СПАДАРОЖНІКІ ПОСПЕХУ

ХОЦЬ сённяшнюю сітуацыю на рынку курортных паслуг простай не назавеш, санаторый “Спадарожнік” працуе стабільна і з прыбыткам.

Тут уважліва “манітораць” расійскі рынак, пастаянна адсочваюць стан здраўніц краіны-суседкі. Не сакрэт жа: большасць адпачываючых у нарачанскія санаторыі прыязджае менавіта адтуль.
Тут, вядома ж, надаюць належную ўвагу баўленню вольнага часу гасцей (а як па-іншаму?). Але асноўную стаўку робяць усё ж на медыцыну. “Яе трэба развіваць абавязкова, — лічыць дырэктар “Спадарожніка” Уладзімір Сяржант. — Калі якія санаторыі пойдуць (і пайшлі ўжо!) па шляху стварэння забаў — яны прайграюць. У Расіі хапае якіх заўгодна забаў. “Да вас варта ехаць толькі дзеля медыцынскіх паслуг”, — кажуць самі расіяне. Таму лічу, што сёння правільна развіваць менавіта гэты напрамак. У нас ёсць яшчэ гады са два на стварэнне нечага такога, каб расіяне прыязджалі сюды, нават калі на поўную магутнасць “разгорнецца” Крым”.

Адна з “фішак” “Спадарожніка” — моцная дыягнастычная база. Ужо цяпер аналіз крыві тут робяць поўнасцю ў аўтаматычным рэжыме. Ёсць “магутны” апарат ультрагукавога даследавання. І праца па стварэнні сучаснага дыягнастычнага цэнтра працягваецца.
А працэдур у “Спадарожніку” больш за 200 відаў. З галоўнай медыцынскай сястрой Людмілай Юрко ідзём паглядзець на некаторыя кабінеты. І часам гэта экскурсія нагадвае падарожжа ў будучыню…
Людміла Юрко знаёміць нас з медыкамі, якія тут працуюць:
— Працэдуры “магнітатурбатрон” і “вакумед” адпускае медсястра першай катэгорыі Наталля Кіслая. Яна вучыць маладыя кадры, мае аўтарытэт у працоўным калектыве. І адпачываючыя яе паважаюць…
— А як заслужыць павагу адпачываючых? — цікаўлюся. — Гэта ў раённай бальніцы пацыенты добра ведаюць, хто ёсць хто. За дзесяцігоддзі прозвішчы Серада, Балашка, Гумніц і многія іншыя зрабіліся сапраўднымі брэндамі. А ў санаторый людзі прыязджаюць ненадоўга…
— У нас павага дасягаецца найперш дабразычлівасцю, — адказвае галоўная медсястра. — Адпачываючых лічым сваімі асабістымі гасцямі — сустракаем з усмешкай, стараемся саступаць, выканаць усе іх просьбы… І людзі адказваюць нам добрымі адносінамі і павагай. Да таго ж, некаторыя бываюць тут штогод, добра ведаюць наш персанал. Напрыклад, у нас трэці раз адпачывае жанчына — прыехала на сто васямнаццаць дзён!
…На калідоры знаёмімся з Ільянам Абдуліным — ён у “Спадарожніку” дзясяты раз. “Вельмі добры санаторый, — кажа. — Шмат дзе даводзілася адпачываць, але такога камфорту, прывітання, неабыякавасці не сустракаў. Вельмі ўдзячны адміністрацыі: асабіста Уладзіміру Францавічу Сяржанту, галоўнай медсястры Людміле Міхайлаўне Юрко, начальніку аддзела маркетынгу Наталлі Міхайлаўне Гарадзецкай. Расіяне прыязджалі сюды і будуць прыязджаць”.
…Працягваем знаёміцца з санаторыем і медработнікамі. Пра абсталяванне лабараторыі нам расказвае Алена Роўда, пра аквамасаж (водны масаж, але без кантакту з вадой) — Кацярына Буйвід. У гразелячэбніцы сустракаюць медсястра Святлана Старасельцава і санітарка Ала Бепершч. “Такіх кушэтак, як нашы, у раёне больш няма, — кажуць. — Водныя матрацы падаграюцца, трымаюць пастаянную тэмпературу. Сінтэпонавыя коўдры. Падчас працэдуры людзі іншы раз засынаюць”.
…Трохпавярховы СПА-комплекс уражвае. Тэрмальная зала з комплексам лазняў (егіпецкая, руская, турэцкая), джакузі… Мінеральная і пітная вада… Мноства працэдур. Флаатынгам — агульным касметычным абгортваннем — займаецца масажыст Сяргей Кажухоўскі. Нядаўна ён прайшоў навучанне тайскаму масажу — неўзабаве гэта працэдура з’явіцца ў актыве санаторыя. А медсястра фізіятэрапіі Марына Сідаровіч праводзіць ультрагукавую ачыстку твару. Ёсць тут і сямейнае СПА — паравая кабінка на дваіх калышацца пад музыку (тэмпература ўсярэдзіне — +46 градусаў), а завяршаецца задавальненне… снегам ці дажджом. Попытам карыстаецца і кіслародная СПА-капсула для зніжэння вагі.
…Урач-тэрапеўт Таццяна Леўчанкава праводзіць карбоксітэрапію, нядаўна прайшла навучанне па ультрагукавым даследаванні. “У санаторыі працаваць падабаецца, — кажа. — Пастаянна вучышся новаму, сустракаешся з цікавымі людзьмі”.
…Вядома, за адзін раз немагчыма расказаць пра ўсе працэдуры (нагадаю: іх больш за дзве сотні) і пазнаёміцца з усімі медыкамі (колькасць апошніх блізкая да 80)… Напрыканцы — крыху пра галоўную медсястру. Людміла Юрко каля дзесяці гадоў займала такую ж пасаду ў цэнтральнай раённай бальніцы, потым старалася ў “Нарачанскім беразе”. “Спецыфіка працы ў санаторыі адрозніваецца ад бальнічнай, — зазначае Людміла Міхайлаўна. — Не скажу, што тут складаней… Але таксама нялёгка. У бальніцы мая асноўная задача была — забяспечыць, каб было чым і як лячыць. Натуральна, і там, і тут — кантроль за працай сярэдняга і малодшага медыцынскага персаналу. У санаторый людзі таксама прыязджаюць з праблемамі — але яны жадаюць не толькі падлячыцца, а і адпачыць. І калі ў бальніцу пры любым раскладзе вяртацца ніхто не хоча — то тут трэба працаваць так, каб людзі зноў і зноў прыязджалі на адпачынак да нас”.
Што ж, нельга не пагадзіцца: прафесіяналізм кадраў — абавязковы спадарожнік поспеху. Не менш важны за суперсучаснае абсталяванне.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.

Урач-тэрапеўт Таццяна Леўчанкава

Медсястра Кацярына Буйвід

Медсястра першай катэгорыі Наталля Кіслая

Прыязнымі ўсмешкамі сустракаюць адпачываючых медсястра Святлана Старасельцава і санітарка Ала Бепершч

Масажыст Сяргей Кажухоўскі

Ультрагукавую ачыстку твару праводзіць Марына Сідаровіч

Працуе адміністратар СПА-комплексу Аксана Бабровіч

Аналізы крыві робяцца аўтаматычна

СПА-капсула для зніжэння вагі

Фота Аляксандра Высоцкага.



17 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Курорт, Медыцына

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Кастрычнік 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Вер    
 1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031  

Фотападарожжа

223_ dsc_5774-3 лебедзі на Мястры від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси