У ПРЫЯРЫТЭЦЕ – ЛАД У СЯМ’І І ПАРАДАК НА ЗЯМЛІ

НА сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая адбылася ў мінулую пятніцу, разгледжаны тры пытанні. І ўсе яны ў нашым паўсядзённым жыцці актуальныя: ход выканання на Мядзельшчыне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нешчаслівых сем’ях”, плана мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў, а таксама наконт замацавання тэрыторый за арганізацыямі і ўстановамі азёрнага краю. Па першым з іх з дакладам, багата дапоўненым слайдамі, выступіла намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Як праінфармавала Іна Іванаўна, задачы, пастаўленыя перад органамі і арганізацыямі, далучанымі да рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта № 18 па забеспячэнні правоў і інтарэсаў дзяцей, у цэлым выконваюцца. На вялікі жаль, ёсць і такія сем’і, дзе яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Апошнім часам у раёне прыярытэтным становіцца ранняе выяўленне праблемных “ячэек грамадства”, за імі паўсюдна замацаваны адказныя асобы, уключаючы прадстаўнікоў дэпутацкага корпуса, якія займаюцца прафілактычнай работай. Агульнымі намаганнямі ўсіх зацікаўленых сфарміравалася сістэма міжведамаснага ўзаемадзеяння па прыняцці пры неабходнасці рашэнняў аб прызнанні дзяцей маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Штотыднёва праводзіцца і акцыя “Сям’я без насілля”, накіраваная на выкараненне негатыўных з’яў. Згодна са статыстыкай, на пачатак чэрвеня ў раёне налічвалася 88 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Пражываюць яны ў сарака дзевяці сем’ях.
Адным з рычагоў уздзеяння на павышэнне адказнасці бацькоў за выхаванне сваіх нашчадкаў з’яўляецца пакрыццё імі сродкаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Прытым, прагледжваецца тэндэнцыя па паляпшэнні сітуацыі са спагнаннем фінансавай запазычанасці з тых, хто завінаваціўся ў бюджэт. Быў час, і не такі ўжо далёкі, калі раён па гэтым паказчыку знаходзіўся ў вобласці на апошніх месцах. Зараз Мядзельшчына прыкметна падцягнулася да сярэдзіны “турнірнай табліцы”. Узровень працаўладкавання абавязаных асоб — стопрацэнтны. Тым не менш, праблем рознага кшталту хапае. Дастаткова сказаць, што з шасцідзесяці шасці абавязаных асоб толькі дзве пакрываюць расходы на ўтрыманне іх дзяцей добраахвотна. Некаторыя не вельмі жадаюць і рабіць, дапускаюць прагулы, парушаюць працоўную дысцыпліну. Таму і “прыстроіць” такіх у жыцці бывае, ой, як няпроста. Вось толькі адзін прыклад. У снежні мінулага года ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама паступіла пастанова наконт спагнання расходаў на ўтрыманне дзяцей з абавязанай асобы К. Адтуль неаднаразова накіроўваліся пісьмы ў РАУС аб дастаўцы К. з дакументамі, якія сведчаць асобу, для рэгістрацыі і аказання садзейнічання ў працаўладкаванні. Аказалася, пашпарта ў яе няма, бо згублены. Зняўшы гэта пытанне, 9 студзеня 2017 года К. выдалі накіраванне на працаўладкаванне жывёлаводам у адно з таварыстваў. Аднак яна туды не з’явілася. І толькі ў апошні дзень лютага К. нарэшце выйшла на працу прыбіральшчыцай у райцэнтры, а з 31 сакавіка яе ўдалося перапрацаўладкаваць рабочай на ўнітарнае прадпрыемства “Ілаўскае” з прадастаўленнем жылля. Зразумелая справа, з такімі работнікамі не вельмі жадаюць мець справу і кіраўнікі арганізацый, а тым больш — уладкоўваць іх на адказныя і высокааплатныя пасады.
Практычнымі напрацоўкамі па выкананні патрабаванняў Дэкрэта № 18 падзяліўся і старшыня Занарацкага сельвыканкама Уладзімір Зелянкевіч. Варта адзначыць, што слова яму прадаставілі зусім не выпадкова. З васьмідзесяці васьмі дзяцей раёна, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, ажно дваццаць пражываюць на тэрыторыі гэтага сельскага Савета. Па інфармацыі Уладзіміра Іванавіча, прафілактыкай безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, абаронай іх правоў займаецца Савет грамадскага пункта аховы правапарадку. Створаны ён рашэннем сельвыканкама і працуе ў цесным кантакце з інспекцыяй па справах непаўналетніх аддзела ўнутраных спраў райвыканкама, школамі ў Занарачы, Сырмежы і Старлыгах, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, таварыствам “Занарацкі”. Якія ж асноўныя прычыны таго, што дзеці трапляюць у сацыяльна небяспечнае становішча? Гэта ў асноўным злоўжыванне бацькоў спіртнымі напоямі, не выкананне імі абавязкаў па ўтрыманні і выхаванні, маральным і псіхічным развіцці сваіх нашчадкаў, антысанітарыя ў дамах. Па дзве такія сям’і пражываюць у аграгарадках Сырмеж і Старлыгі, вёсцы Памошша. Здараецца і такое, што пры наяўнасці падстаў, дзеці адбіраюцца ў гора-бацькоў. Тым, хто выпраўляецца і робіць правільныя вывады, іх вяртаюць. Ёсць такія выпадкі і па Занарацкім сельсавеце — сведчанне эфектыўнасці праводзімых гутарак па прапагандзе сямейных каштоўнасцей, прафілактычных мерапрыемстваў. У той жа час відавочна наступнае: нормы Дэкрэта № 18 неабходна задзейнічаць больш поўна, тады і канчатковы вынік будзем мець куды лепшы. Маецца на ўвазе змяншэнне ў рэгіёне колькасці няўдачных сем’яў, падлеткаў, якія пры жывых бацьках вымушаны “туліцца” па розных установах альбо цярпець уціск у роднай хаце з-за іх п’янства, спагнанне ў поўным аб’ёме сродкаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне гаротных дзяцей. Менавіта такая мэта і ставіцца ў прынятым па гэтым пытанні рашэнні сесіі.
Не менш увагі дэпутаты раённага Савета надалі і другому пытанню. З інфармацыі начальніка інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Анатолія Леоніка вынікала, што ў раёне нямала зроблена па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні населеных пунктаў. У прыватнасці, знесена каля дзевяці дзясяткаў старых безгаспадарных пабудоў, найбольш у Княгінінскім сельсавеце (22) і Нарацкім (17). Значныя аб’ёмы работ выкананы таксама ў сельскагаспадарчых таварыствах. Забяспечаны належны санітарны парадак на мехдвары ў Старых Габах, на малочнатаварных фермах у Лук’янавічах і Пузырах. Згодна з планам абсталяваны дзве пляцоўкі для захоўвання зношаных шын, тры — металалому, абгароджаны дзве жывёлагадоўчыя фермы. Ды яшчэ разарана і ўведзена ў гаспадарчы абарот 400 гектараў пустуючых зямель. Але хоць усе мерапрыемствы па навядзенні парадку на зямлі за першыя пяць месяцаў гэтага года ажыццёўлены ў поўным аб’ёме, не абыходзіцца і без недапрацовак.
Пацвярджэннем сказанаму можа быць той факт, што раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за розныя хібы ў пытаннях навядзення парадку на зямлі да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута адзінаццаць кіраўнікоў рознага ўзроўню і пяць юрыдычных асоб. Сума штрафаў склала 2553 рублі. Выдадзена 59 рэкамендацый і 9 прадпісанняў на ўхіленне выяўленых у ходзе маніторынгаў парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Не даводзіцца пакуль гаварыць і пра ўзорны парадак на ўсіх чатырох палігонах цвёрдых адыходаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Як часам і на прыдарожных палосах трас рэспубліканскага і мясцовага значэння. Наўрад ці можна быць задаволенымі і тым, што ў азёрным краі з пераменным поспехам вядзецца барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага, залатарнікам канадскім. Так, першага з іх на тэрыторыі Слабадскога сельсавета, па словах Анатолія Леоніка, больш за два гектары. Прывольна ён сябе адчувае і ў Крывіцкім, Занарацкім сельсаветах. Анатолія Уладзіміравіча дапоўнілі начальнік землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Аляксандр Чарняўскі і загадчык аддзела раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ілья Лабачоў.
Цікавай падалася і грунтоўная справаздача аб праводзімай рабоце на падведамаснай тэрыторыі старшыні Княгінінскага сельскага Савета дэпутатаў Вольгі Галко. На ёй за апошні час нямала зроблена па рамонце вулічна-дарожнай сеткі, укладцы асфальтавага пакрыцця. Тут штогод зацвярджаецца план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні з указаннем тэрмінаў іх рэалізацыі. Рашэннем сельвыканкама за мясцовымі арганізацыямі і ўстановамі замацаваны пятнаццаць могілак, тры помнікі загінуўшым воінам у Вялікай Айчыннай вайне, дзве брацкія магілы, паркі, скверы, месцы агульнага карыстання. Устаноўлены адзіны санітарны дзень, які праводзіцца ў пятніцу. Яго асноўная мэта — уборка несанкцыянаваных звалак, навядзенне парадку на могілках, высечка хмызнякоў. Летась арганізавалі і правялі адзінаццаць суботнікаў, сёлета — ужо восем. Апрача ўсяго іншага, за мінулы год адрамантавалі каля паўкіламетра старой агароджы і паставілі 849 метраў новай…
Наколькі можна меркаваць з рашэння, прынятага сесіяй па гэтым пытанні, выкананне работ па якаснай рэалізацыі мерапрыемстваў і планаў добраўпарадкавання, навядзенні парадку на зямлі, на тэрыторыі населеных пунктаў і жылой забудовы, аб’ектаў абслугоўвання і грамадскіх будынкаў, спартыўных і дзіцячых гарадкоў будзе ўзята пад строгі кантроль. Узмоцніцца і патрабавальнасць да кадраў за захаванне зямельнага і прыродаахоўнага заканадаўства, нормаў санітарнага ўтрымання населеных пунктаў, зон адпачынку, вытворчых тэрыторый…Канкрэтныя задачы пастаўлены перад кіраўніцтвам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, “ДРБУ-133”, “ДЭУ-66”, землеўпарадкавальнай службы, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Заканамерным працягам тэмы навядзення парадку на зямлі з’явілася і афіцыйнае замацаванне за арганізацыямі і ўстановамі раёна тэрыторый, аб’ектаў, вуліц, сквераў і паркаў.

Павел ЖУКАЎ.



23 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў З пасяджэння райвыканкама

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

84 лебедзі на Мястры на Блакітных азёрах        06-043

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси