Прывітанне, лета-2017! (+ фота)

Многія мараць пабываць у экзатычных краінах, пакупацца ў цёплых водах Чорнага мора. Але не меншая колькасць людзей імкнецца ў летні час наведаць беларускае мора — возера Нарач. Маляўнічыя берагі яго здаўна прыцягвалі і прыцягваюць да сябе не толькі беларусаў, але і жыхароў блізкага і далёкага замежжа, якія імкнуцца адпачыць, умацаваць здароўе ў санаторыях курорта. Хваёвы лес — прыродная лабараторыя найчысцейшага паветра, пясчаныя берагі і водмелі возера, вялікае люстэрка вады — усё гэта разам узятае стварае спрыяльныя ўмовы для лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў, парушэння абмену рэчываў, захворванняў нервовай сістэмы. Таму здраўніцы курорта карыстаюцца попытам круглы год.
Стала добрай традыцыяй ладзіць урачыстае адкрыццё летняга курортнага сезона. Праводзіцца гэта мерапрыемства ў «зялёным тэатры» курортнага пасёлка Нарач. Вось і ў мінулую суботу тут было асабліва мнагалюдна. Менавіта тут разгортвалася асноўная дзея. Музыка, песні, смех, жарты панавалі навокал.
З самай раніцы ўздоўж вуліцы Ленінскай гандляры расставілі свае палаткі і сталы. Гандлявалі сувенірнай прадукцыяй не толькі прыватнікі, але і арганізацыі. Тут можна было купіць сукенку ці сарочку, капялюш ці хусцінку. А вось у палатцы санаторыя «Сосны» можна было бачыць шалікі, сурвэткі, ручнікі, майкі і многае іншае з лагатыпам гэтай здраўніцы.
Было што паглядзець тым, хто цікавіцца рамёствамі. Розныя сувеніры, магніцікі з выявамі Нарачы, вырабы з гліны і дрэва — ды хіба ўсё пералічыш, што прапаноўвалі народныя майстры і прыватныя прадпрымальнікі гасцям?

Як заўсёды, вабілі да сябе работы, якія выканалі майстры з Крывіцкага раённага цэнтра народных рамёстваў. Прывезлі на кірмаш вырабы наведвальнікаў аддзялення знаходжання інвалідаў і грамадзян пажылога ўзросту Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Спыняліся людзі ля гандляра, які прадаваў камізэлькі, тапачкі, бурачкі з воўны. Як заўсёды, шматлюдна было ля ганчара з Пастаў Сяргея Шчэрбы, бондара з Маладзечна Аляксандра Странкоўскага. Кожны, хто праходзіў побач, абавязкова спыняўся і любаваўся выставай з назвай «Атласная рапсодыя кветак». Сувенірную прадукцыю прывезлі на свята прадстаўнікі Дзягільскага і Лацвянскага Дамоў майстра, Сваткаўскага сельскага Дома культуры, Старлыгскага Дома культуры і вольнага часу. Яны праводзілі таксама майстар-класы па лепцы з гліны, саломапляценні, па вырабе анучнай лялькі і іншыя. Прыцягвалі ўвагу сталы, застаўленыя рознымі вырабамі з бісеру, а яшчэ кошыкамі.
У многіх месцах была арганізавана і бяспройгрышная латарэя. Словам, кожны жадаючы меў магчымасць выбраць для сябе сувенір па гусце.
Супрацоўнікі цэнтральнай раённай аптэкі № 131 праводзілі акцыю «Фарміраванне здаровага ладу жыцця». Падчас яе прадстаўнік РУП «Белмедпрэпараты», вядучы спецыяліст па медыцынскіх пытаннях Алеся Храпавіцкая агучвала інфармацыю пра выпускаемую прадукцыю. Акрамя гэтага, з мэтай папулярызацыі беларускіх лекавых сродкаў з рэкламнымі матэрыяламі ў акцыі прымалі ўдзел УП «Мінскінтэркапс», ААТ «Экзон», СТАА «Лекфарм», ТАА «Біатэра», ТДА «Аматэг».
А побач прапаноўвала сваю прадукцыю ЗАТ «БелАсептыка». Спецыялісты расказвалі пра збор траў, як рыхтаваць настоі, калі і як іх лепш прымаць.
Працавала пляцоўка «Прысмакі на Нарачы», дзе была прадстаўлена харчовая прадукцыя. Вабіў сюды водар шашлыкоў, які напаўняў наваколле. Тут таксама можна было набыць кулінарныя і кандытарскія вырабы, пачаставацца марожаным, сокамі і напіткамі, гарачымі блінамі, купіць салодкую вату, пап-корн і многае іншае. Як заўсёды, карысталася попытам прадукцыя мясаперапрацоўчага цэха ААТ «Занарацкі».

На пляцоўцы «Дзіцячы горад забаў» чуўся гоман хлопчыкаў і дзяўчынак. Атракцыёны, надзіманыя горкі, батут, стралковы цір. Працавалі пляцоўкі бодзі-арту, «Чытаючае лета», дзе было шмат кніг, «Лета спартыўнае» і іншыя. Непадалёку размяшчалася пляцоўка «Бяспечнае лета», дзе супрацоўнікі РАУС расказвалі, як паводзіць сябе ў грамадскіх месцах. Дзеці маглі прымераць бронекамізэльку, патрымаць у руках гумовую дубінку і г. д. Побач супрацоўнікі пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №4 к. п. Нарач знаёмілі з пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікай. А вось работнікі выратавальнай станцыі «Нарач» праводзілі гутаркі на тэму бяспечных паводзін на вадзе, раздавалі памяткі.
Прадстаўнікі раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» сумесна з супрацоўнікамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзілі акцыю «Забі на цыгарэту», асноўная мэта якой — паказаць насельніцтву прэстыж некурэння, здаровага ладу жыцця. А яшчэ моладзь сумесна з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правяла экалагічную акцыю «Захавай сваю планету», якая прысвячалася Міжнароднаму дню аховы навакольнага асяроддзя.
А тым часам вядучыя, а з гэтымі ролямі выдатна спраўляліся Ганна Казакевіч і Аксана Мельнічэнка, запрашаюць прысутных у «зялёны тэатр». Менавіта тут разгортвалася асноўная дзея. Музыка, песні, смех, жарты панавалі навокал. Вядучыя зазначаюць, што дзверы здраўніц курорта адчынены круглы год. У кожным санаторыі зробяць усё магчымае, каб чалавек выдатна адпачыў, умацаваў здароўе.
— Сённяшняе свята адметнае і тым, што ў рамках адкрыцця летняга курортнага сезона на беразе возера Нарач стартуе другая міжнародная парусная рэгата «Кубак Нарачы», — аб’яўляе вядучая і запрашае калону ўдзельнікаў рэгаты прайсці на бачнае месца.
У складзе калоны — старшыня федэрацыі паруснага спорту г. Мінска Яўген Кібіраў, майстар спорту СССР па веславанні на байдарках і каноэ, заснавальнік паруснага спорту і першы дырэктар спартыўнай школы ў нашым раёне Раман Тарасевіч, майстар спорту СССР па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Яцына, пераможцы і прызёры Рэспубліканскай спартакіяды сярод дзіцячых і юнацкіх спартыўных школ, кандыдаты ў майстры спорту Максім Лаўрынайць, Антон Смолка, Ілья Дземяшкевіч і іншыя пераможцы і прызёры абласных спаборніцтваў.


Затым на пляцоўку запрашаюцца прадстаўнікі старэйшай здраўніцы курорта — санаторыя «Нарач». За імі выходзяць каманды санаторыяў «Нарачанскі бераг», «Белая Русь», «Прыазёрны», «Сосны», «Спадарожнік», «Жураўка». Шэсце працягваюць прадстаўнікі Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня», а замыкае яго санаторый «Нарачанка». Пакуль крочаць каманды, з дынамікаў гучыць інфармацыя пра тое, калі была створана здраўніца, колькі людзей адначасова можа яна прыняць, якія накірункі ўмацавання здароўя і лячэння і многае іншае.
Для ўрачыстага адкрыцця свята да мікрафона запрашаецца намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева. Яна шчыра прывітала прысутных: жыхароў курортнага пасёлка і шматлікіх гасцей Нарачанскага краю.
— Сёння Мядзельшчына гатова прыняць дзяцей і дарослых, дапамагчы ім умацаваць здароўе на нашым курорце. На беразе Нарачы зможа цудоўна адпачыць той, хто любіць векавыя сосны і разам з сонцам усміхацца возеру, і той, хто аддае перавагу актыўнаму баўленню вольнага часу. Тут створаны ўсе ўмовы для паўнацэннага адпачынку і ўмацавання здароўя, — падкрэсліла Іна Іванаўна.
Для адкрыцця паруснай рэгаты слова прадастаўляецца арганізатару мерапрыемства Аляксандру Таляронку.
— Сёння стартуе другая Міжнародная парусная рэгата «Кубак Нарачы». Удзел у ёй бяруць прадстаўнікі Германіі, Турцыі і беларускія экіпажы, — зазначыў Аляксандр Мікалаевіч. — Ён пажадаў усім удзельнікам рэгаты добрых вынікаў і выдатнага адпачынку.
Для ўзняцця сцяга «Нарачанскае лета-2017» запрашаюцца Анастасія Кошава і Уладзіслаў Моцны, а для ўзняцца сцяга «Парусная рэгата» — Максім Лаўрынайць і Антон Смолка.
Але перш, чым яхтсмены выйшлі на ваду, люстэрка возера было прадстаўлена ў распараджэнне юных спартсменаў, якія займаюцца веславаннем на байдарках і каноэ, навучэнцаў СДЮШАР Мядзела.

А ў «зялёным тэатры» распачынаецца прэзентацыя здраўніц. Цікавыя расказы, песні і жарты гучалі са сцэны. А яшчэ прадстаўнікі санаторыяў частавалі прысутных рознымі прысмакамі. Першымі на сцэне — прафсаюзныя санаторыі «Нарач», «Нарачанскі бераг» і «Нарачанка». Гэта дружнае трыа мяняе НДЦ «Зубраня». Зразумела, нікога не пакінула абыякавым выступленне хлопчыкаў і дзяўчынак, якія там адпачываюць.
Падчас прэзентацый гучалі аповеды пра ўмовы аздараўлення, пражывання ў той альбо іншай здраўніцы. А вось на сцэне прадстаўнікі санаторыя «Жураўка». Прысутныя з цікавасцю даведаліся, што тут зараз адпачывае і ўмацоўвае здароўе жыхар Уладзівастока Уладзімір Машкоў.
— Прыміце шчырыя віншаванні ад жыхароў Уладзівастока, які размешчаны на беразе Ціхага акіяна. Я вельмі ўражаны такім мерапрыемствам. У нас кажуць, што беларусы — вельмі працавіты і гасцінны народ. І гэта сапраўды так. Я пераканаўся ў гэтым, адпачываючы ў «Жураўцы». Дзякуй вам. Запрашаю вас на Далёкі Усход. У нас там таксама ёсць санаторыі. І гэта не так далёка, нейкіх 11 тысяч кіламетраў. Прыязджайце, — запрасіў Уладзімір Аляксандравіч.
Непадробную цікавасць у многіх выклікаў паказ мод курортнага сезона «Летняя фантазія-2017». У здраўніцах адпачывае шмат адораных, таленавітых людзей. Менавіта ім была прадастаўлена магчымасць падзяліцца сваім талентам з прысутнымі падчас «Мінуты славы». Асабліва радавалі выступленні дзяцей, якія адпачываюць у НДЦ «Зубраня».
Закончыліся спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ. Для падвядзення вынікаў і ўзнагароджання пераможцаў на
сцэну запрашаюцца старшыня федэрацыі паруснага спорту г. Мінска Яўген Кібіраў і дырэктар СДЮШАР нашага раёна Андрэй Малько.
— У спаборніцтвах па веславанні на байдарках і каноэ на дыстанцыі 1000 метраў сярод юнакоў старэйшага ўзросту за трэцяе месца ўзнагароджваецца Максім Бірала, за другое — Аляксей Вярбіла, за першае — Антон Смолка, — агучвае Андрэй Вітальевіч. — Сярод юнакоў малодшага ўзросту на дыстанцыі 1000 метраў трэцім быў Ягор Дземяшкевіч, другім — Павел Бажэлка, першым — Максім Лаўрынайць.
Пад апладысменты прысутных юныя спартсмены атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Гаспадарамі сцэны становяцца самадзейныя артысты раёна. Яны прапанавалі канцэртна-танцавальную праграму «У рытмах курортнага лета». Апладысментамі суправаджалася выступленне кожнага з іх. Госці таксама падхоплівалі мелодыю і спявалі разам з салістамі.


А на возеры Нарач тым часам праходзіў першы этап спаборніцтваў паруснай рэгаты. Увогуле, яхтсмены спаборнічалі два дні. У першы яны выходзілі на малую дыстанцыю.
Вечарам на суд мясцовых жыхароў і шматлікіх адпачываючых была прадстаўлена канцэртная праграма з удзелам Андрэя Шумака, Віталія Данілава, Вольгі Шыманскай, шоу-дуэта «Два буслы».
У нядзелю на Нарачы працягвалі выяўляць мацнейшых яхтсмены. Падводзячы вынікі спаборніцтва, галоўны суддзя Яўген Кібіраў падкрэсліў, што барацьба была напружанай. Здараліся дробныя памылкі, але ў цэлым усё прайшло на ўзроўні.
І вось доўгачаканы момант. Вядучы аб’яўляе, што дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджваецца каманда яхты «МакГрегар», дзе шкіперам быў Андрэй Марозаў. На другую прыступку п’едэстала гонару выклікаецца каманда яхты «Паляўнічы» са Смаргоні. А першае месца — за экіпажам яхты «Санта-Марыя», у склад якой уваходзіў наш зямляк Раман Тарасевіч. Пераможцы атрымалі дыпломы, медалі і кубкі. Многія яхтсмены былі адзначаны дыпломамі за актыўны ўдзел у рэгаце на «Кубак Нарачы-2017».
Мерапрыемства закончылася. Летні курортны сезон адкрыты!
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.


Фота Аляксандра Высоцкага.



09 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Культура, Курорт

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Студзень 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сне    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

    Паруснікі                          Лебедзі на Нарачы img_4257 wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси