19 мая — Дзень нараджэння Усесаюзнай піянерскай арганізацыі і Дзень піянерскай дружбы

СЁННЯ спаўняецца 95 гадоў самаму масаваму дзіцячаму руху ў нашай краіне — Піянерыі. З гэтай нагоды ў аўторак на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу “Курган Славы” адбылося маштабнае свята “Салют, піянерыя!”, у якім прынялі ўдзел каля сотні хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх рэгіёнаў сталічнай вобласці: акцябраты, піянеры, пераможцы піянерскіх конкурсаў, актывісты працоўных грамадскіх спраў, дарослыя лідары піянерскага руху. Таксама на мерапрыемства былі запрошаны лідары і актыў Мінскай абласной піянерскай арганізацыі, ветэраны руху, ганаровыя госці.
У прыватнасці, намеснік старшыні Мінаблвыканкама Віктар Сірэнка, звяртаючыся да гасцей свята, адзначыў, што 95 гадоў для дзіцячай грамадскай арганізацыі — значны тэрмін, а таксама іспыт, які Піянерыя, нягледзячы ні на што, вытрымала. Арганізацыя актыўна жыве, дзейнічае, папаўняецца новымі членамі. Віктар Іванавіч выказаў спадзяванне, што многім запомніцца гэты святочны і сонечны дзень надоўга, асабліва тым, каму ўпершыню сёння завяжуць піянерскі гальштук.
Ва ўрачыстай цырымоніі прыняцця ў рады грамадскага аб’яднання “БРПА” ўдзел прынялі і мядзяльчане. Надоўга хвалюючы момант застанецца ў памяці гімназістаў Уладзіміра Русака, Мікіты Світы, Дар’і Паршута і Марыі Станкевіч. Гальштукі ім завязалі ветэраны піянерскага руху, сярод якіх была і прадстаўніца Мядзельшчыны Галіна Сёмка, якая зараз узначальвае раённую структуру Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, а да гэтага шмат гадоў працавала ў сістэме адукацыі раёна, арганізоўвала не адзін год і работу з піянерамі.
Пасля заканчэння ўрачыстай лінейкі лепшыя акцябраты, піянеры і дарослыя за актыўную і змястоўную працу па папулярызацыі піянерскага руху былі ўзнагароджаны дыпломамі ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. Сярод іх — вучаніца 3 “Б” класа Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, акцябронак Валерыя Звяруга.
— Так цёпла і светла на душы ад таго, што ўсе традыцыі жывуць, захаваліся, — падкрэсліла начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Галіна Казак, звяртаючыся да актывістаў піянерскага руху вобласці. — Але дзеці зараз становяцца іншымі, таму і формы работы пашыраюцца новымі, больш сучаснымі накірункамі, падыходамі. Яскравы прыклад таму — вашы сённяшнія прэзентацыі і выступленні.
Галіна Мікалаеўна падзякавала прысутным за іх цікавую і карысную працу, а таксама нагадала пра тое, што да свята трэба паспець зрабіць 95 добрых спраў, каб годна адзначыць урачыстую дату.
Таксама арганізатары падрыхтавалі для хлопчыкаў і дзяўчынак квэст-гульню “Піянеры Міншчыны салютуюць!”, падчас якой зборным камандам неабходна было пераадолець шэраг перашкод, выканаць заданні на станцыях “Піянерская песенная”, “Піянерская гульнявая”, “Цімураўцы”, “Піянерская вершаваная” і іншых. У спаборніцтве прынялі ўдзел нашы гімназісты Павел Бярняк і Ігар Анішкевіч. Працавалі тэматычныя пляцоўкі па рэалізацыі інтэрактыўнага праекту-дэманстрацыі “Міншчына піянерская”, падчас якіх дэлегацыі раёнаў прэзентавалі сябе: патрыятычныя песні, інтэлектуальныя гульні, танцы, бодзі-арт, гістарычныя выставы, фотазона і так далей. Гонар нашых піянераў адстойвалі старшыня савета дружыны піянерскай арганізацыі Мядзельскага ВПК я/с-СШ Алёна Камінская, а таксама гімназісты Саша Вярбіцкі, Валерыя Шабовіч, Мікіта Балюк і Улад Самко.
Святочнаму настрою і яркім уражанням спрыяла добрае сонечнае надвор’е. Закончылася ж свята запускам кампазіцыі з паветраных шароў, якія пад шумныя апладысменты ўдзельнікаў лёгка падхапіў вясенні вецер і ўзнёс у мірнае і чыстае неба.

Іна ЯРЧАК.
Фота аўтара.

Усесаюзная піянерская арганізацыя імя Уладзіміра Ільіча Леніна пры ЦК ВЛКСМ — дзіцячая арганізацыя ў СССР. Была ўтворана рашэннем Усерасійскай канферэнцыі камсамола 19 мая 1922 года. З таго часу гэта дата адзначаецца як Дзень піянерыі.
Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя заявіла пра сябе 13 верасня 1990 года на Х Рэспубліканскім злёце піянераў і стала пераемніцай традыцый савецкай піянерыі. Стаць яе членам можа любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, старэйшы за 7 год, незалежна ад яго адносін да рэлігіі, які прызнае Статут і выконвае яго, прымае актыўны ўдзел у дзейнасці арганізацыі.



19 мая 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

img_4257 возера Глубелька Касцёл у Засвіры   223_

Пабрацімы Мядзела