Лета з карысцю | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Лета з карысцю

ЛЕТА — найлепшы час для адпачынку. У тым ліку і для дзіцячага. Задача дарослых — зрабіць гэты адпачынак максімальна карысным, цікавым, а яшчэ абавязкова бяспечным.
Вось і падчас “круглага стала” “Лета з карысцю”, які адбыўся ў аўторак у райвыканкаме, абмяркоўваліся пытанні арганізацыі дзіцячага адпачынку на тры летнія месяцы. Праводзіла яго намеснік старшыні райвыканкама Іна БАРЫЕВА, з прапановамі выступілі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Вольга ГАБРУСЕНАК, выконваючы абавязкі начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Леанід ШЫДЛОЎСКІ, першы сакратар раённага камітэта ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Марына АПАНАСЁНАК, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы раёна Таццяна НЫРЦОВА, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Валянціна ДУБЯГА, старшы інжынер групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны Дзяніс МАЛЬКО, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Вікторыя ВАЙЦЮЛЯН. Прапануем вашай увазе некаторыя тэзісы выступленняў.
Л. Шыдлоўскі:
— Сёлета план летняга аздараўлення складае 729 дзяцей. З іх 515 адпачнуць у лагерах з дзённым знаходжаннем (17 лагераў), яшчэ 214 — з кругласутачным. У дзве змены будзе працаваць летнік на базе спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву, 5 профільных плануецца арганізаваць на базе гімназіі-інтэрната горада Мядзела, асобная змена — для дзяцей-інвалідаў у Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, тут жа ў дзве змены адпачнуць дзеці з прыёмных сем’яў і тыя, хто знаходзіцца на розных відах уліку.
У ліпені на дзіцячай турбазе “Лотва” запланавана прыняць два перасоўныя палатачныя лагеры. Ахоп дзяцей па ўзросце — з 6 да 18 гадоў. Да 14-ці гадоў прымаюць у летнікі з дзённым знаходжаннем і 18-дзённыя кругласутачныя, у профільныя могуць запісвацца дзеці і падлеткі да 18-ці гадоў, у профільныя палатачныя бяруць хлопчыкаў і дзяўчынак з 12 гадоў і старэйшых (дапускаецца і з 9-11 з умовай, што яны прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і маюць вопыт удзелу ў турыстычных паходах), у лагерах працы і адпачынку задзейнічаюць падлеткаў з 14-ці да 18-ці гадоў з адпаведнай групай здароўя.
Калі казаць пра кошт пуцёвак, то бацькоўская даплата будзе наступнай: лагеры з дзённым знаходжаннем (датацыя 72 рублі): 6-10 гадоў — 31 рубель, 11-13 — 38 рублёў 63 капейкі, 14-15 — 44 рублі 23 капейкі; профільныя палатачныя (датацыя 75 рублёў): 11-13 — 26 рублёў 54 капейкі, 14-15 — 29 рублёў 78 капеек; профільныя спартыўныя (датацыя 85 рублёў): 11-13 — 21 рубель 58 капеек, 14-15 — 24 рублі 10 капеек; гімназія-інтэрнат г. Мядзела, ЦКРНіР раёна (9-дзённыя, датацыя 75 рублёў): 6-10 — 28 рублёў 46 капеек, 11-13 — 33 рублі 43 капейкі, 14-15 — 36 рублёў 68 капеек; лагеры працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем (датацыя 80 рублёў): 14-17 гадоў — 36 рублёў 23 капейкі. Без бацькоўскай даплаты аздараўляюцца дзеці-інваліды і дзеці-сіроты.
Арганізацыя летняга адпачынку будзе ажыццяўляцца ў цесным супрацоўніцтве з усімі зацікаўленымі структурамі.
В. Габрусенак:
— Патлумачу наконт магчымасці моладзі гэтым летам крыху зарабіць. На арганізацыю часовай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы час на 2017 год прадугледжана фінансаванне са сродкаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў памеры 10 тысяч рублёў. Напрыклад, у чэрвені плануецца прыцягнуць 18 навучэнцаў Нарацкай СШ №1 і Мядзельскага ВПК яслі/сад-сярэдняя школа на пашыў пасцельнай бялізны на патрэбы сацыяльных устаноў раёна, у ліпені-жніўні для такой работы будуць створаны дзве брыгады з прыцягненнем 43 навучэнцаў устаноў адукацыі Мядзельшчыны. Комплекс “Аптэкарскі сад” у Гатавічах таксама прадастаўляе магчымасць моладзі зарабіць. Скарыстаюцца ёй удзельнікі лагера працы і адпачынку, які будзе працаваць на базе гімназіі-інтэрната. Акрамя гэтага, у сельгасарганізацыях раёна плануецца набор моладзі на перыяд уборачнай кампаніі, пачынаючы з сярэдзіны ліпеня па жнівень. Прапаноўваюцца пасады памочніка камбайнера, памочніка аператара збожжасушыльнай устаноўкі, падсобнага рабочага, палявода. За працаўладкаваннем на часовую работу на летні перыяд можна звярнуцца і непасрэдна ў нашу службу занятасці, а вось вакансіі можна будзе нагледзець, пачынаючы з 9 чэрвеня, на афіцыйным сайце райвыканкама, а таксама на партале дзяржаўнай службы занятасці па адрасе gsz.gov.by.
М. Апанасёнак:
— Жадаючыя працаўладкавацца могуць звяртацца таксама да нас у раённы камітэт грамадскага аб’яднання “БРСМ”. На летні час традыцыйна прапаноўваем работу ў студатрадах. Тэлефануйце па нумары 50-5-63.
Т. Нырцова:
— Арганізацыя летняга адпачынку дзяцей і падлеткаў — традыцыйны накірунак дзейнасці ўстаноў культуры. Ва ўсіх бібліятэках раёна складаюцца каляндарныя планы работы на летні перыяд і асобна — на час работы аздараўленчых лагераў. У некаторых, напрыклад, у раённай дзіцячай бібліятэцы-экалагічным цэнтры гэта будзе цэлая праграма летніх чытанняў “Летам з кнігай я сябрую”: літаратурна-прыгодніцкі квэст “Па казачных краінах, марах і акіянах”, літаратурная гасцёўня “Мне сняцца сны пра Беларусь” (да 135-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы) і так далей. Дзеці могуць прыйсці і ўзяць кнігі, перыёдыку. А таксама паўдзельнічаць у гульнях, паэтычных гадзінах, пазнаёміцца з аглядам літаратуры, прэзентацыяй выстаў новых кніг. Напрыклад, да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны ў Нарацкай пасялковай бібліятэцы запланавана вечарына-разважанне “Слухаючы апошніх сведкаў тых страшных дзён” з запрашэннем ветэрана Міхаіла Трафімавіча Чарняўскага. А да Міжнароднага дня абароны дзяцей у Свіры ў бібліятэцы пройдзе забаўляльна-гульнявая праграма “Шчаслівы свет дзяцінства” і так далей.
Акрамя гэтага, працягнуць сваю дзейнасць 67 клубных фарміраванняў для дзяцей і падлеткаў. Асаблівая ўвага — дзецям падуліковых катэгорый. Іх будуць прыцягваць да ўдзелу ў Днях здароўя, конкурсах, віктарынах… Не абыдзецца без дзяцей і святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, народнага свята “Купалле”, свята возера. Будуць рады бачыць хлопчыкаў і дзяўчынак у Дзягільскім Доме майстра на экскурсіі з правядзеннем майстар-класа па саломапляценні і валенні, а таксама у Лацвянскім Доме майстра на экскурсіі па музеі народнага побыту.
В. Вайцюлян:
— Каб нашы дзеці не здзяйснялі неабдуманых учынкаў, не падвяргалі сваё жыццё небяспецы, дарослыя павінны граматна арганізаваць іх вольны час улетку. Таксама не лішнім будзе перыядычна нагадваць дзецям элементарныя правілы бяспечных паводзін на вадзе, дарогах, а таксама ў іншых патэнцыяльна небяспечных месцах. Бацькам і іх дзецям варта ведаць, што ў летні перыяд у вячэрні час дапускаецца знаходжанне ў грамадскіх месцах асоб, якія не дасягнулі 16-ці гадоў, да 23 гадзін. У выпадку невыканання дадзенага патрабавання ў адносінах да бацькоў будзе разгледжана пытанне аб прыцягненні іх да адміністрацыйнай адказнасці. Пакідаць жа непаўналетніх дзяцей без нагляду ўвогуле недапушчальна. Заклікаем усіх жыхароў раёна разглядаць такія выпадкі як надзвычайнае здарэнне! Не будзьце раўнадушнымі! Паведамляйце, калі ведаеце, што дзеці засталіся адны. Магчыма, вы выратуеце гэтым жыццё!
Кожны чалавек можа інфармаваць пра факты парушэнняў правоў дзяцей, насілля і жорсткасці ў адносінах да іх, п’янства бацькоў, а таксама пра сем’і і дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Паведаміць пра гэта можна па нумарах 50-6-74 (інспекцыя па справах непаўналетніх), 102, 55-4-71 (дзяжурная часць РАУС).
В. Дубяга:
— Улетку працягнецца рэалізацыя акцыі “Сям’я без насілля”, у рамках якой зацікаўленыя службы па серадах будуць наведваць сем’і, прызнаныя ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзяцей, якія жывуць у сваякоў, а таксама дзяцей, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх ці ўнутрышкольным уліку, вернутыя ў сем’і згодна з рашэннямі камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама пасля знаходжання на дзяржаўным забеспячэнні. Падчас такіх візітаў бацькам і дзецям будуць тлумачыцца правілы арганізацыі бяспекі дзяцей, недапушчальнасці пакідання іх без нагляду. Уручым ім лістоўкі, буклеты, распрацаваныя рознымі службамі. Ну а тых, хто дапусціў парушэнне артыкулаў кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, будзем прыцягваць да адказнасці.
Д. Малько:
— Акцэнт нашай работы — прафілактыка. Летам пройдзе акцыя “Канікулы без дыму і агню”. У яе рамках запланаваны мерапрыемствы ў аздараўленчых лагерах, установах дашкольнай адукацыі, падчас якіх будзем праводзіць прафілактычныя сустрэчы з дэманстрацыяй тэматычных і навучальных відэафільмаў, мультфільмаў, арганізоўваць віктарыны па асновах бяспекі жыццядзейнасці, дэманстраваць пажарную аварыйна-выратавальную тэхніку і абсталяванне, іх магчымасці і так далей. Запланаваны і сумесныя з ГА “БРСМ” прафілактычныя рэйды па пляжах. Бацькам у чарговы раз нагадаем пра тое, што малых нельга пакідаць адных, а хлопчыкам і дзяўчынкам раскажам, як сябе паводзіць, бо ў іх павінна быць шчаслівым і бяспечным не толькі лета, але і дзяцінства ў цэлым.
Іна ЯРЧАК.
На здымку: падчас правядзення “круглага стала”.
Фота Аляксандра Высоцкага.



26 мая 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры _dsc1133-3 1-12 Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси