Святлана Блізнік: “Работа ў сельвыканкаме неардынарная”

СВЯТЛАНА Блізнік — кіраўнік справамі Занарацкага сельвыканкама. Пасада гэта няпростая, патрабуе не толькі кампетэнтнасці, скрупулёзнасці, але ў пэўнай ступені і ведання асноў псіхалогіі. Бо ў цэнтр увагі ставіцца, вядома ж, работа з людзьмі. Прыём грамадзян вядзецца штодзённа. Святлана Анатольеўна дае тлумачэнні і папярэднія кансультацыі па самых розных пытаннях — юрыдычнага, натарыяльнага, адміністрацыйна-гаспадарчага характару: скажам, што датычыцца адраснай дапамогі, прыватызацыі жылля, зямлі, пазбаўлення бацькоўскіх правоў і інш. Пра ўсё, што не ўваходзіць у кампетэнцыю кіраўніка справамі, яна адразу ж кансультуецца з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльным цэнтрам сацабслугоўвання насельніцтва, юрыдычнай, натарыяльнай службамі, РАУС і г. д., каб даць чалавеку абгрунтаванае тлумачэнне.
Увогуле, кола службовых абавязкаў кіраўніка справамі сельвыканкама вельмі шырокае. Гэта і вядзенне справаводства, і падрыхтоўка пасяджэнняў выканкама і сесій сельскага Савета дэпутатаў, і ажыццяўленне кантролю за тэрмінамі выканання рашэнняў, прынятых сельвыканкамам, Саветам дэпутатаў. Акрамя таго, Святлана Анатольеўна праводзіць рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану, рыхтуе справаздачныя дакументы, выдае даведкі або іншыя дакументы паводле пераліку адміністрацыйных працэдур, што здзяйсняюцца па заявах грамадзян і юрыдычных асоб, а таксама выконвае шэраг іншых абавязкаў.
Кіраўнік справамі ў сельвыканкаме — гэта другі па іерархіі пасля старшыні чалавек, які павінен ведаць не толькі сваю работу, але і работу старшыні, таму што ў яго адсутнасць ён выконвае і яго абавязкі. Святлана Блізнік выдатна спраўляецца і з гэтымі абавязкамі. Яна добра ведае жыхароў сельсавета і ўмее наладзіць з імі кантакт, заўсёды карэктная ў звароце з людзьмі. З упэўненасцю можна сказаць, што чалавек на сваім месцы.
Святлана родам з вёскі Чарэмшыцы. Пасля школы дзяўчына паступіла ў Нарацкае кааператыўнае вучылішча. Затым закончыла тэхнікум. За плячыма Блізнік і юрыдычны факультэт інстытута ўпраўлення і прадпрымальніцтва. А працоўны шлях распачала з пасады загадчыцы магазіна ў вёсцы Чарэмшыцы, затым працавала ў магазіне ў Занарачы, кантралёрам-касірам тагачаснага аддзялення «Беларусбанка». А калі былы сакратар Занарацкага сельскага Савета дэпутатаў Зінаіда Усовіч пайшла на заслужаны адпачынак, менавіта Святлану запрасілі на гэту пасаду. Было гэта ў жніўні 2004 года…
— Работа ў сельвыканкаме неардынарная, — кажа Святлана Анатольеўна. — Часта ўсё бывае непрадказальным. Іду на працу і не ведаю, як у мяне пройдзе дзень, з кім я буду мець зносіны, якія пытанні мне будуць задаваць і якія праблемы давядзецца вырашаць.
— Ці бываюць канфліктныя сітуацыі і як іх атрымліваецца ўладзіць? — цікаўлюся ў суразмоўцы. — Бо не сакрэт, што часам людзі загадзя настроены агрэсіўна, а асабліва па тэлефоне маюць звычку «выплюхнуць» сваю незадаволенасць на партнёра па гутарцы.
— Вядома, здараецца і такое. Але мне, як правіла, канфлікты атрымліваецца вырашаць мірным шляхам. Спрабуеш сябе паставіць на месца гэтага чалавека. Калі ён тэлефануе з нейкімі прэтэнзіямі ці заўвагамі, значыць, не знайшоў дзесьці адказ на сваё пытанне або хтосьці яму адказаў не так, як трэба. Спрабуеш высветліць прычыну незадаволенасці і пачынаеш тлумачыць чалавеку, як гэта ўсё павінна быць арганізавана па правілах. У цэлым мне падабаецца мая праца, — адказвае Святлана Анатольеўна. — Яна не манатонная, рознабаковая. Звароты грамадзян — гэта адзін з галоўных участкаў усёй нашай працы. Яны, як правіла, датычаць сферы жыццядзейнасці людзей. І калі сігнал паступае ў сельвыканкам, мы вызначаемся, ці зможам самі вырашыць гэту праблему, ці пераадрасоўваем яе ў адпаведную арганізацыю.
— Што ў вашай рабоце найбольш хвалюючае? — цікаўлюся.
— Рэгістрацыя шлюбаў. За час працы ў сельвыканкаме давялося зарэгістраваць іх шмат, прыкладна 8-10 за год. Кожны раз перад такім мерапрыемствам вельмі хвалююся. І сёння да драбніц памятаю першую рэгістрацыю. Было гэта ў лістападзе 2004 года. Наша дзяўчына Наталля Шорац выходзіла замуж. Жаніх быў з Мінска, шмат гасцей са сталіцы. Вельмі перажывала. Выпіла, напэўна, не адзін флакончык валяр’янкі. Больш за тое, у маладой была высокая тэмпература. Ёй не да вяселля. Але нічога, усё абышлося. Дапамагала мне весці цырымонію бібліятэкар Людміла Валадкевіч, — расказвае Святлана Анатольеўна. Крыху падумаўшы, дадае: — Вельмі шкада, але дзве пары, якія ў свой час рэгістравала, разышліся. Напэўна, не было ім наканавана лёсам крочыць разам па жыццёвай сцяжынцы…
Паціху размова перайшла на гаспадарку, сям’ю. Святлана разам з мужам Міхаілам, які працуе вадзіцелем у санаторыі «Жураўка», раней трымалі на падворку жыўнасць. Зараз — не, жывуць, як смяецца гаспадыня, па-гарадскому. Выраслі дочкі, у іх свае сем’і. Старэйшая Анастасія жыве ў Занарачы, працуе настаўніцай у Сырмежскай школе. Малодшая Ганна — у Мачулішчах. Яна гадуе дачушку Арыану.
— Вельмі добрыя зяці. Працавітыя, уважлівыя, абыходлівыя. Дзеці не забываюць бацькоўскі дом, часта наведваюцца да нас, — кажа суразмоўца. — А жыццё хутка ляціць…
Задаволены работай сваёй супрацоўніцы і старшыня сельвыканкама Уладзімір Зелянкевіч. Ён асабліва адзначае такія яе якасці, як мэтанакіраванасць, імкненне да самаўдасканалення. Добрыя водгукі аб працы Святланы Анатольеўны, як, зрэшты, і ўсяго калектыву сельвыканкама, давялося пачуць і ад некаторых жыхароў Занарачы. Пры гэтым яны адзначаюць спакойную дзелавую атмасферу і імкненне заўсёды дапамагчы людзям. Гэта якраз тое, чаго ўсім нам сёння вельмі не хапае.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: кіраўнік справамі Занарацкага сельвыканкама Святлана Блізнік.
Фота Аляксандра Высоцкага.



02 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Кадры

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел возера Глубелька 84 0-178

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси