Строга па тэхналогіі

ЯКІЯ кармы — такiя прывагi i надоi. Гэта добра разумеюць у ААТ «Мядзельскае аграпрамэнерга», таму і імкнуцца назапасіць як мага больш якасных кармоў. Упраўляючая сельскагаспадарчай вытворчасцю таварыства Марына Сіўчак расказала, што травы першага ўкосу ў гаспадарцы займаюць плошчу больш за 700 гектараў. Запланавана нарыхтаваць для грамадскага статка 300 тон сена, 4050 — сенажу і 1840 — сіласу.
— У тым ліку з траў першага ўкосу прыкладна тры тысячы тон сенажу, — зазначае Марына Анатольеўна.
— Што ўжо ёсць у актыве руплівых механізатараў? — пытаюся.
— Закладзены дзве траншэі сенажу. Адна на ферме «Шалкоўшчына», другая — «Лотва». Іх агульная ўмяшчальнасць больш за тысячу тон. Акрамя гэтага, амаль 100 тон сенажу запрасавана ў рулоны ў плёнку. На ўмоўную галаву жывёлы гэта складае 4,26 цэнтнера кармавой адзінкі травяністых кармоў, — чую ў адказ.

Дзмітрый Папок.

З далейшай размовы даведаўся, што важным пытаннем тэхналогіі з’яўляецца правільная закладка сянажнай масы ў траншэю. Каб атрымаць якасны сянаж, гаспадарка арыентуецца на чатыры асноўныя пункты: аптымальная вільготнасць травяной масы для нарыхтоўкі сенажу — 45-55%. Пры вільготнасці ніжэй за 40% маса належным чынам не ўтрамбоўваецца, унутры яе застаецца кісларод, пад уздзеяннем якога пачынаецца псаванне корму. Другі пункт — даўжыня рэзкі масы павінна быць не больш 3-4 сантыметраў. Захаванне такога параметра дазваляе належным чынам утрамбоўваць сянажную масу. Трэці — тэмпература масы ўнутры траншэі не павінна перавышаць 35 градусаў. А гэта залежыць і ад якасці трамбавання, якое павінна доўжыцца не менш як 18 гадзін у суткі. Апошні аспект, які ўплывае на якасць корму — працягласць закладкі траншэі. Яна складае тры-чатыры дні.
— Мы запаўняем траншэю за тры дні. На трамбоўцы пастаянна задзейнічаны «Амкадор», якім кіруе Раман Маслоўскі. А ў начную змену масу трамбуе «К-701». Гэты трактар замацаваны за Анатолем Вайцяховічам. Лічыцца, што маса ўшчыльнена добра, калі пасля праезду трамбуючага трактара на паверхні застаецца адбітак пратэктара кола, — працягвае размову Марына Анатольеўна. — Закладка сенажу — справа адказная і патрабуе зладжанай работы ўсіх звенняў тэхналагічнага ланцужка. На кашэнні траў стараннем і руплівасцю вызначаецца Васіль Лісіцкі. Гэта ён трактарам «МТЗ-3522» з касілкай «КМР-9ВТ» скасіў амаль усе вызначаныя плошчы. Ёсць яшчэ адна касілка «КДЛ-3,14», якая эксплуатуецца з трактарам «МТЗ-1221». А кіруе ім механізатар Мікалай Драздоў. Праўда, яна задзейнічана на падкошванні травастою на пашы. На падборы і здрабненні правяленых валкоў травы вынікова працуюць Алег Папок і яго брат Дзмітрый. Хлопцы кіруюць комплексамі «КЗР-10». На адвозцы сянажнай масы задзейнічаны чатыры трактары і два аўтамабілі «МАЗ». Няма заўваг па рабоце механізатараў Алега Крывенькага, Віталія Качарго, Аляксандра Ермалаева, вадзіцеляў Анатолія Вайцяховіча, Мікалая Васілевіча.

Алег Папок.

Паведала ўпраўляючая сельскагаспадарчай вытворчасцю таварыства пра тое, што з граблямі працуе вопытны механізатар Аляксандр Юц. А з рулонным прэс-падборшчыкам, які загортвае корм у плёнку, завіхаецца Іван Таразевіч.
— У плёнку будзем загортваць сянаж і сена на палетках, якія знаходзяцца далекавата ад сянажных траншэй, з траў другога і трэцяга ўкосаў. Летась правялі эксперымент: частку сена закруцілі ў сетку, а частку — у плёнку. У плёнцы атрымалася больш якаснае, духмянае, нават маленькім цяляткам добра. Сёлета павялічым колькасць такіх рулонаў, — кажа Марына Анатольеўна.
У таварыстве адмовіліся ад вырошчвання кукурузы. Тут вялікую ўвагу надаюць бабова-злакавым культурам, у прыватнасці люцэрне. Нават 110 гектараў люцэрны вырошчваюць у чыстым выглядзе. Усе травы ў асноўным першага і другога года карыстання. Таму і прадукцыйнасць сенажацей някепская. У гэтым мы пераканаліся, калі наведаліся на палетак ля вёскі Ражкі. Менавіта там Васіль Лісіцкі касіў травы. Валкі атрымліваліся ладныя.
— Пасля ўборкі сенажаці абавязкова падкормліваем азотнымі ўгнаеннямі, што дазваляе разлічваць на паўнавартасныя наступныя ўкосы. Для гэтай мэты выкарыстоўваем агрэгат «Раса», — зазначае Марына Сіўчак.

Таццяна Давідовіч.

Працоўны дзень у механізатараў і вадзіцеляў зараз пачынаецца ў сем гадзін раніцы, а заканчваецца пасля 21 гадзіны. Усе ўдзельнікі корманарыхтоўчай кампаніі забяспечаны двухразовым харчаваннем.
— Смачныя абеды рыхтуе шэф-повар Таццяна Давідовіч. Ёй дапамагае малады хлопец-практыкант Станіслаў Каралёў. У Пастаўскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы ён набыў спецыяльнасць повара, а зараз паступіў у Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, дзе вучыцца за тэхнолага. На якасць і смак ежы нараканняў ад механізатараў пакуль не было, — дадае Марына Анатольеўна.
Добра арганізаваны працэс нарыхтоўкі кармоў — гарантыя поспеху ў жывёлагадоўлі. Людзі разумеюць гэта і стараюцца працаваць з найвышэйшай аддачай.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ,

Віталій Качарго.

 

фота Аляксандра Высоцкага.



16 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Фотападарожжа

_06-040 Царква ў Крывічах 0-178 возера Мястра

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси