Дзяржкантроль паведамляе

На чыім сумленні харчаванне дзяцей?

У ПОЛІ зроку Камітэта дзяржкантролю вобласці — арганізацыя харчавання ў школах і садах. Трэба адзначыць, што ў цэлым вывучэнне дадзенага пытання сведчыць пра станоўчую дынаміку і забеспячэнне патрэбнага кантролю за працэсамі з боку ўпаўнаважаных органаў. Разам з тым, адзінкавыя негатыўныя прыклады ўсё ж такі ёсць.
У мінулым месяцы кантрольны зрэз быў зроблены ў адной са школ Барысаўскага раёна. Выбар аб’екта не выпадковы — зварот ад імя бацькоў.
У сталовай аказалася не ўсё ў норме: замест чысціні і парадку ў плітах і духавых шафах — засушаны хлеб, пустыя слоікі і выкарыстаныя ўпаковачныя пакеты. У халадзільніках не вытрымлівалася таварнае суседства: разам з дабраякаснымі захоўваліся пратэрмінаваныя прадукты, якіх, дарэчы, аказалася не так ужо і мала. Затое былі выяўлены лішкі свініны.
Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што ў дзень наведвання сталовай дзецям прапаноўвалі на абед рыбныя катлеты, тэхналогія прыгатавання якіх усё ж такі выконвалася.
Таксама выклікала пытанні існуючая практыка збору і ўтылізацыі ў сталовай харчовых адыходаў. Аказалася, што яны разам з кардоннымі каробкамі і іншым смеццем выкідваліся, што не дапушчальна па санітарных патрабаваннях, устаноўленых для аб’ектаў грамадскага харчавання.
Па выніках кантрольных мерапрыемстваў да парушальнікаў будуць прыменены меры дысцыплінарнага і адміністрацыйнага пакарання. Матэрыялы праверкі ў абавязковым парадку будуць перададзены ў праваахоўныя органы і органы санітарнага нагляду для ўзмацнення ў межах кампетэнцыі кантролю і прыняцця мер. Разам з тым, варта прызнаць, што лепшы кантралёр у дадзеным выпадку — сумленне работніка грамадскага харчавання, які павінен забяспечыць дзіця якаснымі сняданкамі і абедамі.
Кантроль за дзейнасцю аб’ектаў па арганізацыі харчавання дзяцей у школах будзе працягнуты.

Аддзел кантролю спажывецкага рынку і сферы паслуг Камітэта дзяржкантролю вобласці.

***

Садовыя таварыствы. Ці ўсё ў парадку?

ЗА апошнія гады ў рэспубліцы шмат зроблена па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, навядзенні парадку на зямлі. Гэта пытанне на асаблівым кантролі ў кіраўніка дзяржавы. На месцах органамі ўлады выкарыстоўваюцца ўсе спосабы прымусу і рычагі стымулявання праводзімай у гэтым кірунку работы: прыцягненне да адказнасці за антысанітарыю, розныя суботнікі па добраўпарадкаванні, прысуджэнне прэмій за лепшы дом і іншае.
Разам з тым, ёсць асобныя «індывіды», якім калектыўныя старанні ніпачым. Некаторыя з іх чакаюць, што да іх хтосьці прыйдзе і зробіць уборку (скосіць быльнік, прыбярэ смецце). Ёсць і такія, хто, навёўшы парадак на сваім участку, «перакідае» прыбраны хлам на чужую тэрыторыю.
Вельмі непрыемна выяўляць вось такія звалкі ў лясных масівах, якія прылягаюць да садовых таварыстваў. Чаго толькі не ўбачылі кантралёры ў раёне садовых таварыстваў «Лотас», «Жаўрук», «Ландыш», «Мара кааператара» ў Пухавіцкім раёне: стары руберойд, матрацы, адзенне, мяшкі са смеццем. І гэта пры тым, што напярэдадні працаўнікі лясгасу цалкам вычысцілі прылягаючую тэрыторыю!
Стыхійныя звалкі цвёрдых бытавых адыходаў, смецця, якія ўтварыліся на тэрыторыі дзяржлесфонду, выяўлены Камітэтам дзяржкантролю сталічнай вобласці таксама ва Уздзенскім раёне паблізу садовых таварыстваў «Журавінка-ягада», «Здароўе 21 стагоддзе», «Утульная паляна», «Кантакт», «Навука плюс», «Дуброва», «Здароўе 20 стагоддзе» і інш., у Смалявіцкім раёне каля садовых таварыстваў «Садоўнік-ТП», «Крынічка 89» і «Світанак». Больш за тое, члены таварыстваў «Усход-градкі» захламілі не толькі тэрыторыю лесу бытавымі адыходамі, але і ўмудрыліся вывесці са свайго ўчастка ў лясны масіў каналізацыйныя сцёкі.
А вось выявіць парушальнікаў, на жаль, практычна немагчыма. Таму даводзіцца леснікам прыбіраць за дзяржаўныя сродкі смецце. Думаецца, што ў дадзенай сітуацыі аптымальным было б прыняцце райвыканкамамі рашэнняў пра замацаванне за садовымі таварыствамі прылягаючай да іх межаў тэрыторыі. Вось тады, у выпадку выяўлення несанкцыянаванай звалкі, ёсць усе падставы пакараць таварыства і прымусіць яго прыбраць смецце за свой кошт. Упэўнены, што пасля такіх выдаткаў, дачнікі хутка выкрыюць «несуноў» і прымуць да іх належныя меры.
Не менш праблемным пытаннем з’яўляецца захоп зямель ляснога фонду. Такія факты выяўлены практычна ў кожным другім абследаваным садовым таварыстве. У чым гэта бачна? У самавольным будаўніцтве за межамі зямель таварыства лазняў, гаражоў, альтанак, туалетаў, складзіраванні будаўнічых матэрыялаў, размяшчэнні пчальнікоў і інш.
Гэта з’яўляецца сведчаннем неналежнага кантролю з боку зямельнай службы. Такія факты наогул не дапушчальныя. І меры адказнасці па іх павінны быць самыя жорсткія. Адпаведная інфармацыя Камітэтам дзяржкантролю ўжо накіравана ў аблвыканкам. Упэўнены, што агульнымі намаганнямі мы зможам навесці належны парадак на тэрыторыі вобласці.

Камітэт дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці.



01 чэрвеня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        _dsc1133-3 0-170 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела