўленых Яго крывёю, не выключаючы нікога».
На завяршэнне гаміліі іерарх дадаў: «Шчыра жадаю, каб мы ўсе навучыліся любіць Бога і абвяшчаць Божую любоў іншым так, як гэта рабілі Марыя, Францішак, Ян Боска — не словамі, а ўчынкамі, штодзённым уласным жыццём! Маці Будслаўская, апякуйся намі!».
Імша закончылася, але храм не апусцеў. У дзве гадзіны ночы распачалася святая Імша грэка-каталіцкага абраду, затым — адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, Гадзінкі да Маці Божай, святая Імша перад абразом Маці Божай, якую цэлебравалі айцы-бернардынцы і г. д. У палатачным гарадку была наладжана маладзёжная евангелізацыйная праграма «Пілігрым пілігрыма зразумее», падчас якой нястомная моладзь радасна праслаўляла Бога спевамі і танцамі.


1 ліпеня апошняя святая Імша, якую цэлебравалі біскупы Беларусі на чале з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, пачалася ў адзінаццаць гадзін. Святочная літургія, кульмінацыя будслаўскіх урачыстасцей, распачалася працэсіяй духавенства да алтара, усталяванага перад святыняй.
Іерарх ахвяраваў святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх вернікаў, прысутных на ёй, і асабліва ў інтэнцыі нашай радзімы — Беларусі.
— Фацімскае пасланне адносіцца перш за ўсё да барацьбы атэістычнай сістэмы супраць Касцёла. Яно прадстаўляе жудасны пераслед веры і пакуты яе сведкаў у мінулым стагоддзі, якое стала іх крыжовым шляхам, — зазначыў арцыбіскуп, нагадаўшы, што 80 гадоў таму ў 1937 годзе распачаўся вялікі тэрор, у выніку якога былі замучаны тысячы нявінных людзей, у тым ліку і ў Беларусі.
Падчас малітвы Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў Маці Божую дапамагаць беларускім католікам заставацца вернымі заўсёды актуальным Фацімскім заклікам да малітвы і навяртання і належным чынам выкарыстоўваць новыя магчымасці для духоўнага адраджэння, якія нам дае дар свабоды веравызнання.
— Маці Божая, благаславі нас і нашу Радзіму! — такімі словамі закончыў сваю гамілію Тадэвуш Кандрусевіч.


З прамовай да прысутных звярнуўся таксама Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, які ўпершыню за час свайго служэння ў Беларусі наведаў Нацыянальны санктуарый.
— Мне хочацца зноў і зноў паўтараць разам з вамі: на Беларусі Бог жыве..! На Беларусі Бог жыве…! На Беларусі Бог жыве..! — так нунцый падсумаваў свае ўражанні за два дні, праведзеныя ў Будславе.
На заканчэнне Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч выказаў словы падзякі ўсім, хто ўдзельнічаў у свяце, хто яго арганізоўваў і садзейнічаў правядзенню. Асобна арцыбіскуп выказаў словы ўдзячнасці мясцовым уладам, а таксама жыхарам Будслава і тых вёсак, якія сустракалі пілігрымаў, давалі ім прытулак ці кубак халоднай вады.
Перад заканчэннем Імшы і ўдзяленнем благаслаўлення адбылася ўрачыстая працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай вакол парку. У ёй прынялі ўдзел усе іерархі, святары, сёстры законныя, а таксама многія вернікі. Урачысты настрой малітоўнага шэсця падтрымліваўся яшчэ і цудоўным спевам хору.
…Вось і закончыліся ўрачыстасці. Разыходзіліся людзі. Развітальна махаючы рукамі, пакідалі аграгарадок веласіпедысты. Вернікі развітваліся з Будславам, каб зноўку жыць чаканнем сустрэчы, якая адбудзецца праз год.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.


Фота Аляксандра Высоцкага.



04 лiпеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Духоўнасць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры       Паруснікі                          лебедзі на Мястры 06-012

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси