Здарэнні

Ад крадзенага… працверазееш

БАЧУ мэту — не бачу перашкод. Напэўна, такім прынцыпам кіраваўся жыхар гарадскога пасёлка Крывічы, калі яму ў лістападзе мінулага года ў мясцовай піцэрыі адмовілі даць бутэльку піва ў доўг — ён, скарыстаўшыся жаночай бездапаможнасцю, без дазволу ўзяў яе сам з халадзільніка. А праз некалькі гадзін вярнуўся яшчэ за адной…
Такую б мэтанакіраванасць ды ў канструктыўнае рэчышча! Але ўздзеянне спіртных напояў на чалавека часта прыводзіць да неабдуманых учынкаў, пра якія потым даводзіцца шкадаваць. Так здарылася і на гэты раз.
Дваццацічатырохгадовы крывічанін свой выхадны дзень вырашыў правесці з сябрамі за чаркай-другой. Праз нейкі час спіртныя напоі былі выпіты. Ды толькі маладому чалавеку гэтага падалося мала. І нават адсутнасць грошай, каб набыць дабаўку, не стала для яго перашкодай. Накіраваўся ў піцэрыю. Меркаваў, што знаёмыя работніцы ўстановы не адмовяць у бутэльцы піва ў доўг. Аднак, абслугоўваць п’янага кліента без грошай бармен адмовілася. Хто ж бы падумаў, што ён самым нахабным чынам палезе ў халадзільнік за бутэлькай жаданага напою? Такога павароту сітуацыі работніца ніяк не чакала. Скарыстаўшыся яе замінкай, аматар піва з крадзеным кінуўся наўцёкі. Дагнаць яго жанчына не змагла.
На гэтым бы гісторыі і закончыцца. Але разгарачаны выпітым і абнадзеены лёгкай перамогай, малады чалавек праз нейкі час зноў прыйшоў у піцэрыю за чарговай бутэлькай. Бармен прыстрашыла яго, паабяцаўшы, што выкліча супрацоўнікаў міліцыі. Нахабны кліент прапусціў пагрозы ў свой адрас міма вушэй і зноў памкнуўся да халадзільніка за бутэлькай. На гэты раз жанчына паспела адабраць піва з рук п’янага мужчыны і паведаміла пра здарэнне ў міліцыю.
Шкадаванне пра ўчыненае прыйшло ўжо на наступны дзень разам з працверажэннем. Свае агрэсіўныя паводзіны мужчына тлумачыў выключна лішкам выпітага. Але раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь маладому чалавеку прад’яўлена абвінавачанне па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Яго дзеянні кваліфікаваны як рабаванне і замах на рабаванне. Кропку ў кваліфікацыі дзеянняў выкрадальніка паставіў суд раёна, які прызначыў яму пакаранне ў выглядзе года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

А. ГАЙДАРЖЫ.
Следчы Мядзельскага РАСК, старшы лейтэнант юстыцыі.

 ***

Балаклавы, шпрыцы і манціроўка: затрымалі крымінальны квартэт

Крадзеж з сельскай крамы двое жыхароў Мядзела планавалі старанна і доўга. У саўдзельнікі ўзялі пару 16-гадовых школьнікаў, якія не адрозніваліся прыкладнымі паводзінамі. Аб’ект замаху зламыснікі выбралі таксама невыпадкова: на вокнах гандлёвай кропкі адсутнічалі рашоткі, запорныя прылады былі не самыя надзейныя.
— На промысел злачынцы выйшлі ўначы. Для больш майстэрскай канспірацыі скарысталіся балаклавай, кралі ў пальчатках, каб не пакінуць слядоў, — расказаў першы намеснік начальніка Мядзельскага РАУС Уладзімір Ермаловіч.
У краму зладзеі забраліся праз акно, адціснуўшы шклопакет манціроўкай. Прадукты харчавання, адзенне і спіртное на суму звыш 2000 рублёў вынеслі ў рукзаках і торбах.
— Зладзеям можна было не даць збегчы і затрымаць іх па гарачых слядах, калі б прадаўцы не праігнаравалі СМС-абвестку, якая паступіла на іх тэлефоны пры спрацоўванні GSM-сігналізацыі, — дадаў Уладзімір Ермаловіч.
Пасля злачынства фігуранты адзначылі поспех, падзялілі ўкрадзенае і разышліся. Пальчаткі і балаклаву спалілі.
— Выявіць падазроных удалося дзякуючы аператыўным звесткам і пакінутым слядам на месцы здарэння. У прыватнасці, адзін са зламыснікаў выпадкова разбіў бутэльку з віном, з-за чаго на падлозе засталіся сляды абутку. У наступным у доме аднаго з саўдзельнікаў мы знайшлі кеды, ад якіх застаўся адбітак. А праз некалькі дзён пасля крадзяжу ў зладзеяў засталося толькі спіртное, таму яны абменьвалі выкрадзеныя цыгарэты на бульбу і іншыя прадукты харчавання ў жыхароў Мядзела, — сказаў Уладзімір Ермаловіч.
Маладыя людзі спрабавалі ўсяляк «замесці» сляды. Каля крамы раскідалі нібыта выкарыстаныя шпрыцы, каб падазрэнне пала на мясцовых наркаманаў. Пустую тару ад украдзенага спіртнога падкінулі п’яніцу.
Зараз у дачыненні да фігурантаў распачата крымінальная справа па частцы 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Крадзеж, учынены групай асоб»). Ім пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 4 год.
Следству трэба будзе вызначыць ролю кожнага з удзельнікаў злачынства. Магчыма, старэйшым хлопцам прад’явяць абвінавачанне і па артыкуле 172 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь («Далучэнне непаўналетняга да здзяйснення злачынства»).
Крымінальны квартэт ужо меў праблемы з законам і неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку за дробны крадзеж.
Між тым, у адрас унітарнага прадпрыемства, якому належыць магазін, неаднаразова выносіліся прадстаўленні па ліквідацыі недахопаў, звязаных з технічнай умацаванасцю. Аднак адпаведныя меры не былі прыняты.

А. Марчанка.
Афіцыйны прадстаўнік УУС Мінаблвыканкама.

 ***

Па матэрыялах аддзялення крымінальнага вышуку 13 чэрвеня райаддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь узбудзіў крымінальную справу ў дачыненні да непрацуючага жыхара вёскі Чараўкі. Ён пашкодзіў запорную прыладу ўваходных дзвярэй хлява на падворку ў аг. Нарач і ўкраў дзве бензапілы. Тым самым прычыніў гаспадару страты на 580 рублёў.
Украдзенае ў мужчыны забрана. Падазроны затрыманы.

Па інфармацыі аддзялення інфармацыі і грамадскіх сувязей УУС Мінаблвыканкама.



23 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Правапарадак

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Фотападарожжа

возера Мястра  возера Мястра  223_

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси