ЗА ПЕРАВЫШЭННЕ ХУТКАСЦІ — ПЯЦЬ ГАДОЎ ПАЗБАЎЛЕННЯ ВОЛІ

УСТУПІЎ у законную сілу прысуд абласнога суда па справе аб дарожна-транспартным здарэнні, якое адбылося 24.12.2014 у Салігорску і прывяло да чалавечых ахвяр.
Транспартныя сродкі аднесены заканадаўцам да крыніц павышанай небяспекі, бо іх выкарыстанне павялічвае пагрозу для жыцця і здароўя людзей.
Для правільнага вырашэння крымінальных спраў аб злачынствах, звязаных з парушэннем Правілаў дарожнага руху (далей — ПДР) ці эксплуатацыі транспарта, патрэбна дэталёвая праверка следавой інфармацыі дарожна-транспартнага здарэння, ацэнка адпаведнасці ПДР дзеянняў вадзіцеляў, правільнае вызначэнне моманту ўзнікнення небяспекі, дасканалае вывучэнне ўсіх абставін учыненых парушэнняў… Гэта патрабуе спецыяльных ведаў і, як вынік, правядзення шэрагу экспертных даследаванняў, што сведчыць пра складанасць гэтай катэгорыі крымінальных спраў.
Не стала выключэннем і справа, пра якую ідзе гаворка.
Падчас папярэдняга следства высветлена, што абвінавачваемы Е., кіруючы грузавым аўтамабілем “МАЗ”, свядома парушыў п. 91.2 ПДР: перавысіўшы ўстаноўленую на гэтым участку дарожнымі знакамі хуткасць 40 км/г, рухаўся з хуткасцю 53 км/г і выехаў на скрыжаванне, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем “Люблін”, які паварочваў з сустрэчнага напрамку налева.
У выніку дарожна-транспартнага здарэння двум пасажырам “Любліна” нанесены цялесныя пашкоджанні, ад якіх у медыцынскай установе яны памерлі. Яшчэ два пасажыры атрымалі менш цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Экспертнымі даследаваннямі выяўлена, што менавіта свядомае перавышэнне хуткаснага рэжыму на гэтым участку дарогі вадзіцелем “МАЗа” пазбавіла яго тэхнічнай магчымасці спыніцца да перасячэння з траекторыяй руху аўтамабіля “Люблін”.
Спачатку гэту крымінальную справу разгледзеў суд Салігорскага раёна. Палічыўшы, што перавышэнне хуткасці нязначнае і не з’яўлялася прычынай ДТЗ, 03.08.2016 ён вынес апраўдальны прысуд у сувязі з адсутнасцю ў дзеяннях Е. складу злачынства. Дзяржаўны абвінаваўца з такімі высновамі суда не пагадзіўся, і прысуд быў абскарджаны ў апеляцыйным парадку. Судовай калегіяй па крымінальных справах Мінскага абласнога суда 04.10.2016 апраўдальны прысуд адменены, справа накіравана на новы судовы разгляд і прынята да вытворчасці Мінскім абласным судом.
Па выніках новага разгляду прысудам Мінскага абласнога суда Е. прызнаны вінаватым у парушэнні ПДР асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што прывяло па неасцярожнасці да смерці дзвюх асоб і прычынення менш цяжкіх цялесных пашкоджанняў дзвюм асобам. На падставе санкцыі ч. 3 арт. 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 5 гадоў з адбываннем пакарання ва ўмовах калоніі пасялення з пазбаўленнем на 5 гадоў права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.
Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, разгледзеўшы крымінальную справу ў апеляцыйным парадку, згадзілася з прыведзенымі ў прысудзе высновамі аб вінаватасці Е. у здзяйсненні інкрымінаванага яму злачынства і выбраным судом відам і тэрмінам пакарання.
Грамадзянскія іскі пацярпеўшых аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнага ўрону перададзены на разгляд у парадку грамадзянскай судавытворчасці.

Т. ГРАКУН.
Старшы пракурор аддзела пракуратуры Мінскай вобласці.



25 мая 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Правапарадак

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра Лебедзі на Нарачы _dsc1133-3 Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела