Выручалі кемлівасць і знаходлівасць

Імя Аляксандра Азончыка — Героя Савецкага Саюза, аднаго з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Вілейскай вобласці — жыхарам Мядзельшчыны знаёма. Да таго ж, ён і ўраджэнец Нарачанскага краю: нарадзіўся 10 жніўня 1908 года ў сям’і беззямельнага селяніна-батрака на хутары Яцкавічы Княгінінскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Аляксандр Азончык вырашыў уступіць добраахвотнікам у Чырвоную Армію. “Але пакуль я прыйшоў у райцэнтр, то ў гэты дзень райваенкамат і ўсе іншыя ўстановы эвакуіравалі ў тыл”, — пісаў у 1946 годзе Аляксандр Сямёнавіч у сваіх успамінах “Гады барацьбы”, якія ў ліку іншых беражліва захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта і падштурхнула яго застацца ў тыле ворага, каб змагацца з фашыстамі. 25 чэрвеня 1941 года Аляксандр Азончык арганізаваў і ўзначаліў групу партызан у колькасці 8 чалавек з мясцовага насельніцтва. Па стане на 1 ліпеня гэтага ж года створаны ім атрад “Патрыёт” налічваў 64 байцоў, а пазней ён вырас да 184 чалавек. У першым баі партызаны пад кіраўніцтвам Ляліна (партызанская мянушка Азончыка) абстралялі варожую аўтакалону на тракце Вілейка — Даўгінава. У выніку былі забіты 23 фашысты і паранены 29. Былі і першыя трафеі: пісталет, планшэтка, рэмень з гранатамі і бінокль, які Аляксандр Сямёнавіч выкарыстоўваў усю вайну. Патрыёты ажыццяўлялі налёты на аўтамашыны, сістэматычна пераразалі лініі сувязі, спальвалі масты і склады, “палявалі” за паліцэйскімі і нямецкімі дапамагатымі. Адсутнасць неабходнай колькасці ўзбраення кампенсавалася кемлівасцю і знаходлівасцю храбрага камандзіра. Пры абстрэле эшалона з жывой сілай праціўніка байцы
Ляліна змазвалі рэйкі салам, што замаруджвала скорасць саставу і дазваляла метка цэліцца ў ворагаў. 4 эшалоны з фашыстамі былі пушчаны пад адхон толькі з дапамогай гаечнага ключа і лома.
Лясныя байцы ўсімі магчымымі спосабамі наносілі ўрон фашыстам. Значнае месца ў баявой дзейнасці атрада займалі дыверсіі на чыгунцы. Пазней, калі наладзілася сувязь з Вялікай зямлёй, партызаны ў рэйкавай вайне прымянялі міны, абстрэльвалі цягнікі з проціватанкавых ружжаў. З успамінаў Аляксандра Азончыка. “Неяк восенню 1941 года група партызанаў у колькасці 10 чалавек адправілася на баявое заданне. На адной з дарог заўважылі калону нашых ваеннапалонных колькасцю каля 80 чалавек. Абарваныя і знясіленыя, яны ішлі па запыленай дарозе пад канвоем двух дзясяткаў гітлераўцаў. Хутка саспела рашэнне вызваліць ваеннапалонных. Падчас кароткага бою перабілі канваіраў, забралі трафеі і разам з ваеннапалоннымі пайшлі на новую базу… Усе яны ўліліся ў нашу групу і надалей прымалі актыўны ўдзел у партызанскай барацьбе”.
На працягу вайны партызаны адчувалі падтрымку і атрымлівалі дапамогу ад насельніцтва. З ліку мясцовых жыхароў былі сувязныя, якія прыносілі звесткі пра ўзбраенне ворага ў атрад. У цяжкія гадзіны для мірных грамадзян ім на дапамогу пастаянна прыходзілі партызаны.
З успамінаў Аляксандра Азончыка. “Мы знаходзіліся на баявым заданні ў раёне налібокскіх лясоў. Тут нашы хлопцы сустрэліся з сялянамі, якія хаваліся ад нямецкіх карнікаў. Яны расказалі, што да іх наляцелі гітлераўцы, хапаюць усіх працаздольных для адпраўкі ў Германію. Байцы арганізавалі засаду каля дарогі, па якой павінны былі ехаць карнікі. Хутка з’явіўся абоз з 28 падводаў. У кожнай з іх знаходзілася па 4-5 чалавек. Карнікі везлі не толькі людзей, але і нарабаванае ў іх дабро. Завязаўся бой. Нечаканым ударам партызаны рассеялі абоз, знішчылі частку карнікаў. Народныя мсціўцы не далі гітлераўцам пагнаць савецкіх людзей на фашысцкую катаргу”.
За гады баявых дзеянняў у тыле ворага партызаны Азончыка мелі не толькі поспехі, неслі яны і страты. Яшчэ ў першы год вайны ворагі схапілі актыўных арганізатараў партызанскай барацьбы — старэйшага брата Азончыка Мікалая і яго суседа Рыгора Мельнікава. Над імі здзекаваліся, але патрыёты нікога не выдалі са сваіх. Іх павесілі ў Касцяневічах і трое сутак не дазвалялі пахаваць целы. У чэрвені 1942 года атрад “Патрыёт” увайшоў у склад дыверсійна-разведвальнага атрада імя Будзённага аднайменнай партызанскай брыгады Вілейскай вобласці. Азончык заняў пасаду начальніка асобага аддзела. На рахунку атрада “Патрыёт” шмат баявых дзеянняў. Сярод іх: разгром варожых гарнізонаў у Куранецкім, Мядзельскім, Свірскім, Смаргонскім і Пастаўскім раёнах. Актыўнасць у барацьбе з ворагам праяўляў і сам камандзір. Ён быў смелым і бясстрашным. Пазней Азончык пісаў: “Гэту небяспечную прафесію падрыўніка я палюбіў усёй душой і аддаўся ёй усёй сутнасцю сваёй. Для мяне ў тыя гады не было больш чароўна-захапляльнага відовішча, чым глядзець на справу рук сваіх — узрывы і крушэнні эшалонаў, асабліва з жывой сілай”. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Аляксандру Азончыку прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля “Залатая Зорка”— “за ўзорнае выкананне ўрадавых заданняў у барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у тыле ворага, праяўленыя пры гэтым мужнасць і геройства, і за асаблівыя заслугі ў развіцці партызанскага руху ў Беларусі”. У ліпені 1944 года атрад далучыўся да рэгулярнай Чырвонай Арміі. Пасля вайны Аляксандр Сямёнавіч працаваў на савецкай рабоце. Памёр 8 лютага 1995 года. Але памяць аб ім захавалася ў людскіх сэрцах і будзе жыць вечна.
Паводле архіўных дакументаў Мядзельскага музея народнай славы.



19 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Снежань 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Ліс    
 123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031

Фотападарожжа

возера Глубелька 06-012 Сядзіба Максіма Танка  1-12

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси