Давайце жыць прыгожа!

ЗАКОНЧЫЎСЯ месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый. Жыхары Мядзельшчыны прынялі актыўны ўдзел у ім. Было праведзена некалькі суботнікаў. Амаль штодзённа калектывы многіх арганізацый і ўстаноў клапаціліся, каб чысціня і парадак панавалі на замацаваных за імі тэрыторыях. Санітарная служба раёна адзначае старанне і руплівасць работнікаў РВУП «Мядзельская ЖКГ», якія штодзённа выконвалі непрыкметную для нас работу па ўборцы і вывазу смецця на большай частцы тэрыторый агульнага карыстання, у дварах шматпавярховых дамоў.
Тварам нашага раёна для многіх гасцей з’яўляюцца галоўным чынам тэрыторыі, якія замацаваны за калектывамі Мядзельскага (майстар па добраўпарадкаванні Алег Рагіня) і Нарацкага (начальнік Сяргей Дзевялтоўскі і інжынер па добраўпарадкаванні Аліна Кібіцкая) ўчасткаў. Аналізуючы работу па санітарнай ачыстцы, гэтыя калектывы можна назваць «брыгадамі хуткага рэагавання» — пры выяўленні недахопаў усе прапановы выконваюцца ў тэрмін і якасна.
Па сельскіх населеных пунктах таксама выкананы досыць вялікі аб’ём работы па навядзенні парадку. Асабліва пастараліся старшыні Мядзельскага (Вячаслаў Стрэж — за час месячніка абсталяваны новыя кантэйнерныя пляцоўкі практычна на ўсіх могільніках) і Крывіцкага (Наталля Бялоўская) сельвыканкамаў. Даволі высока была ацэнена работа старшынь Сваткаўскага (Веры Хацяновіч) і Княгінінскага (Вольгі Галко) сельвыканкамаў спецыялістамі Дзяржаўнай установы «Мінскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» пры правядзенні маніторынгу ў красавіку бягучага года.
Так, зроблена многа, але ці ўсё магчымае? Высветліць гэта і пастараліся ў час чарговага маніторынгу памочнік урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Даліба і галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Пратасевіч.
Кіруемся на тэрыторыю Занарацкага сельскага Савета, каб паглядзець, ці ў поўным аб’ёме выкананы рэкамендацыі санітарнай службы раёна ад 17 красавіка бягучага года па ўхіленні выяўленых парушэнняў. Бачна, што многае зроблена, але далёка не ўсё. За будынкам Занарацкага сельвыканкама з боку прыватнага сектара па вуліцы 17 верасня выяўлены кучы галля і смецця.
Забруджаны бытавым смеццем зямельны ўчастак дома № 15 па вуліцы 17 верасня.
На могільніку ў вёсцы Занарач адсутнічае пралёт агароджы, кантэйнеры для смецця ўстаноўлены на быўшых у карыстанні надмагільных плітах, два кантэйнеры без накрывак. На могільніку ў вёсцы Сідаравічы кантэйнеры пастаўлены на зямлю, спецыяльная пляцоўка не абсталявана. А на могілках у вёсцы Носавічы кантэйнераў наогул няма, смецце выкідваецца ў канаву перад уваходам. З тыльнага боку могільніка ў вёсцы Сырмеж не першы дзень існуе звалка вянкоў, карзінак і іншага смецця. Хаця непадалёку стаяць два кантэйнеры, адзін з якіх не запоўнены. Дарэчы, для абгароджвання кантэйнерных пляцовак у Занарацкім сельсавеце часта выкарыстоўваюць металічныя агароджы ад магіл.
Пасля маніторынгу санітарнай службы раёна рэкамендацыі па ўхіленні выяўленых недахопаў накіравалі дырэкцыі ААТ «Занарацкі». А як яны выкананы? Абрыўкі плёнкі з палеткаў ля дарогі Занарач — Стахоўцы не ўбраны. З тыльнага боку адміністрацыйнага будынка — куча шчэпак і смецця. Бутэлькамі, бытавым смеццем забруджана тэрыторыя з тыльнага боку машыннага двара таварыства. У адпаведнасці з рашэннем Занарацкага сельвыканкама таварыства павінна падтрымліваць чысціню і парадак на адлегласці не менш за 100 метраў ад замацаванай тэрыторыі. Менавіта на такой адлегласці ўстаноўлены «памятны знак месца расстрэлу мірных жыхароў Занарачы ў гады вайны», які знаходзіцца ў лясным масіве побач з тэрыторыяй машыннага двара. Але парадку на гэтым месцы няма.
 
У адпаведнасці з рэкамендацыямі ААТ «Занарацкі» павінна было прыняць дзейсныя меры па навядзенні парадку на падворку дома № 13 у вёсцы Калодзіна, які яму належыць. Існуючы тут беспарадак не ўпрыгожвае населены пункт.
Засмечана тэрыторыя вакол будынка склада па вуліцы Сонечная ў вёсцы Старлыгі. Ды і за былой сталовай «красуецца» звалка бытавога смецця. Унутрыгаспадарчы кар’ер у Старлыгах з кожным днём усё больш нагадвае палігон для захоўвання бытавых адыходаў. Бо ўсе жадаючыя менавіта сюды звозяць смецце. Стыхійная звалка існуе і ў кустах насупраць малочнатаварнай фермы «Міціненты».
З лепшага боку варта адзначыць тэрыторыю, якая замацавана за Свірскім домам-інтэрнатам для псіханеўралагічных хворых (дырэктар Казімір Русак). Тут заўсёды пануюць чысціня і парадак: разбіты клумбы, якія квітнеюць з вясны да восені, пафарбаваны бардзюры, нідзе не ўбачыш смецця. Менавіта з гэтай тэрыторыі павінны браць прыклад і падтрымліваць парадак за магазінам «Універмаг» у гарадскім пасёлку Свір работнікі прылаўка.
На заканчэнне хочацца звярнуцца да ўсіх жыхароў азёрнага краю: збор адыходаў і смецця ад насельніцтва ў раёне арганізаваны ў адпаведнасці з графікамі руху спецыяльнай тэхнікі ва ўстаноўлены час. Таму перш чым выяўляць  незадаволенасць і даваць ацэнку работы спецыялізаваных службаў, якія занятыя ўборкай тэрыторый, самім не патрэбна ствараць стыхійныя звалкі смецця ў лясных масівах, уздоўж дарог, у тым ліку на прыпынках грамадскага транспарта. Нельга завальваць пляцоўкі і кантэйнеры для збору другаснай сыравіны бытавым смеццем. Кожны павінен задумацца: «А што асабіста я зрабіў па добраўпарадкаванні населенага пункта?!» Давайце паважаць работу іншых і падтрымліваць паўсюдна чысціню і парадак. Давайце жыць прыгожа!
Па выніках маніторынгу матэрыял да друку падрыхтаваў
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.


04 траўня 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

06-012 Сядзіба Максіма Танка  від на Мядзел Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси