Андрэй Русак: “У валейболе менш агрэсіі”

За пяць год Андрэй Русак прайшоў шлях ад маладога спецыяліста да звання «Лепшага па прафесіі» сярод работнікаў сферы фізічнай культуры і спорту ў раёне. Дырэктар фізкультурна-аздараўленчага цэнтра раскажа чытачам «Нарачанскай зары» пра свой шлях у спорце, падзеліцца, чаму лічыць валейбалістаў аднымі з самых дысцыплінаваных спартсменаў і чаму для Мядзельшчыны перспектыўна развіваць пляжны валейбол.
Як вырашылі звязаць жыццё са спортам?
— Бацька працаваў настаўнікам фізкультуры ў Сваткаўскай школе, ён закончыў універсітэт фізічнай культуры па спецыялізацыі «валейбол». І школа ў нас з ухілам валейбольным. Так што, дзесьці з класа чацвёртага гуляў у валейбол, а з класа шостага — за зборную Сваткаўскай школы. Вельмі падабалася гульня, рана стаў ездзіць на абласныя спаборніцтвы, пабываў на рэспубліканскіх. Таму не было ніякіх сумненняў, куды паступаць — зразумела, ва ўніверсітэт фізічнай культуры на спецыялізацыю «валейбол».
І пасля вучобы ў Мінску адразу вярнуліся на Мядзельшчыну…
— Так. Калі завяршаў навучанне ў школе, прапанавалі ўзяць мэтавае накіраванне, каб у будучым працаваць ва ўзводзімым фізкультурна-аздараўленчым цэнтры. Таму ўжо ведаў, куды вяртацца па заканчэнні вучобы. У 2012 годзе стаў трэнерам па валейболе спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву. Два гады адпрацаваў трэнерам, а потым прызначылі дырэктарам фізкультурна-аздараўленчага цэнтра.
— Як з трэнерскай працы на кіраўнічай пасадзе было асвоіцца?
— Вядома, нялёгка. Гэта розныя прафесіі. Калі трэнерская — толькі праца з дзецьмі, то тут усё нашмат шырэй. Не толькі спаборніцтвы і мерапрыемствы, а калектыў, тэхнічная, фінансавыя часткі. Давялося
вопыту набірацца, многаму вучыцца ў розных сферах.
— У чым бачыце сваю ролю як дырэктара?
— Паспрабаваць укараніць штосьці новае. Не проста задавальняцца тым, што ёсць, а ўвесці дадатковыя паслугі. З нядаўняга — адкрылі масажны кабінет, сёлета плануем запусціць на базе цэнтра месцы для пражывання спартсменаў. Увогуле, мэта нашай установы — прыцягнуць як мага больш слаёў насельніцтва да заняткаў фізкультурай і спортам, але спортам не высокіх дасягненняў, а агульным — для свайго развіцця і здароўя. Вядома, трэба старацца, каб наведвалі нас і дзеці, і іх бацькі, і пажылыя людзі. Наша задача — даносіць да іх перавагі актыўнага ладу жыцця і прывучаць да спорту. Прыемна, што працу нашага калектыву адзначаюць: у абласным аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы па выніках за 2015 год у намінацыі «Лепшы раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, клуб» занялі трэцяе месца, а за 2016 год — першае.
— Зразумела, што валейбол для вас — «спорт №1». На ваш погляд, якія якасці характару валейбол развівае?
— Па-першае, гэта адзін з некантактных відаў спорту, таму ў ім менш агрэсіі і адмоўных эмоцый. Тут больш станоўчых, таму што гуляеш у камандзе. Лічу, што валейбалісты больш дысцыплінаваныя, чым тыя ж футбалісты, баскетбалісты, у відах, дзе ёсць кантакт. Там часта сутычкі і спрэчкі ўзнікаюць. Валейбол — больш спакойны і добры від спорту, тут не ўзнікае такіх нюансаў. Па-другое, ён дае добрую фізічную і маральную падрыхтоўку. А яшчэ — і разумовую. Ты падскочыў — і менш чым за секунду павінен прыняць некалькі рашэнняў.
— Вы па-ранейшаму ведзяце ў цэнтры валейбольную секцыю…
— У гэтым навучальным годзе засталіся толькі дзяўчаты, хлопцаў выпусціў, і з верасня планую набіраць новых — зусім юных. Лічу, што валейбол варта актыўна развіваць у раёне, бо добрыя традыцыі ў гэтым відзе заклаліся на Мядзельшчыне з ранейшых часоў.
— Якія якасці патрэбны для трэнера?
— Цярпенне, шмат працы трэба ўкласці ў заняткі. Неабходна клапаціцца пра сваіх падапечных і даваць ім як мага больш ведаў і ўмення, развіваць розныя якасці.
— Што цяжэй: самому гуляць ці глядзець, як змагаюцца выхаванцы?
— Эмацыянальна больш складана глядзець. Бо як сам на пляцоўцы, то ацэньваеш сітуацыю, кантралюеш сябе. А калі гуляюць дзеці — хочаш іх падбадзёрыць, нешта падказаць. Але не заўсёды гэта можна перадаць на адлегласці. У пляжным валейболе трэнеру, наогул, забаронена падказваць. Толькі здалёку якімі жэстамі ці крыкам можаш паспрабаваць.
— Кажаце, што цяпер вам больш падабаецца пляжны валейбол. Чым ён так захапіў?
— Паспрабаваў пагуляць у яго яшчэ ў час вучобы ва ўніверсітэце — спадабалася. Але ўсё перамяшчаю на Мядзельшчыну. Чаму? Раён наш невялікі, набраць каманду пляжных валейбалістаў — трэба ўсяго два чалавекі. У класічным неабходна шэсць чалавек і запасныя — як мінімум, дзесяць чалавек. Набраць столькі гульцоў высокага ўзроўню ў нас няпроста. Так, добра некаторыя гуляюць. Але каб заняць высокія месцы, трэба гуляць не проста добра, а лепш за астатніх. Толькі так можна выйграваць у каманд з вялікіх гарадоў.
— Якія перавагі пляжнага валейбола?
— Па-першае, пляцоўка трохі меншая, але нязначна, а гуляюць у камандзе два чалавекі. Таму ад цябе залежыць вельмі шмат, прастаяць ні секунды не можаш. Па-другое, гуляюць на пяску, што ўскладняе скачок, нашмат больш траціцца сіл. Адпаведна, трэба быць больш вынослівым. Трэцяе — прыродныя ўмовы. У зале няма ні ветру, ні сонца, а тут — больш варыянтаў. Прыцягвае і тое, што гэта пляж — можна пазагараць, адпачыць і, разам з тым, атрымаць задавальненне ад гульні.
— Якім відам валейбола больш падабаецца займацца дзецям?
— У нас у краіне яны пачынаюць з класічнага. Мабыць, толькі ў паўднёвых краінах пачынаюць адразу з пляжнага. Гэтыя два віды трохі адрозніваюцца, але аснова адна і тая ж. Таму ў нас пачынаюць з класічнага, але тыя, хто займаюцца ў нашай секцыі, праходзяць базу і пляжнага.
— Юныя мядзельскія валейбалісты выступаюць дастойна: ёсць узнагароды на абласным узроўні і ў класічным, і ў пляжным валейболе. А якое самае вялікае дасягненне?
— Чацвёртае месца на рэспубліканскіх алімпійскіх Днях моладзі па пляжным валейболе. Гэта было два гады таму. Дзяніс Каркоцкі і Ілья Гуцаў займаліся пляжным валейболам не так доўга, але малайцы, паказалі сябе. Калі мы прыехалі на спаборніцтвы, трэнеры спыталі: «А вы адкуль? А, Мінская вобласць…», бо хлопцы з Міншчыны правальвалі спаборніцтвы. Калі дазналіся, што з Мядзела, жартавалі над намі: «А што, у вас весляры і лыжнікі прыехалі гуляць?». А нашы хлопцы трапілі ў фінал, выйграўшы ў мінскай і гродзенскай каманд. Калі абыгралі гродзенцаў, якія займалі першае месца, не пусцілі іх у фінальную чацвёрку, то столькі было эмоцый.
— Увогуле, валейбол — эмацыянальны від спорту?
— Вельмі. Кожнае дзеянне, кожны рух без эмоцый не могуць прайсці. Бывае, за секунду трэба перамясціцца на метраў 10 убок — тут без эмоцый не бывае. Калі будзеш проста стаяць і адпачываць на пляцоўцы, то гульні не будзе.
…Апроч дырэктарскай і трэнерскай працы, Андрэй Русак не забывае пра кар’еру валейбаліста. Гуляе за пастаўскі «Атлант» у дывізіёне В вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па валейболе. У гэтым сезоне каманда заняла другое месца. Ёсць поспехі і на аматарскім узроўні. Напрыклад, разам з Аляксандрам Сторублёвым стаў пераможцам рэспубліканскай спартакіяды работнікаў фізічнай культуры, спорту і турызму па пляжным валейболе.
— А які свой матч назвалі б самым запамінальным?
— За год гуляеш столькі матчаў, і ў кожным з іх шмат плюсаў. Усе гульні падабаюцца, нават паражэнні. Калі прайграеш, гэта таксама запамінаецца. Так, ёсць расчараванне, але ўсё роўна прыносіць карысць. Так што, назваць адзін канкрэтны матч не бяруся.
— Дык, можа, ён яшчэ будзе, галоўны матч?
— Магчыма, ён і наперадзе…
А яшчэ Андрэй Русак спадзяецца, што яго спартыўны шлях працягне дачка Анастасія. Ёй толькі два з паловай гады, і цяжка сказаць, які від спорту прыйдзецца даспадобы дзяўчынцы, але з мячамі яна ўжо любіць гуляць.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.



20 траўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе 06-043 возера Мястра     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси