Калектыў экстра-класа

ЖЫВЁЛАВОДЫ фермы «Лотва» ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга» зараз дояць ад каровы па 19,65 кілаграма малака. Гэты паказчык перавышае адпаведны мінулагодні больш чым на два кілаграмы. Таварнасць малака складае 96,4 працэнта. Больш за тое, усю прадукцыю рэалізуюць класам «экстра». За кошт чаго ўдаецца дабівацца такіх высокіх вытворчых паказчыкаў? Гэта і паспрабаваў высветліць падчас наведвання таварыства. Упраўляючая сельскагаспадарчай вытворчасці Марына Сіўчак расказала, што асноўнымі складаемымі росту вытворчых паказчыкаў з’яўляюцца добрая кармавая база (выдатная паша), строгае захаванне тэхналагічных патрабаванняў і адпаведная селекцыйная работа.
— Але галоўнае наша багацце — людзі. Жывёлаводы з адказнасцю адносяцца да даручанай справы. Практычна не бывае парушэнняў працоўнай дысцыпліны, што вельмі важна. А калі ўсё ладзіцца, то і вынікі не прымушаюць сябе чакаць, — кажа Марына Анатольеўна.
З далейшай размовы даведаўся, што на ферме ўтрымліваецца больш за 710 галоў буйной рагатай жывёлы: цяляты, каровы на адкорме, цялушкі. А вось дойны статак налічвае 285 кароў. Ён падзелены на два гурты. У адным знаходзяцца высокаўдойныя каровы, якія нядаўна ацяліліся. Іх дояць тры разы на дзень. Для кароў другога гурта — двухразовая дойка.
— Клопатаў жывёлаводам хапае. Ранішняя дойка пачынаецца ў 7 гадзін і заканчваецца ў 9. Днём рагуль дояць з 12 да 14 гадзін. А вечарам зноў жанчыны спяшаюцца на ферму, бо з 19 да 22 гадзін — вячэрняя дойка, — працягвае расказ упраўляючая сельгасвытворчасці. — Цялятніцы, слесары, даглядчыкі, даяркі — усе стараюцца ўнесці асабісты ўклад у агульную справу, каб павысіць вытворчыя паказчыкі. Бо менавіта ад гэтага залежыць і велічыня заробку.


— Каго з жывёлаводаў вы хочаце адзначыць? — пытаюся ў Марыны Анатольеўны.
— Ды літаральна пра кожнага можна казаць толькі самае добрае. Вось, напрыклад, адна з лепшых даярак Кацярына Пятровіч. Яна ў нас лічыцца старшай даяркай, адсочвае, якая карова хворая, асобна яе доіць, займаецца сартаваннем жывёлы. Працавітасцю, дысцыплінаванасцю і стараннем вызначаецца і яе сястра Вольга Хвашчэўская. Больш чым па пятнаццаць гадоў яны ў жывёлагадоўлі, — чую ў адказ. — Сумленна працуюць даяркі Галіна Вярцінская і Кацярына Чазава. Для іх гэта справа таксама не новая. Хачу адзначыць і слесараў, якім таксама заўсёды хапае работы, але яны з ёй паспяхова спраўляюцца. Гэта Сяргей Мінько і Уладзімір Вярцінскі. Талковыя хлопцы. Яны разумеюць, што ад іх старання ў многім залежыць якасць малака. Таму і робяць усё магчымае, каб абсталяванне было чыстым і працавала бездакорна. Увогуле, чысціні і парадку на ферме надаецца асаблівая ўвага. Гэтага патрабуе дырэктар таварыства Віктар Васілевіч, які па некалькі разоў на дзень наведваецца і на ферму, і на пашу. Для Віктара Мікалаевіча ферма — стратэгічны аб’ект. З яе, можна сказаць, ён пачынае свой працоўны дзень, ёй і заканчвае. Строгае захаванне тэхналогіі, падтрыманне належнай санітарыі, штодзённая ачыстка памяшкання, подсціл здробненай саломай, для чаго выкарыстоўваем здрабняльнік рулонаў «Tomahawk», сталі звыклай справай. У нас няма праблем з мыючымі сродкамі, фільтрамі. А гэта ўплывае на якасць малака. Таму ўся прадукцыя з фермы паступае на перапрацоўку класам «экстра», што забяспечвае дадатковыя фінансавыя паступленні ў касу таварыства.
Цёпла, з душой гаварыла Марына Анатольеўна пра механізатара Антона Вайцюляна, які раздае падкормку раніцай, у абед і вечарам. Прыходзіць жывёла з пашы, а ў кармушках ляжыць «зялёнка». Раніцай пакуль ісці на пашу, каровы зноў-такі, як кажуць, паснедаюць.
— Не было такога выпадку, каб жывёла засталася ненакормленай. У любое надвор’е, у будны ці выхадны дзень Антон заўсёды на пасту, — дадае суразмоўца. — Адказная справа даручана і механізатару Івану Фясько. Штодзённа ён адпампоўвае вадкую фракцыю гною з фермы і дастаўляе ваду на пашу.
Папрасіла ўпраўляючая адзначыць пастухоў Уладзіміра Папка, Мікалая Рогача, Канстанціна Чазава, Вячаслава Рабцава, якія добрасумленна выконваюць даручаную справу. Стараннем вызначаюцца цялятніцы Таццяна Жытарава і Вікторыя Цяляк.
На ўзроўні пастаўлена і селекцыйная работа. На ферме мэтанакіравана працуюць па абнаўленні статка. Старых кароў выбракоўваюць, а на іх месца ўводзяць высокапрадуктыўных першацёлак. Тэхнік-асемянатар Алена Крывенькая, са слоў Марыны Анатольеўны, таксама заслугоўвае за высокі прафесіяналізм шчырых слоў падзякі.
— Сёлета з пачатку года пакрыты 243 каровы. Летась гэты паказчык складаў толькі 198. За шэсць месяцаў атрымана больш за 240 цялят. Гэта вынік руплівай працы Алены Іванаўны. Пры неабходнасці яна і лечыць жывёлу, — кажа ўпраўляючая.
Не забылася яна адзначыць дзённых вартаўнікоў Эму Каралёву і Зою Пашкевіч, а таксама начнога вартаўніка Яўгена Рогача. Менавіта ён у начны час прымае ацёлы, поіць нованароджаных цялятак малодзівам.


Ля фермы можна бачыць клумбы прыгожых кветак.
— Чый гэта клопат? — пытаюся ў Марыны Сіўчак.
— У свой час калектыў работнікаў фермы ўзначальвала Ядвіга Багусевіч. Вось тады і была закладзена ўся гэта прыгажосць. А зараз жывёлаводам на чале з загадчыцай Ганнай Базарэвіч застаецца толькі яе падтрымліваць, — чую ў адказ.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках: слесар Уладзімір Вярцінскі і яго жонка Галіна, якая працуе даяркай; механізатар Антон Вайцюлян; цялятніца Вікторыя Цяляк, дзённы вартаўнік Эма Каралёва, даяркі Кацярына Чазава і Вольга Хвашчэўская.
Фота Аляксандра Высоцкага.



30 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

img_4257 223_ Царква ў Крывічах возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси