Зрабі свой выбар! | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Зрабі свой выбар!

ПАВАЖАНЫЯ выпускнікі ўстаноў адукацыі раёна! Вось і надышла хвалюючая пара развітання з бесклапотным дзяцінствам. Здаецца, зусім нядаўна маленькія першакласнікі з радаснымі ўсмешкамі на тварах і дапытлівымі вачыма ўпершыню пераступілі парог школы. Не паспелі азірнуцца, як закончылася імклівая школьная сцяжынка. Хутка празвініць апошні званок, а за парогам роднай школы вас чакае дарослае жыццё, шмат новых, цікавых адкрыццяў і здзяйсненне запаветных мар.
Менавіта зараз наступае момант, калі кожны павінен зрабіць адзін з найважнейшых крокаў у сваім жыцці. Перад вамі адкрыты ўсе дарогі. Па якой з іх пайсці? Як вызначыць справу, да якой ляжыць душа? Безумоўна, выбар будучай прафесіі павінен быць абдуманым і мэтанакіраваным, каб яна прыносіла асалоду і задавальненне на далейшым жыццёвым шляху.
Сёння існуе вялікая колькасць прафесіянальна-тэхнічных, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, якія прапануюць вельмі разнастайную палітру спецыяльнасцей. Кожная з іх па-свойму важная і неабходная. Але асабліва хочацца звярнуць вашу ўвагу на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю. Аграпрамысловы комплекс у нашай краіне з’яўляецца адным з найважнейшых накірункаў развіцця, асновай эканомікі дзяржавы ў цэлым і раёна ў прыватнасці. Яму надаецца асаблівая ўвага.
Падрыхтоўкай спецыялістаў у галіне сельскай гаспадаркі займаюцца такія вышэйшыя навучальныя ўстановы як Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія, Гродзенскі  дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. Таксама існуе шэраг спецыялізаваных сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю, такіх як Ільянскі і Смілавіцкі дзяржаўныя аграрныя каледжы, Навапольскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж, Мар’інагорскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж і іншыя.
Для задавальнення патрэбы ў кадрах аграпрамысловага комплексу Мядзельшчыны сёння ажыццяўляецца мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў. Прапануюць заключэнне мэтавага дагавора ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, а таксама сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна. Мэтавы дагавор выдаецца для прадстаўлення ў любую з вышэйназваных вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю (інжынерныя, ветэрынарныя, заатэхнічныя, агранамічныя, а таксама бухгалтарска-эканамічныя спецыяльнасці). Пры заключэнні мэтавага дагавора з сельскагаспадарчым прадпрыемствам пасля заканчэння навучальнай установы малады спецыяліст накіроўваецца на работу ў арганізацыю, якая выдала такі дагавор. Калі ж такі дакумент выдала ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, маладому спецыялісту прапануюць вакансіі па яго спецыяльнасці у межах раёна, а ён выбірае сам, дзе будзе працаваць. Колькасць мэтавых дагавораў не абмяжоўваецца. Заключыць яго могуць як выпускнікі школ (на базе 9-ці, 11-ці класаў), так і выпускнікі сярэдніх спецыяльных і прафесіянальна-тэхнічных навучальных устаноў, якія паступаюць на скарочаны тэрмін навучання ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.
Што такое мэтавы дагавор і ў чым яго перавага? Існуе шэраг ільгот пры паступленні на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Залічэнне ў студэнты «мэтавікоў» праходзіць па асобным конкурсе. Мінімальны прахадны бал па цэнтралізаваным тэсціраванні зніжаны да 5-ці балаў. Таксама ёсць магчымасць, калі  абітурыент не прайшоў па конкурсе мэтавых месцаў, перападаць дакументы і паступіць на агульных умовах. Студэнтам гарантуецца прадстаўленне інтэрната на ўвесь перыяд навучання. Акрамя таго, дадатковай умовай мэтавага дагавора можа з’яўляцца штомесячная даплата да стыпендыі з боку прадпрыемства, з якім заключаны гэты дагавор. Памеры такой даплаты ўказваюцца ў дакуменце. Яшчэ трэба мець на ўвазе, што пасля заканчэння навучальнай установы выпускнікі будуць мець гарантаванае месца працы там, дзе пажадаюць. Іх не накіруюць на работу за сотні кіламетраў ад дому, яны вернуцца ў родныя мясціны. Жадаючым вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі патрэбна звяртацца да кіраўніка любога з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна альбо ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. Тэлефон для даведак 54-2-54.
Хочацца адзначыць, што вучыцца ў вядучых аграрных вышэйшых навучальных установах Беларусі і атрымаць спецыяльнасць сельскагаспадарчага профілю не толькі цікава, але і прэстыжна. Якасны ўзровень адукацыі запатрабаваны як у Беларусі, так і ў Расіі, іншых краінах блізкага замежжа. Студэнты падчас вучобы маюць магчымасць паралельна атрымаць другую вышэйшую адукацыю, прайсці практыку за мяжой, набыць адну альбо некалькі рабочых спецыяльнасцей і іншае. Многія з выпускнікоў вышэйназваных навучальных устаноў займаюць высокія пасады ў кіраўніцтве краіны, вобласці, раёна, арганізацыях аграпрамысловага комплексу, вялікім і сярэднім бізнесе, на айчынных і замежных прадпрыемствах. Асабліва сёння, у час развіцця навейшых тэхналогій аграпрамысловаму комплексу, неабходны адукаваныя і высокакваліфікаваныя кадры, здольныя знаходзіць выхад з любой сітуацыі і бачыць перспектывы. Словам, спецыялісты аграрнага профілю — адны з самых запатрабаваных сёння і ў будучым.
Яшчэ трэба заўважыць, што дзеля таго, каб маладыя людзі, якія вырашылі звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, не расчараваліся ў сваім выбары, вялікая ўвага ў краіне надаецца развіццю і адраджэнню вёскі, замацаванню кваліфікаваных кадраў на сяле. Дзяржаўная кадравая палітыка прадугледжвае шэраг гарантый, якія прадастаўляюцца маладым спецыялістам, накіраваным пасля заканчэння навучальных устаноў працаваць у арганізацыі аграпрамысловага комплексу. Да іх адносяцца прадастаўленне добраўпарадкаванага жылля, выплата грашовай дапамогі ў памеры месячнай стыпендыі, пры пераездзе ў другую мясцовасць — выплата адначасовай дапамогі ў памеры месячнай тарыфнай стаўкі (акладу) па месцы працы, устанаўленне штомесячнай даплаты да заработнай платы ў двухразовым памеры месячнай тарыфнай стаўкі першага разраду ў першыя два гады работы, у наступныя тры гады — у трохразовым памеры, ільготнае крэдытаванне і многае іншае.
Паважаныя выпускнікі! Вам пашанцавала нарадзіцца ў прыгожым і непаўторным азёрным краі, які здаўна славіцца працавітасцю і патрыятызмам сваіх жыхароў, іх бязмежнай любоўю да роднай зямлі. Хочацца, каб  абраная вамі прафесія стала любімай справай, кожны з вас заняў дастойнае месца ў жыцці, змог упэўнена крочыць наперад, шанаваць сваю работу і бездакорна яе выконваць. Будзем спадзявацца, што хутка вы вернецеся дадому дыпламаванымі спецыялістамі і з адказнасцю і руплівасцю будзеце працаваць на карысць роднай Мядзельшчыны.
Няхай вам заўжды спадарожнічае ўдача. Жадаем поспехаў у выбары будучай прафесіі!
А. РАСКОВА.
Галоўны спецыяліст упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама.


25 мая 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя, Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        0-170 1-12 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси