Выратавальнікі і журналісты: за бяспеку — разам!

На базе пажарнага аварыйна-выратавальнага атрада абласнога ўпраўлення МНС у Маладзечне прайшоў семінар па пытаннях узаемадзеяння органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях са сродкамі масавай інфармацыі. 

Спачатку журналістам была прадстаўлена пажарная аварыйна-выратавальная тэхніка, праведзены спецыяльныя тактычныя вучэнні па дэманстрацыі сіл і магчымасцей пажарных падраздзяленняў. Гаспадары змадэліравалі сітуацыі, якія могуць адбыцца ў жыцці, і паказалі, як дзейнічаюць выратавальнікі ў любой надзвычайнай сітуацыі. Вось і ў гэтым выпадку па легендзе цягнік сышоў з рэек. Адна цыстэрна загарэлася, адтуль пачалі вылівацца шкодныя рэчывы. За справу бяруцца выратавальнікі-хімікі, пяць мінут — і пажар ліквідаваны. А на пашкоджаную ёмістасць наклалі бандаж.
Гукі сірэн напоўнілі наваколле, калі выратавальнікі імчалі на дарожна-транспартнае здарэнне, дзе патрэбна было не толькі патушыць агонь, але і дастаць з пашкоджанага аўтамабіля вадзіцеля, аказаць яму медыцынскую дапамогу і адправіць у шпіталь. Для гэтага давялося прымяніць гідраўлічны аварыйна-выратавальны інструмент. Дзейнічалі яны дружна, зладжана. Адчувалася іх высокая прафесійная падрыхтоўка.
Журналісты таксама мелі магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі супрацоўнікаў МНС — апрануўшы баявое адзенне, прайсці па агнявой паласе псіхалагічнай падрыхтоўкі, паўдзельнічаць у спуску з вучэбнай вежы на ўзроўні чацвёртага паверха пры дапамозе альпінісцкага рыштунку. Не абышлося і без «майстар-класа» па правілах карыстання вогнетушыцелем. А потым належыла патушыць «загаранні». І журналісты з гэтай задачай справіліся. Хаця асобныя прызнаваліся, што вогнетушыцель трымаюць у руках упершыню.
Пленарная частка семінара прайшла ў Палацы культуры Маладзечна. Спачатку прэс-сакратар Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія Швайбовіч засяродзіла ўвагу прысутных на ролі сродкаў масавай інфармацыі ў папярэджанні надзвычайных сітуацый.
— Матэрыялы павінны не толькі адлюстроўваць здарэнне, але насіць і прафілактычны, папярэджваючы характар, — падкрэсліла прамоўца. — Тады можна будзе разлічваць на зніжэнне колькасці пажараў, ахвяр агню. І пэўная заслуга ў гэтым, зразумела, будзе і журналістаў.

Начальнік абласнога ўпраўлення МНС Максім Шышканаў спыніўся на праблемных пытаннях аб’ектыўнага і ўсебаковага асвятлення надзвычайных сітуацый, якія адбыліся ў цэнтральным рэгіёне ў апошні час, ужываючы пры гэтым наглядны матэрыял. Па меркаванні кіраўніка, у пагоні за аператыўнасцю і пад уплывам такіх сучасных сродкаў камунікацыі, як сацыяльныя сеткі, не ўсе СМІ сёння імкнуцца аб’ектыўна асвятліць здарэнні, часта скажаюць не толькі інфармацыю, але і сутнасць здарэння. Таму дзейнасць журналістаў у гэтым накірунку павінна мець дакладную накіраванасць і адпавядаць заканадаўству.
Ён прывёў прыклад такога ўзаемадзеяння пры ліквідацыі ўцечкі аміяку на Слуцкім мясакамбінаце.
— Журналісты не толькі паведамлялі пра надзвычайнае здарэнне, але і прафесійна асвятлялі ход ліквідацыі наступстваў, расказвалі пра работу ў дадзенай сітуацыі медыкаў, кіраўніцтва прадпрыемства. Таму не было ніякай панікі, — падкрэсліў Максім Міхайлавіч.
І на іншых рэальных прыкладах ён паказаў, як правільна пастаўленая работа па ўзаемадзеянні супрацоўнікаў МНС і СМІ не дазволіла пасеяць паніку ў грамадстве. Таму сродкі масавай інфармацыі разам з органамі МНС павінны фарміраваць у грамадстве культуру бяспекі жыццядзейнасці. Прамоўца выказаў надзею, што ў далейшым выратавальнікі сталічнага рэгіёну і вядучыя СМІ вобласці застануцца саюзнікамі ў справе прапаганды бяспечнага, здаровага ладу жыцця.
Пра праблемныя пытанні аб’ектыўнага і ўсебаковага асвятлення надзвычайных сітуацый, арганізацыю ўзаемадзеяння на рэспубліканскім узроўні гаварыў у сваім выступленні прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Віталій Навіцкі.
Сваімі метадамі работы па прапагандзе бяспекі жыццядзейнасці падзялілася прадстаўнік тэлепраграмы «Свет ТБ» з Барысава.
А завяршылася мерапрыемства ўрачыстым узнагароджаннем прадстаўнікоў СМІ «за актыўнае і плённае ўзаемадзеянне па прапагандзе культуры бяспекі жыццядзейнасці насельніцтва» з органамі МНС.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках: моманты семінара.
Фота аўтара.



09 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 1-12 06-043 возера Мястра

Пабрацімы Мядзела