У рэйтынгу лідараў

МАЛОЧНАТАВАРНАЯ ферма “Брылі” НП “Нарачанскі” па вытворчых паказчыках устойліва трымае ў раёне лідзіруючыя пазіцыі. Гэтымі днямі тут ад кожнай рагулі атрымліваюць каля 19,5 кілаграма малака, што на паўкілаграма больш за адпаведны перыяд мінулага года. На высокім узроўні трымаецца і яго таварнасць — больш за 95 працэнтаў. Выклікае павагу да вынікаў працы калектыву таксама тое, што ўся прадукцыя на перапрацоўку ідзе класам “экстра”. Сакрэтамі стабільнага поспеху прашу падзяліцца вядучага заатэхніка Алега Смалячкова.
— Кожны дзень адсочваю паказчыкі работы фермы. У праграме Excel раблю зводку і параўноўваю з мінулагоднімі лічбамі. Адразу ўсё бачна. Напрыклад, валавы надой малака на сёння ў нас складае 1980 кілаграмаў, надой ад каровы — 19,8 кілаграма. Год таму вал быў 1878 кілаграмаў з надоем ад каровы ў 18,8 кілаграма. Такім чынам, магу ўпэўнена сказаць, што наш плюс — 102 кілаграмы па валавым надоі і кілаграм па надоі ад каровы. Учора вал плюсаваў на 80 кілаграмаў, тыдзень таму — на 62, — каменціруе адну з табліц Алег Уладзіміравіч. — Супастаўляю паказчыкі з планавымі і бачу, дзе трэба паднаціснуць. За мінулы год надой ад каровы ў нас склаў 6814 кілаграмаў. Таму грэх сёлета не дасягнуць адзнакі ў сем тысяч, хоць план крыху меншы.
— У нас склаўся вельмі добры калектыў, — да размовы далучаецца кіраўнік структурнага падраздзялення Мікалай Мягкоў, які якраз прыехаў на дзённую дойку. — Трынаццаць чалавек, кожны з якіх адказна ставіцца да свайго ўчастка работы. Звальняюцца ад нас толькі ў сувязі з выхадам на пенсію ці па стане здароўя. Сярод “старажылаў” — аператары па вырошчванні і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы Вольга Заіка і Жанна Перадрэева, аператар машыннага даення кароў Наталля Жогла, слесар Юрый Казлоў. Дарэчы, на сумленні слесара — чысціня і спраўнасць даільных апаратаў, халадзільніка, малакаправода. Якасць прадукцыі ў многім і яго заслуга.
У шэсць гадзін раніцы даярак прывозяць на першую дойку. Пасля дванаццаці распачынаецца другая. Трэці раз кароў дояць у шэсць вечара, праўда, улетку гэты час перасоўваецца далей. Але, акрамя акуратнай работы аператараў машыннага даення, на якасныя паказчыкі ўплываюць і іншыя фактары.
— Стараемся стопрацэнтна вытрымліваць тэхналагічныя патрабаванні, — расказвае далей вядучы заатэхнік. — Укараняем навінкі, сучасныя формы работы. Напрыклад, экспрэс-тэсты па выяўленні скрытага мастыту. Прылада на ранняй стадыі бачыць павышаную колькасць саматычных клетак — ад 150 адзінак, у той час як звычайнаму тэсту, каб убачыць паталогію, трэба значна большае яе праяўленне — да 300. Выкарыстоўваючы сучасныя медыкаменты, значна хутчэй вяртаем карову ў здаровы статак.
— Мікалай Мікалаевіч, бачна, што заатэхнік у вас, нягледзячы на малады ўзрост, адрозніваецца прафесіяналізмам і адказнасцю, — звяртаюся да кіраўніка. — Адкуль кадры?
— Алег прыйшоў да нас маладым спецыялістам, выдатна сябе зарэкамендаваў, спадабалася яму ў нас, таму і застаўся, — тлумачыць Мікалай Мікалаевіч.
Сам жа спецыяліст расказаў, што родам ён з Быхава Магілёўскай вобласці. Закончыў Горацкую сельгасакадэмію і па размеркаванні трапіў у Нарачанскі край. У курортным пасёлку далі службовую кватэру, а нядаўна і сям’ёй абзавёўся. Не паспеў азірнуцца — ужо восьмы год як тут. Мясціны падабаюцца, прызвычаіўся да ўсяго. Кажа, што нават дома не так ужо добра, як у Нарачы.
— І прывагі ў нас нядрэнныя, — вяртаючыся да спраў будзённых, кажа Алег Уладзіміравіч. — За пяць месяцаў бягучага года сярэднясутачныя прывагі склалі 714 грамаў, за май — 761, а ў мінулым годзе гэтыя паказчыкі былі 686 і 738 адпаведна. Як бачна, рост — 104 і 103 працэнты. Ведаеце, калі справы ладзяцца, то і зарплата стабільная, і працаваць прыемна.
Нельга не пагадзіцца з пазіцыяй заатэхніка. Застаецца толькі пажадаць, каб і надалей вынікі дзейнасці гаспадаркі знаходзілі адлюстраванне ў першых радках раённай зводкі.
Іна ЯРЧАК.

Алег Смалячкоў.

Таццяна Владыкіна і Валянціна Лукашэвіч.

Вольга Заіка.

Крысціна Баравая.

Фота Аляксандра Высоцкага.



19 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Чэрвень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Тра    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
2627282930  

Фотападарожжа

0-178 Лебедзі на Нарачы img_4257 Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси