Незвычайная школа для дарослых

Дзякуючы падтрымцы Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Голас сэрца” ў пачатку гэтага навучальнага года ў многіх сацыяльных установах інтэрнатнага тыпу створаны класы “18+”, дзе за парты селі дарослыя людзі, якія не заканчвалі звычайную агульнаадукацыйную школу. У большасці вучняў назіраюцца хваробы інтэлектуальнага характару і, каб дапамагчы ім лепш адаптавацца да рэальнага жыцця, а з часам, магчыма, і ўвогуле пражываць і абслугоўваць сябе самастойна, якраз і створаны такія школы. Ёсць яна і ў Свірскім доме-інтэрнаце для псіханеўралагічных хворых. Займаюцца ў ёй 9 чалавек. Як расказала настаўнік-працатэрапеўт Жанна Владыка, навучэнцы падзелены на тры групы. У першай з іх тыя, хто наогул не ўмее ні пісаць, ні чытаць. У другой — якія хоць нешта могуць. У трэцяй — больш здольныя, асобныя з іх нават вершы спрабуюць самі складаць.
— На заняткі мае “хлопчыкі” і “дзяўчынкі” прыходзяць з радасцю. І карысць ад урокаў відавочная, — кажа Жанна Фёдараўна. — Дзякуючы расійскім спонсарам мы маем прыгожыя падручнікі, розныя плакаты, іншыя наглядныя дапаможнікі. А што датычыць прадметаў, яны цікавыя і патрэбныя: “азбука для дарослых”, “граматыка”, “матэматыка”, “чалавек і свет”, “утульны дом і маё месца ў ім”, ёсць урокі малявання, працы… Нам далі камп’ютар. З дапамогай праграмы па трэнінгу спрабуем вывучаць асновы камп’ютарнай граматнасці. Як і ў пачатковай школе, урокі пісьма пачыналі з пропісаў, дзе пісалі палачкі, кружочкі, пазней… літары, лічбы. Асобным і цяпер не ўсё ўдаецца, хоць і вельмі стараюцца. Матэматыка таксама праходзіць па-рознаму: хто толькі лічбы вывучае, хто — нескладаныя задачкі рашае. І тое ж маляванне не ўсім аднолькава даецца, і чытанне. Нехта сам малюе, некаторыя яшчэ дагэтуль трэніруюць руку па “расфарбоўках”, якіх цяпер шмат на любы густ. Асобныя толькі-толькі літары вывучылі і спрабуюць адшукаць іх у слове, а ёсць і такія, хто шмат вершаў ведае на памяць і выдатна іх дэкламуе.
— Калі вас правільна зразумела, многія прадметы праводзяцца для агульнага развіцця і дапамагаюць вашым падапечным лепш пазнаёміцца з навакольным светам і сваім месцам у ім?
— Так, акрамя тых жа ўрокаў матэматыкі, пісьма, чытання, мы знаёмімся з жывёламі, птушкамі, а таксама з краінай, у якой жывём, вывучаем будову чалавека і яго ўнутраныя органы, вучымся паводзіць сябе ў грамадскіх месцах — магазіне, у транспарце, уступаць у зносіны з людзьмі, хадзіць у госці і прымаць гасцей, лічыць і размяркоўваць грошы, наводзіць парадак у пакоях, гатаваць нескладаныя стравы, сачыць за станам бялізны, адзення, абутку, як правільна трэба мыць свае рэчы і шмат яшчэ чаму іншаму. Прычым не толькі пра гэта расказваем, але і стараемся наглядна паказаць, часам і ў гульнявой форме. Так лепш даходзіць, запамінаецца. Нярэдка разам сядзім за сталом, п’ём чай, размаўляем, дыскутуем. Многія расказваюць пра сябе, пра тое, як пачаўся і як закончыўся дзень, што яны чакаюць ад наступнага. А асобныя нават па знешнім выглядзе ўжо могуць распазнаць і самаадчуванне, і настрой адзін аднаго, і нават некаторыя рысы характару.
— А якія ўсё ж такі вашы вучні?
— Розныя. Як па ўзросце, самай старэйшай вучаніцы 52 гады, так і па інтэлектуальным узроўні, — працягвае аповед мая суразмоўца.
— Тут немагчыма параўнанне. У звычайнай школе таксама не ўсе аднолькавыя, а тут кантынгент асаблівы, і гэта вельмі праяўляецца падчас заняткаў. Тым не менш “хлопчыкі” і “дзяўчынкі” стараюцца, а гэта самае галоўнае. Мае самыя лепшыя вучні — Ліля Камоска і Жэня Камароў. Абое вызначаюцца і ў школе, і на працы.


— Жанна Фёдараўна, заняткі завяршыліся. Можна, напэўна, ужо і нейкія вынікі падвесці?
— Ацэньваюцца веды ў нас па пяцібальнай сістэме, так прасцей і зручней, чым па дзесяцібальнай. Калі пагартаеце адразу пропісы, а пасля сшыткі, заўважыце вялікую розніцу ў напісанні тых жа літар, лічбаў у пачатку навучальнага года і цяпер. Зразумейце, яны даліся нялёгка, і за кожным, нават невялікім штрышком, вялікая перамога. А гэта дарагога каштуе. Яшчэ мне вельмі падабаецца тое, што мае вучні сталі больш дружнымі, неабыякавымі. Мы цяпер — адна сям’я. Калі раней кожны быў больш за сябе, то цяпер усе хвалююцца адзін за аднаго. З’явіліся і агульныя інтарэсы.
Ад Жанны Фёдараўны даведалася, што яе вучні займаюцца з раніцы да абеду, а пасля працуюць. Працатэрапія — адзін з накірункаў рэабілітацыі хворых людзей. А таму ёй надаецца ва ўстанове вялікая ўвага. Пражываючыя заняты карыснай працай на ферме, у цяпліцах, на агародзе, уборцы тэрыторыі, якая падтрымліваецца заўсёды ва ўзорным парадку. У многіх ёсць і свае захапленні, якія педагог стараецца падтрымаць і развіць. Вы б толькі пабачылі, якія прыгожыя вырабы з прыроднага і дапаможнага матэрыялу, у тым ліку з кардону, паперы, будаўнічай сеткі, макароны і іншых, размешчаны на выставе, якая знаходзіцца ў суседнім з класам пакоі. Кошычкі, сурвэтніцы, шкатулкі, вышыванкі, звязаныя пруткамі і шыдэлкам рэчы, пано і аплікацыі — справа рук многіх вучняў школы. Некаторыя з іх актыўна ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці: спяваюць, танцуюць, дэкламуюць вершы. Педагог разам са сваімі падапечнымі пабывалі з канцэртамі ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў у Вузле, Свірскім вучэбна-педагагічным комплексе дзіцячы сад-сярэдняя школа, Камароўскім сельскім Доме культуры, дзе іх, дарэчы, прымалі вельмі цёпла.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.


Фота Аляксандра Высоцкага.



09 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   на Блакітных азёрах        Касцёл у Шэметава   84

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси