Дзень колеру дзяцінства

ВЫДАТНЫ настрой, усмешкі на тварах дзяцей, рознакаляровыя паветраныя шарыкі, стракатыя малюнкі на асфальце, шмат музыкі — лета ў Мядзеле распачалося на пазітыўнай ноце. Запланаванае свята, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей, адбылося, хаця зусім не летняе надвор’е ўнесла свае карэктывы ў яго працягласць.

На плошчы сабраліся прадстаўнікі ўсіх устаноў адукацыі райцэнтра, і нават дашкаляты, улічваючы капрызы нябеснай канцылярыі, хоць і са спазненнем, але наведаліся на свята. Пасля яркага дзіцячага шэсця настрой прысутным стваралі юныя артысты, якія падрыхтавалі канцэртную праграму пад назвай “Дзеці сонечнага лета”. Натхнёна спявалі Валерыя Шабовіч, Ангеліна Жыхар, Наталія Грузд, зачаравалі сваёй абаяльнасцю і італьянскім вымаўленнем Улад Самко, Мікіта Балюк і Андрэй Роўда, якія выканалі на замежнай мове песню “Італьянец”, чыстым гукам лілася над плошчай песня ў выкананні выхаванцаў Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў… А вось пра тое, што летні адпачынак можа стаць цудоўнай магчымасцю папоўніць сямейны бюджэт, нагадала першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марына Апанасёнак, якая павіншавала прысутных з надыходам летніх канікулаў і ўручыла пуцёўкі на трэці працоўны трыместр студатрадам, створаным у Сваткаўскім і Мядзельскім вучэбна-педагагічных комплексах.


Тым часам юных жыхароў райцэнтра чакалі самыя розныя гульнявыя, творчыя, спартыўныя, тэматычныя пляцоўкі, інтэлектуальныя спаборніцтвы, майстар-класы, выставы, атракцыёны, роставыя лялькі, а таксама прысмакі на любы густ. Пашанцавала не прапусціць нічога тым, хто прыйшоў на свята разам з аднакласнікамі і класным кіраўніком. Настаўнікі з усёй адказнасцю вадзілі дзяцей па пляцоўках і, часам, дапамагалі справіцца са складанымі заданнямі ці пытаннямі. А што, паспрабуйце самі адгадаць зёлкі, схаваныя ў сашэ-мяшочкі, толькі па паху! Не кожны дарослы зарыентуецца. Але дзеці з задавальненнем выпрабоўвалі сябе і часта адгадвалі. Без лішняй сарамлівасці “атакавалі” школьнікі ў гэты дзень і супрацоўнікаў сілавых структур, прычым, да радасці апошніх. Пляцоўка “Бяспечнае лета”, арганізаваная супрацоўнікамі аддзялення ДАІ РАУС, РАНС, а яшчэ раённым таварыствам выратавання на водах, прызначалася выклікаць цікавасць у хлопчыкаў і дзяўчынак. Тут можна было разгледзець і прымераць шлемы, цяжкія браніраваныя камізэлькі, іншыя элементы спецвопраткі, патрымаць у руках прыстасаванні, атрымаць адказы на пытанні ад спецыялістаў, пакрычаць у рупар выратавальнікаў і… зафіксаваць усё на фотакамеру. Уражанні яшчэ тыя! І так на кожнай з пятнаццаці пляцовак, пазначанай у пуцявым лісце настаўніка. Сумаваць не было як!
Асобным блокам свята стала работа “Юн-прэс-цэнтра”, удзельнікі якога займелі і выказалі свой позірк на мерапрыемства. Ім — і слова.
Марыя ЖЫХАР, Ангеліна МАЛЬКЕВІЧ — Мядзельская СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі:
Першага чэрвеня на галоўнай плошчы горада мы наведалі свята, прысвечанае Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Гэта падзея — магчымасць для кожнага з нас адчуць сябе дзіцем, апынуцца ў свеце бесклапотнага дзяцінства.
У гэты дзень было арганізавана шмат пляцовак. Вялікі інтарэс выклікалі конкурс малюнкаў на асфальце “Імгненні шчаслівага дзяцінства” і кінапаказ для дзяцей “Мультфільм у падарунак”. У конкурсе хлопчыкі і дзяўчынкі паказалі свае мастацкія здольнасці. Яны малявалі кветкі, сонца, сваю сям’ю. Некаторым дапамагалі бацькі, іншым — браты, сёстры. Ад гэтага малюнкі рабіліся яшчэ лепшымі. Выявы на асфальце, што пакідалі дзеці, прапаноўвалі зазірнуць у асаблівы свет, які ў кожнага — свой. Кінапаказ жа не пакінуў раўнадушнымі тых, хто любіць мультфільмы. Мультыкі дэманстраваліся бясплатна для ўсіх жадаючых, выклікалі ўсмешкі і мора прыемных эмоцый.
У кожнага чалавека ёсць яркі ўспамін з дзяцінства, якім ён па-сапраўднаму даражыць. Пра такі момант мы папрасілі расказаць аднаго з арганізатараў свята, метадыста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ларысу Севярын.
— Самым яркім момантам у маім дзяцінстве быў дзень, калі мы ўсёй сям’ёй ездзілі ў Пасынкі, дзе ў пачатку ліпеня святкаваўся Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І праз шмат гадоў гэта падзея не перастае мне падабацца, бо ў душы я, як і многія з нас, адчуваю сябе дзіцем, — адказала Ларыса Віктараўна.
Мы зрабілі выснову, што гэта свята мае важнасць як для малышоў, так і для дарослых. І калі апошнім яно дапамагае вярнуцца ў бесклапотнае дзяцінства, то для хлопчыкаў і дзяўчынак асацыіруецца з пачаткам летніх канікулаў. Не спяшайцеся станавіцца дарослымі, дзяцінства — лепшая пара!


Ксенія РОЎДА, Анастасія КУРНІЦКАЯ — гімназія-інтэрнат г. Мядзела:
У чацвер адбыўся Міжнародны дзень абароны дзяцей. На свяце з гэтай нагоды прысутнічалі не толькі дзеці, але і дарослыя. Кожны мог акунуцца ў атмасферу дзяцінства і прыгадаць…
Свята адкрылася дзіцячым парадам, у якім прынялі ўдзел усе гарадскія школы. У гэты дзень кожны мог атрымаць асалоду ад канцэртнай праграмы, дзеці маглі паўдзельнічаць як у творчых, забаўляльных гульнях, так і ў інтэлектуальных. Тыя, хто згаджаўся падзяліцца сваім меркаваннем наконт свята, казалі, што іх настрой ніяк не залежаў ад надвор’я. Станоўчыя эмоцыі стваралі своеасаблівая атмасфера, запал і весялосць у вачах дзяцей. Амаль кожны мог паспрабаваць сябе ў ролі мастака і паўдзельнічаць у конкурсе малюнкаў на асфальце. Акрамя гэтага, для дзяцей працавалі захапляючыя пляцоўкі: спартыўныя, рамесныя, а таксама ладзіліся акцыі, якія арганізавалі раённага камітэта грамадскага аб’яднання “БРСМ” і раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.
Падзяліцца ўражаннямі папрасілі некаторых удзельнікаў свята. Вось што нам паведаміў настаўнік фізічнай культуры нашай установы Павел Францавіч Самко наконт ваенна-спартыўнай гульні “Зарнічка”:
— У дадзеным спаборніцтве ўдзельнічалі каманды з Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі і Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа. Усе ўдзельнікі — вялікія малайцы, паказалі сапраўдны клас! Акрамя гэтага, на мерапрыемстве прысутнічала вялікая колькасць балельшчыкаў. У тым ліку бацькі, бабулі і дзядулі. Жадаю ўсім дасягаць тых мэт, якія ставіце перад сабой.
Дзяўчынка Мілана, якая з захапленнем малявала на асфальце:
— Вельмі падабаецца гэта свята, бо мне тут падаравалі цацачнага зайчыка!
— А што ты малюеш?
— Анёла. Мне ўяўляецца, што ён ахоўвае людзей.
На заканчэнне хацелася б сказаць пра тое, як гэта цудоўна, што існуе такое свята, у якое нават дарослыя могуць адчуць сябе дзецьмі!
Надзея АЎРЭЙЦАВІЧ, Вікторыя ВАРАНОВІЧ — Мядзельскі ВПК яслі-сад-сярэдняя школа:
Міжнародны дзень абароны дзяцей усе адзначылі ў цэнтры горада. Якіх толькі забаў там не было: ваенна-спартыўная гульня, малюнкі на асфальце, гульні-віктарыны. З вялікай цікавасцю дзеці ўдзельнічалі ў майстар-класах “Хуткая фенечка”, “Вясёлае арыгамі”. Назіраючы за тым, як малююць дзеці, Данііл Юдзіцкі (навучэнец Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі) таксама паспрабаваў сябе ў гэтай справе. І, трэба адзначыць, атрымалася ў яго нядрэнна. Меншыя дзеці гулялі ў беларускія гульні і забавы пад кіраўніцтвам Наталлі Пятроўны. “Вясёлая ткачыха”, “Яша-Маша” — малышы былі ў захапленні! Увесь час на свяце грала музыка, было шмат людзей, танцы, жарты — уражанні засталіся самыя лепшыя.
Старт летнім канікулам дадзены. Мяркуючы па водгуках, падарунак у выглядзе маштабнага свята дзеці ацанілі. Не хапіла хіба што заяўленай акцыі “Дзень салодкага смаку” з бясплатным марожаным (вытворцы па пэўных прычынах не даехалі). Але мне здаецца, што смак лета юныя мядзяльчане, нягледзячы ні на што, адчулі напоўніцу.
Іна ЯРЧАК.

Фота Аляксандра Высоцкага, Ксеніі РОЎДЫ, Анастасіі КУРНІЦКАЙ.



09 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        від на Мядзел _dsc1133-3 wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела