«Паўліна Мядзёлка вучыла мяне беларускай мове і культуры»

Пра знакамітую сваячку ўспамінае жыхарка Будслава Соф’я Грышкевіч
НА ВУЛІЦЫ Зялёнай у Будславе прытуліўся зялёны дом. Але адметны ён зусім не гэтым супадзеннем, а тым, што ў ім доўгі час жыла Паўліна Мядзёлка — выканаўца ролі Паўлінкі ў пецярбургскай прэм’еры камедыі Янкі Купалы, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, педагог, пісьменніца.
Цяпер у гэтай хаце жыве Соф’я Грышкевіч, жонка стрыечнага брата Паўліны Вінцэнтаўны Часлава. Сюды ён прывёз Соф’ю ў 1957 годзе пасля жаніцьбы. Пасяліцца давялося ў хаце, дзе жыла Паўліна з маці. Яны доўгі час жылі ўсе разам.
Соф’і Міхайлаўне ідзе 83-ы год. Запрашае яна ў дом, паказвае фатаграфіі: вось Паўліна Вінцэнтаўна з усмешкай падтрымлівае маленькага пляменніка, тут гуляе ў шахматы, а на гэтым здымку яна з маці і сяброўкай. У пакоі стаіць піяніна, на якім іграла Паўліна, тут яе рэчы і вялікая фатаграфія. На сцяне вісіць мандаліна.
— Паўліна і яе родныя браты на многіх інструментах маглі граць. Слых мелі і здольныя да музыкі былі, — расказвае Соф’я Грышкевіч. — Яна больш на  піяніна іграла, а з дзецьмі — на гітары і мандаліне. Але гітара зламалася, а мандаліна засталася.
— Вось вы ўпершыню сустрэліся з Паўлінай Мядзёлкай. Якое ўражанне было ад знаёмства?
— Харошая, разумная жанчына. Яна рада нам была: словам, як свае людзі. Я родам з Мосара, што на Глыбоччыне, там выйшла замуж за Часлава. Прыехалі ў Будслаў, і яна з маці нас прытулілі.
— І як вы жылі ў адным доме?
— Адна сям’я была. Яны з маці ад вуліцы жылі, мы — у другім канцы. Дапамагалі, даглядалі — мы ж маладзейшыя. Маці Паўліны жыла 93 гады. І яе дагледзела, і Паўліну. Яна працавала настаўніцай у школе, потым пайшла на пенсію. Але таксама ўсюды хадзіла, музыку выкладала, і дзеці хадзілі сюды. Яна лекцыі пра музыку ў клубе чытала. З сабой насіла прайгравальнік і пласцінкі. Столькі іх было, надта пекная музыка: Бетховен, Моцарт… Купіла пласцінкі з «Рэквіемам». Сказала, як  памрэ, каб нічога іншага, а толькі «Рэквіем» быў.
Здаралася, што зімой Паўліна ў вёсцы жыла, але найчасцей на зіму ехала ў Маскву. Там цяплей: вядома ж, тут хата старая. Шкадавала яна майго мужа, клапацілася пра нас. Паедзем куды, пакінем дзяцей пры ёй. Яна хадзіла ў школу на лінейку да маіх дзяцей. Вучыла іграць на піяніна і Казіміра, і Станіслава. Але ж не выйшлі яны за музыкантаў. Навучала іх культуры. Ідуць, папытаюцца: “Як здароўе?”, павітаюцца: “Добры дзень” — так з іх цешылася. І ў лістах вучыла: “Казік, так трэба пісаць”.
— Што вашыя дзеці найчасцей пра яе ўспамінаюць?
— Яны малыя яшчэ былі. Помняць, што цёця Паўлінка была — так звалі. Радаваліся, як па грыбы з сабой брала. Яны маленькія былі, далёка не хадзілі. І яна разам з імі з кіёчкам.
— Соф’я Міхайлаўна, што за чалавек была Паўліна Мядзёлка?
— Культурны ва ўсім, такі далікатны. Надта ж яна чалавек вучоны, музычны была — для гэтага, пэўна, створаны. Не тое, каб бульбу капаць ці якую вясковую справу рабіць, — толькі для культуры, для пісання. Праўда, ёй і рукі балелі: самай вайной была ў Маскве і рукі памарозіла.
Яна вельмі любіла беларускую мову. Стане нейкі па-руску гаварыць, а яна яму: “Што, зрасіяніў?” І мне іншы раз заўвагу зробіць: вядома, толькі прыйшла я, тут слова польскае ці рускае. Вучыла мяне: “Трэба па-беларуску гаварыць. Мы ж беларусы”. Яна за Беларусь стаяла, па турмах многа сядзела.
А столькі ў яе сяброў было! Адусюль ішлі лісты: з Польшчы, Расіі… І яна столькі лістоў пісала.  Пісьменнікі да яе прыязджалі: Уладзімір Караткевіч  і іншыя. А па газеты на пошту хадзіла — хацелася прайсціся.
Культуры людзей навучала: не толькі моладзь, а і старэйшых. Па суседстве мужчына жыў: вылаецца, а яна колькі разоў яго дакарала: “Ты што, перад дзецьмі табе не сорамна”. Хто што благое зробіць — яна маўчаць не будзе, у вочы скажа.
— Чым любіла займацца?
— Кветкі садзіць. Гладыёлусы ўсялякія купляла: і чорныя, і жоўтыя, і фіялетавыя. Зэдлік возьме, сядзе і поле — ёй задавальненне. У сезон кошычак возьме і ў грыбы ідзе. Асабліва рыжыкі любіла. Сабачка маленькі ў яе быў, Джойка. След у след за ёй хадзіў. У Маскву Паўліна як паедзе, пасылку шле. Дзецям нашым да Новага года падарункі, а сабачку кілбасу. І ў лістах усё пыталася, як той маецца.
— Чаму вы ў яе навучыліся і чаму навучылі?
— Я не магла вучыць яе — бо Паўліна надта ж старэйшая. Ды яна ўсе ўмела. Ад яе навучылася беларускай мове. Бо ў маім баку болей па-польску гаварылі. І культуры вучылася, вядома.
— Ці расказвала пра  пастаноўку “Паўлінкі” ў Пецярбургу?
— Так. Апавядала, як было ўсё, як людзі хвалілі. Яна ж тады была зусім маладзенькая. А там у ролі цалавацца трэба было. Янка Купала быў закаханы ў Паўліну. А яна нешта яму адмовіла. Потым за Тамаша Грыба выйшла замуж — надта пекны быў. Усяго тры гады замужам была, і тое — то ён, то яна па турмах. Так лёс склаўся.
 — Пад кіраўніцтвам Мядзёлкі “Паўлінку” ў 1951 годзе і ў Будславе ставілі…
 — Так. Яна не толькі п’есу ставіла, але і хорам кіравала. Хор знакаміты быў, першыя месцы займалі заўсёды. Усюды ездзілі: і па акрузе, і ў Мінск.
 — Не шкадавала, што ёй у Будслаў з Масквы давялося пераехаць?
 — Тут жа маці адна засталася, то яна ў 1947 годзе мусіла сюды прыехаць. Бо яна траслася над маткай, як невядома што. Удваіх апрануцца па-святочнаму і пойдуць пад ручкі гуляць па парку.
 — Ці чыталі вы яе кнігу ўспамінаў “Сцежкамі жыцця”?
 — Так. Яна моцна хацела патрымаць яе ў руках, але не паспела. Кніжка пасля смерці выйшла. Але адрасы яна панапісвала, каму кнігу выслаць. У Глыбокае, у Казань, у Маскву я ўжо яе сябрам кніжкі адаслала.
— Жыхары Будслава цяпер ці помняць Паўліну?
— Многія ўспамінаюць. Яна была дэпутатам колькі год. Была дзелавая, магла каму што памагчы. Дамаглася, каб парк пасадзілі перад касцёлам. І сама садзіла. Дзіцячую пляцоўку зрабіла: тады дзіцячых садкоў то не было, малых не было дзе дзяваць. Школа, вуліца яе імя носяць. І кафэ ж “Паўлінка” называецца.
Расказала Соф’я Грышкевіч, што  і не толькі ў Будславе памятаюць Паўліну Мядзёлку, цікавяцца яе жыццём. Здараецца, здалёку завітваюць у вёску, у гэту хату, і большасць з гасцей — моладзь. Вось з Глыбокага нядаўна прыязджалі.
Аляксандр ВЫСОЦКІ.

Піяніна, на якім іграла знакамітая сваячка Соф’і Грышкевіч

 

Паўліна Мядзёлка з пляменнікам

 

Ад тых часоў засталася мандалін



11 траўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя, Культура

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  лебедзі на Мястры wjx6x-f4hhi 0-170

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси