Дзе стабільнасць — там вынік

Менавіта да такой высновы прыйшла, калі пабывала днямі на ферме “Новікі” ААТ “Сваткі”. З размовы з загадчыцай, даяркамі даведалася, што гэта ферма стабільна займае лідзіруючую пазіцыю па надоях малака па гаспадарцы.
Някепска ідуць справы на сучасным комплексе, дзе ўтрымліваюцца 264 галавы. Тут усе працэсы механізаваны, таму і штат работнікаў невялікі. Дояць кароў у даільнай зале дзве даяркі. Гэта дзве сястры: Святлана Герасімовіч і Ірына Бабровіч. Першая з іх з 2002 года працуе даяркай. Пачынала ў “Няверах”, а калі ўвялі ў дзеянне сучасную даільную залу, перайшла ў “Новікі”. Вопыту ёй не займаць, руплівасці — таксама. Не раз была правафланговай не толькі па сваёй гаспадарцы, але і ў раёне. Ірына на комплексе толькі чатыры месяцы, але таксама вызначаецца стараннасцю, адказнасцю. Трэцяя даярка, Марыя Субач, — падменная. Яна — старажыл жывёлагадоўчай галіны таварыства, чалавек шчыры, добрасумленны.
— У даільнай зале ўсё малако ідзе ў агульную скарбонку, — кажа загадчыца фермы Таццяна Субач. — А таму і паказчык у дзяўчат аднолькавы. Дарэчы, нядрэнны. Так, за 5 месяцаў бягучага года яны атрымалі ў сярэднім ад рагулі па 2941 кілаграму малака, а гэта на 220 кілаграмаў больш, чым мелі на гэты ж перыяд летась. Зараз сярэднясутачны надой малака ад каровы складае 22,3 кілаграма, што амаль на кілаграм больш адпаведнага мінулагодняга паказчыка. Пазаўчора адпраўлена на Нарацкі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” 6170 кілаграмаў малака, прычым усё гатункам “экстра”. Заўважу, што дзве трэці малака, якое прадаецца дзяржаве з МТФ “Новікі”, паступае з даільнай залы.

— Чым вы, Таццяна Віктараўна, растлумачыце такія вынікі? — пацікавілася ў загадчыцы фермы.
— Складаемых поспеху шмат, — пачула ў адказ. — У нас нядрэнная кармавая база. У рацыёне рагуль люцэрна, мука, даём ім таксама сена. Адпаведная работа вядзецца па ўзнаўленні дойнага статка. Выдатным спецыялістам у нас з’яўляецца тэхнік-асемянатар Вольга Усовіч, а таму шмат і ацёлаў. Дарэчы, у Вольгі за мінулы год выхад цялят на 100 кароў і цялушак склаў 118,7%. Даенне абавязкова трохразовае. Безумоўна, вельмі многа дае старанне і руплівасць жывёлаводаў, для якіх створаны добрыя ўмовы працы. Усе, як адзін, людзі адказныя, працавітыя, строга выконваюць вытворчую і тэхналагічную дысцыпліну. Кожны перажывае за сваю работу — таму і вытворчыя вынікі нядрэнныя.
— Сапраўды, калектыў у нас дружны, зладжаны, — дапаўняе загадчыцу Святлана Герасімовіч. — Пры неабходнасці замяняем адзін аднаго, дапамагаем. А самае галоўнае, што ўсе перажываем за даручаную справу, з любоўю адносімся да жывёлы. Узяць хаця б слесара Віктара Свірыду. Ён тут з пачатку адкрыцця даільнай залы. Адказны, шчыры. Акрамя абавязкаў слесара, выконвае яшчэ і абавязкі загоншчыка жывёлы.
Ад Таццяны Віктараўны даведалася, што цялятак ад кароў з даільнай залы з першых дзён з’яўлення на свет да перыяду перадачы на дарошчванне даглядае цялятніца Зоя Купрэвіч, таксама старанная, добразычлівая жанчына. Дзякуючы яе адказным адносінам да даручанай справы захаванасць цялят высокая — 95%.
На старым кароўніку таксама штат укамплектаваны. Там працуюць пяць даярак, слесар, два пастухі, дзённы і начны вартаўнікі. Што датычыць паказчыка, то ён ніжэйшы, чым у даільнай зале. Там за суткі дояць у сярэднім ад каровы 19,2 кілаграма малака. Прычым першынство як па ферме “Новікі”, так і па гаспадарцы ўвогуле ўпэўнена трымае Вольга Густамясава. За 5 месяцаў бягучага года перадавая даярка надаіла ў сярэднім ад кожнай каровы замацаванай за ёй групы па 2989 кілаграмаў малака. У гонар пераможцы каля канторы таварыства ўзняты сцяг працоўнай славы.
— Часта бываюць у нас на ферме спецыялісты гаспадаркі, а таксама старшыня Мікалай Варабей, — працягвае аповед загадчыца фермы. — Цікавяцца справамі, кармленнем, малаком, цялятамі. Даюць слушныя парады. Падабаецца жывёлаводам уважлівае стаўленне кіраўніка да іх паўсядзённых запытаў, яго клопат, падтрымка. Вось і імкнуцца яго не падвесці. Жывуць не толькі сённяшнім днём, але і працуюць на перспектыву.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. Даяркі даільнай залы Ірына Бабровіч і Святлана Герасімовіч; 2. Прадстаўнікі фермы “Новікі”: слесар Віктар Свірыда, загадчыца Таццяна Субач і тэхнік-асемянатар Вольга Усовіч.

Фота Аляксандра Высоцкага.



23 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Фотападарожжа

возера Мястра Касцёл у Шэметава   0-170 _06-040

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси