Футбол — гульня моцных

Калі ў школе набіралі каманды, мяне заўсёды выбіралі самым апошнім. Я быў маленькім.
Дэвід Бэкхэм.
ФУТБОЛ для хлопчыкаў — не толькі забава, прычым карысная сама па сабе. Для многіх з іх потым гэты від спорту становіцца захапленнем на ўсё жыццё. Магчыма, і для юных удзельнікаў спартыўнай секцыі “Стронг”, якая працуе ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры “Мядзел”, футбол зойме не апошняе месца. Тым больш, што іх бацькі і трэнеры зацікаўлены ў гэтым не менш за дзяцей. Напрыклад, Канстанцін Назаркін не толькі водзіць на секцыю сваіх сыноў Савелія і Івана дзевяці і сямі год, але і прысутнічае на занятках, трэніруецца разам з імі.
— Вельмі рады, што ў Мядзеле з’явілася магчымасць для дзяцей прафесійна займацца футболам, — дзеліцца Канстанцін. — Цудоўная матэрыяльная база, пра што я ў сваім дзяцінстве нават марыць не мог. У нас у свой час быў адзін мяч на ўвесь двор. А тут на кожнага хлопчыка па два. Наогул, нам вельмі пашанцавала, што ў горадзе ёсць такая шыкоўная спартыўная ўстанова. Я не мог дачакацца яе адкрыцця! Такіх умоў для спартыўнага развіцця дзіцяці больш няма нідзе ў суседзяў. Маю на ўвазе Глыбокае, Смаргонь, Вілейку. Цудоўныя сучасныя спартыўная зала, раздзявальня, поле і так далей. Некалі дабудуецца гасцініца, што станоўча паўплывае і на ФАЦ, бо з’явіцца магчымасць правядзення шматдзённых мерапрыемстваў. Ёсць добры трэнер — Кірыл Сенеў, які з’яўляецца заўзятым футбалістам. Ад нас і дзяцей патрабуецца толькі жаданне займацца спортам і намаганне адарвацца ад камп’ютараў (што не так ужо і бяскрыўдна).
У секцыі займаюцца больш за трыццаць хлопчыкаў ад 5 да 12 гадоў. Гэта дзве групы, якія збіраюцца тры разы на тыдзень. Заняткі — платныя, але такі факт не стрымлівае нават немядзельскіх бацькоў прывозіць дзяцей на заняткі. Аляксандр Сенюць, жыхар курортнага пасёлка Нарач — адзін з іх.
— Футбол падабаецца і дзіцяці, і мне, — расказвае Аляксандр. — Сыну хутка споўніцца сем год, і ён ужо меў да заняткаў уяўленне пра гэты від спорту. Дома з ім гулялі, матчы па тэлевізары глядзелі. Да трэніровак прыступілі ў студзені. Спачатку прыглядаліся, ці падыходзіць гэта Даміру, ці зацікавяць заняткі, ці спадабаецца сам працэс, бо не кожнаму дадзена займацца тым ці іншым відам спорту нават па фізіялагічных параметрах. Але яму спадабалася. Нават стаў чакаць наступныя трэніроўкі, пытаўся, калі паедзем. Гледзячы на гэта, купілі зараз яму новы мяч, падабралі спецыяльны абутак, набылі форму. У хлопчыка вочы гараць! Шкада, што ў курортным пасёлку такога няма.
Тата Міхаіла Шырокага таксама задаволены, што сын займаецца футболам. Але яны запісаліся сюды таму, што, як кажа мужчына, “хлопчыку да дзесяці гадоў, акрамя школы мастацтваў, няма куды больш пайсці”. Аднак трэніроўкі хлопчыку падабаюцца, ён іх наведвае з задавальненнем.
Зноў прапаную вярнуцца да разважанняў Канстанціна Назаркіна, які вельмі зацікаўлены ў развіцці дзіцячага футбола на Мядзельшчыне:
— За больш, чым паўгода трэніровак бачна, як падужэлі дзеці, — кажа ён. — У іх вырасла дысцыпліна, яны разумеюць, што ад іх патрабуецца. І матулі ўжо не бягуць хутчэй да сына, калі той спатыкнуўся і ўпаў. На занятках для дзіцяці трэнер — і матуля, і тата. А па-іншаму нельга. Тут як? Няма дысцыпліны — будзе траўматызм. Няхай не ўсе хлопчыкі звяжуць свой лёс з футболам. Але бясспрэчна тое, што ім у жыцці гэта дапаможа. Пачынаючы з таго, хто дзяўчатам больш падабаецца: хуліган ці спартсмен? Канечне, спартсмен…
Сам Канстанцін футболам жыве з дзяцінства. У Валгаградзе, дзе ён жыў да адзінаццаці гадоў, усё пачыналася з дваровай гульні, якая потым перарасла ў сур’ёзнае захапленне. Мужчына ўзгадвае, што яго бацькоў ужо ў Лотве закідвалі лістамі з мінулага месца жыхарства прапановамі аддаць сына ў спецыялізаваныя спартыўныя ўстановы, запрашалі прыняць удзел у міжнародных зборах і так далей. Але гэта былі дзевяностыя гады, калі грошай толькі на ежу і хапала. Якія ж тут паездкі? Нягледзячы на гэта, ад футбола Канстанцін не адмовіўся. Ён і зараз гуляе. Напрыклад, за каманду міліцыі (Канстанцін з’яўляецца супрацоўнікам Дэпартамента аховы). І спадзяецца, што дзіцячая футбольная каманда Мядзельшчыны, у складзе якой будуць таксама яго Савелій і Іван, у хуткім часе ганарова заявіць пра сябе.
Іна ЯРЧАК.
 Фота Аляксандра Высоцкага.


12 траўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Спорт

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

    Паруснікі                          Касцёл у Мядзеле   возера Мястра  06-043

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси