З пасяджэння райвыканкама

ЛЕПШ ЗА ЎСЁ – АПЯРЭДЖВАЦЬ ВЫТВОРЧЫ ТРАЎМАТЫЗМ

ШТОДЗЕНЬ тысячы людзей у нашым азёрным краі накіроўваюцца раніцай на свае рабочыя месцы. І вельмі важна, каб усе яны вярталіся вечарам дадому жывымі і здаровымі, дзе іх чакаюць родныя і блізкія. Трагедыі нікому не патрэбныя! І каб іх не адбывалася, у арганізацыях паўсюдна павінны быць на належным узроўні як ахова працы, так і прадухіленне вытворчага траўматызму. Менавіта гэта пытанне і разглядалася ў мінулую пятніцу на чарговым пасяджэнні райвыканкама. У яго рабоце прыняў удзел галоўны спецыяліст упраўлення капітальнага будаўніцтва і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Хорсеў. Адзначу, што размова вялася патрабавальная, без усялякіх прыхарошванняў. З дакладам па азначанай тэме выступіла намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Для нагляднасці ён суправаджаўся слайдамі і здымкамі, на якіх адлюстроўваліся розныя парушэнні тэхнікі бяспекі на фермах, машынных дварах гаспадарак, выяўленыя ў ходзе праверак. Акцэнт рабіўся на тое, што ў прадухіленні няшчасных выпадкаў і аварый, узмацненні прафілактыкі прафесійных захворванняў і вытворчага траўматызму, стварэнні бясшкодных і бяспечных для людзей умоў працы павінны быць зацікаўлены не толькі дзяржава, але і наймальнікі, самі работнікі, бо на першым месцы ў грамадстве — жыццё і здароўе чалавека.
Меры, якія прымаюцца ў раёне па паляпшэнні аховы працы, даюць прыкметны плён. Так, за мінулы год у параўнанне з папярэднім агульная колькасць выпадкаў вытворчага траўматызму зменшылася ў два разы. Сёлета за пяць месяцаў зарэгістраваны толькі адзін, які не адносіцца да катэгорыі цяжкіх. Тым не менш, расслабляцца не даводзіцца. Не выпадкова ж у народзе кажуць: усё ладна, пакуль добра заканчваецца. Практыка сведчыць, што нярэдка трагедыі адбываюцца, як кажуць, на роўным месцы, нечакана-негадана. Дастаткова ўзгадаць тыя з іх, якія здарыліся раней у таварыствах “Пруднікі-Агра” і “Мядзельскае аграпрамэнерга”. У першым выпадку жывёлавод на комплексе “Княгінін” сярод белага дня паспяшаўся па вузкім праходзе паміж трактарам з кормараздатчыкам і кармушкамі да дзвярэй, якія самаадвольна зачыняліся, каб прытрымаць іх, і тэхніка магла без перашкод выехаць з памяшкання. Аднак добрае ўвогуле памкненне закончылася бядой: механізатар гаспадаркі, не пераканаўшыся ў адсутнасці побач з прычапным агрэгатам людзей, неразважліва ўключыў перадачу. Кормараздатчык зачапіў плячо жывёлавода, той упаў, а яго нага патрапіла пад кола. У выніку — пералом унутранай шчыкалаткі левай галёнкі. Сур’ёзных праблем хапіла многім: і непасрэдным удзельнікам інцыдэнту, і кіраўніцтву. Гэты выпадак яшчэ раз пераконвае ў тым, што лепш за ўсё сур’ёзна працаваць на апераджэнне вытворчага траўматызму, чым потым бездапаможна разводзіць рукамі.
Нічога не прадказвала бяды з раніцы ў другі дзень лістапада мінулага года і ў “Мядзельскім аграпрамэнерга”. Аднаму з вадзіцеляў далі заданне замяніць на аўтамабілі “ГАЗ-3110” летнія шыны на зімовыя. Звычайная справа, якая не патрабуе нейкай асаблівай кваліфікацыі. І ўсё б яно завяршылася добра, але для адкручвання балтоў на колах шафёр выкарыстоўваў не толькі адпаведную старчковую металічную галоўку з падаўжальнікам. У якасці ўзмацняльніка прымянялася яшчэ і металічная труба. Пры адкручванні аднаго з балтоў пераходная металічная галоўка не вытрымала націску і разляцелася на кавалкі, адзін асколак, і трэба ж такому здарыцца, трапіў акурат пад правае вока вадзіцелю, прычыніўшы сур’ёзную траўму. У ходзе расследавання было высветлена, што прычынамі вытворчай траўмы з цяжкімі наступствамі сталі допуск да работы шафёра, які не прайшоў ва ўстаноўленым парадку стажыроўку з наступнай праверкай ведаў па пытаннях аховы працы, і адсутнасць у інструкцыі па ахове працы патрабаванняў аб забароне падаўжаць гаечныя ключы другімі, трубамі і іншымі дадатковымі рычагамі пры адкручванні і закручванні гаек і балтоў. Устанавілі і вінаватых: начальніка цэха таварыства, які дапусціў да работы па зняцці колаў вадзіцеля, не прайшоўшага ва ўстаноўленым парадку стажыроўку з наступнай праверкай ведаў па пытаннях аховы працы, і галоўнага інжынера — не забяспечыў распрацоўку і перагляд інструкцыі па ахове працы, навучанне, стажыроўку, інструктаж і праверку ведаў падначаленага персаналу па ахове працы…
На жаль, з належнымі вывадамі з такіх выпадкаў пакуль спяшаюцца далёка не ўсюды. Пацвярджэнне таму і акты, пратаколы супрацоўнікаў Маладзечанскага міжраённага аддзела Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы, якія правялі за мінулы год у арганізацыях раёна звыш двух дзясяткаў праверак. Пры гэтым выяўлена ажно 386 парушэнняў заканадаўства аб працы і яе ахове, 196 чалавек адхілены ад работы. Найбольш часта канстатуецца не забеспячэнне вяскоўцаў у поўным аб’ёме сродкамі індывідуальнай аховы, іх допуск да выканання вытворчых задач з павышанай небяспекай без навучання, стажыроўкі, інструктажу. З таварыстваў тут “вызначыліся” “Зані”, “Слабадская зара”, “Занарацкі”…
Як праінфармавала Іна Іванаўна, куды больш аналагічных праверак на рахунку мабільнай групы райвыканкама — абследавана 146 аб’ектаў, выяўлены 2102 парушэнні. Больш за палавіну з іх — у аграпрамысловым комплексе. І вельмі крыўдна, калі хібы ў арганізацыях паўтараюцца з месяца ў месяц. Бачна, яшчэ не ўсе ўсведамляюць, што за ігнараваннем патрабаванняў аховы працы стаяць трагедыі, а вінаватым пагражае адміністрацыйная адказнасць і штраф у памеры ад пяці да сарака базавых велічынь. Якія ж канкрэтна небяспечныя парушэнні, што могуць прывесці да бяды, выяўляюцца на месцах найбольш часта? У прыватнасці, выкарыстанне пад тэхніку ў якасці падставак, якая рамантуецца, выпадковых прадметаў. Шэсць такіх парушэнняў зафіксавана ў таварыстве “Слабадская зара”, пяць — “Зані”, чатыры — “Будслаўскае”, тры — “Пруднікі-Агра”. Нічога добрага не абяцае і допуск людзей да работы без сродкаў індывідуальнай аховы: “Слабадская зара” і “Свір-Агра” — па шэсць выпадкаў, “Зані” і “Сваткі” — па пяць, “Будслаўскае”, “Мядзелаграсэрвіс” і “Дзягілі” — па чатыры і “чэмпіён” “Занарацкі” — сем. А яшчэ допуск у эксплуатацыю машын, механізмаў і абсталявання са знятымі ахоўнымі кожухамі ці агароджваннем, выкарыстанне лесвіц, якія не прайшлі выпрабаванне, адсутнасць у вытворчых памяшканнях пярвічных сродкаў пажаратушэння, выпуск на лінію транспартных сродкаў без тэхагляду альбо адпраўка вадзіцеляў у рэйс, якія знаходзяцца ў нецвярозым стане, адсутнасць на варотах надзейных устройстваў для іх фіксацыі ў адкрытым стане, ігнараванне спецыялістамі па ахове працы і кіраўнікамі шэрагу арганізацый патрабавання наконт праходжання работнікамі абавязковых медаглядаў…
Не на карысць справе і той факт, што штаты таварыстваў “Мядзелаграсэрвіс”, “Занарацкі”, “Свір-Агра”, санаторыя “Нарачанка” не ўкамплектаваны вызваленым спецыялістам па ахове працы, хаця ў гэтых арганізацыях і налічваецца больш, чым па сто чалавек. Бадай, можна лічыць не зусім правільным падыходам і тое, што нідзе для работнікаў, якія не дапускаюць парушэнняў вытворча-тэхналагічнай, выканальніцкай і працоўнай дысцыпліны, не ўстаноўлены дадатковыя выплаты стымулюючага характару. А на ўхіленне існуючых недахопаў у сферы аховы працы накіравана разгорнутае рашэнне райвыканкама, прынятае на пасяджэнні. Згодна з ім, на Мядзельшчыне, што і прадугледжана ў адным з пунктаў, у аграпрамысловым комплексе з 1 ліпеня па 1 жніўня пройдзе месячнік “Уборачная кампанія — без траўматызму!”.

***

АД ЗБАЖЫНЫ ЎЖО ВЕЕ ЖНІВОМ

НА палях азёрнага краю, апрача крыжакветных, насеннікаў шматгадовых траў, грэчкі і проса, спеюць 15822 гектары збожжавых і зернебабовых. Для іх уборкі плануецца задзейнічаць 78 камбайнаў. Гатоўнасць “стэпавых караблёў” складае пакуль 42 працэнты, многія патрабуюць дробнага рамонту, замены рабочых органаў. Такія лічбы прывёў у сваім выступленні выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Уладзімір Дытко пры абмеркаванні на пасяджэнні гатоўнасці таварыстваў азёрнага краю да жніва-2017. Сярэдняя нагрузка на камбайн не такая і вялікая — 238 гектараў. Традыцыйна найбольшая яна ў таварыствах “Пруднікі-Агра” і “Сваткі”, СГФ “Дзягілі”. Тым не менш, у другім з іх жніво заўсёды праходзіць арганізавана і ў сціслыя тэрміны, з важкімі намалотамі. Заклапочвае хутчэй іншае: дзе-нідзе не спяшаліся прыступаць да рамонту камбайнаў, таму і да лінейкі гатоўнасці ім далекавата. Такая пазіцыя даволі рызыкоўная, бо многіх хлебаробаў неўзабаве пакліча ў поле азімы рапс, які займае больш за 1650 гектараў. А гэта культура чакаць не будзе. Варта хоць крыху прамарудзіць з уборкай і недабор ураджаю гарантаваны. Яўная неразваротлівасць з падрыхтоўкай да жніва праглядваецца па таварыствах “Мядзелаграсэрвіс”, “Слабадская зара”, “Зані”, “Пруднікі-Агра”.
Адметна тое, што як толькі называлася нейкае з іх, дзе выяўлены недахопы, яго кіраўніку даводзілася трымаць справаздачу. І не толькі па рамонце збожжаўборачнай тэхнікі, але і колькі неабходна грошай на набыццё запчастак і якія крыніцы фінансавання па гэтым артыкуле расходаў, па гатоўнасці сушыльнай і вагавай гаспадарак, складскіх памяшканняў… Карацей кажучы, актуальнае пытанне разглядалася ў комплексе па ўсім цыкле работ на жніве. Па кожным з пунктаў-даручэнняў устанаўліваліся канкрэтныя тэрміны выканання. Першымі “экзаменавалі” кіраўнікоў вышэйпералічаных гаспадарак: Віктара Цэлагуза, Сяргея Роўду, Уладзіміра Шмару, Аляксандра Дзяконскага, а за імі — і ўсіх астатніх.
З мэтай папярэджання няшчасных выпадкаў, звязаных з вытворчасцю, захавання правілаў пажарнай бяспекі і дарожна-транспартнай дысцыпліны непасрэдна перад пачаткам уборачных работ плануецца правесці навучальны семінар з галоўнымі інжынерамі гаспадарак з прыцягненнем спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, раённых аддзела па надзвычайных сітуацыях, інспекцыі “Энерганагляд”, упраўлення райсельгасхарчу. А выключэнню выпадкаў допуску да эксплуатацыі збожжаўборачных камбайнаў, машын і агрэгатаў, якія ўяўляюць пагрозу бяспечнай рабоце, паспрыяе праверка раённых інспекцый Дзяржтэхнагляду, Дзяржпажнагляду і ўпраўлення райсельгасхарчу з афармленнем актаў устаноўленага ўзору.
У прынятым па гэтым пытанні рашэнні ад кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый раёна патрабавана да 5 ліпеня завяршыць рамонт збожжаўборачных камбайнаў, збожжаачышчальных комплексаў і прыняць іх па актах. Намечаны таксама цэлы шэраг мер па эфектыўнай рабоце ўдзельнікаў жніва, забеспячэнні іх медабслугоўваннем, спецвопраткай і сродкамі індывідуальнай аховы, гарачым харчаваннем, па разгортванні спаборніцтва і заахвочванні пераможцаў. Для эканоміі паліва і зніжэння затрат на перагон тэхнікі рэкамендавана арганізаваць яе знаходжанне ў начны час непасрэдна ў полі, не забыўшыся пра надзейную вартавую ахову. Наколькі можна меркаваць, прынятыя меры дазволяць на высокім арганізацыйным узроўні правесці жніво-2017 і сабраць сёлета, як і запланавана, звыш 41 тысячы тон збожжавых і зернебабовых у свірнавай вазе пры сярэдняй ураджайнасці 26 цэнтнераў з гектара, паспяхова справіцца з даведзеным заказам па продажы хлеба дзяржаве.

Павел ЖУКАЎ.



04 лiпеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў З пасяджэння райвыканкама

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

возера Глубелька возера Мястра Рэчка Нарачанка        Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси