Першамай і прафсаюзы

Першамай, народжаны пад знакам міжнароднай салідарнасці працоўных, сёння ўвасабляе імкненне людзей добрай волі да сацыяльнай справядлівасці, згуртаванасці, іх права на свабодную і стваральную працу. Гэта па сутнасці прафсаюзнае свята, бо аб’ядноўвае ўсіх, хто штодзённымі адносінамі да даручанай справы стварае заўтрашні дзень, садзейнічае росквіту краіны і павышэнню дабрабыту сваіх родных і блізкіх. А таму напярэдадні свята падзяліцца здабыткамі і творчымі планамі самага масавага грамадскага аб’яднання краіны папрасілі старшыню раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлану ЧАРНЯЎСКУЮ:

— Першамай лічыцца Святам працы. Ён аб’ядноўвае людзей, якія імкнуцца да прафесіянальнага і творчага самавыражэння, лічаць сваім абавязкам старанна працаваць, прыносіць карысць краіне і грамадству. А раз большасць уваходзіць у склад самай масавай грамадскай арганізацыі, якая заклікана абараняць іх законныя правы, то менавіта аб дзейнасці прафсаюзаў і хачу крыху расказаць. Пачну з таго, што Мядзельскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў створана амаль два гады назад. Сёння яно кардынуе работу 86 прафсаюзных арганізацый,  а гэта 9240 членаў прафсаюза, што складае 96,7% ад колькасці працуючых. На тэрыторыі раёна прадстаўлены 14 галіновых прафсаюзаў. Самыя шматлікія з іх — работнікаў аграпрамысловага комплексу, адукацыі і навукі, аховы здароўя, мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў, спажыўкааперацыі і некаторыя іншыя. А самыя буйныя пярвічныя арганізацыі азёрнага краю  гэта:  установа аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ”,  унітарнае прадпрыемства “Мядзельская ЖКГ”, Нацыянальны парк “Нарачанскі”, НДЦ “Зубраня”, Мядзельскае райПО, санаторыі “Прыазёрны” і “Сосны”.
—  Святлана Анатольеўна, наколькі ведаю менавіта прафсаюзы з дапамогай пагадненняў і калектыўных дагавораў імкнуцца абараніць сацыяльна-эканамічныя інтарэсы працаўнікоў.
— Так, адным з важнейшых паўнамоцтваў прафсаюза з’яўляецца замацаванае ў Законе аб прафсаюзах права пярвічных прафсаюзных арганізацый на вядзенне калектыўных перамоў, заключэнне пагадненняў і калектыўных дагавораў ад імя работнікаў таго ці іншага прадпрыемства, арганізацыі, установы. На працягу мінулага года было заключана 15 новых калектыўных дагавораў, раённае і 2 галіновыя пагадненні, змяненні і дапаўненні ўнесены ў 17 калектыўных дагавораў.  Пагадненне паміж аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, заключанае ў маі 2016 года, удзельнічала ў абласным конкурсе на лепшае пагадненне, дзе заняло першае месца. У цяперашні час дзейнічаюць 84 калектыўныя дагаворы. Два дагаворы знаходзяцца на стадыі падпісання.
— Ахове працы прафсаюзы заўсёды ўдзялялі ўвагу. Зараз, напэўна, таксама?
— Кола праблем, якімі займаюцца прафсаюзы, шырокае. Але найперш гэта маніторынг выканання заканадаўства аб працы і ахове працы. У прафсаюзных арганізацыях працуюць 184 грамадскія інспектары, якія ажыццяўляюць кантроль за пытаннямі аховы працы, за станам рабочых і санітарна-бытавых памяшканняў, забеспячэннем работнікаў спецадзеннем, абуткам і іншымі сродкамі індывідуальнай аховы. У ходзе маніторынгаў праводзяцца мерапрыемствы па прафілактыцы вытворчага траўматызму, стварэнню для работнікаў бяспечных і здаровых умоў працы, належнага вытворчага быту, выкананні работадаўцамі калектыўных дагавораў, у прыватнасці, раздзела “Ахова працы”. У якасці станоўчага прыкладу можна прывесці работу грамадскіх інспектараў раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, пярвічных прафсаюзных арганізацый УП “Мядзельскае ЖКГ”, установы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ”, райПО, санаторыя “Нарачанскі бераг” і іншых.
— Якія яшчэ пытанні ў полі зроку прафсаюзаў?
— Адной з галоўных задач прафсаюзаў з’яўляецца таксама абарона працоўных правоў работнікаў пры прымяненні кантрактнай формы найму. Рэгулярна праводзіцца атэстацыя рабочых месцаў, па выніках якой устанаўліваецца права на дадатковы водпуск, на скарочаную працягласць рабочага часу, на даплаты.
— А ці ўдзяляецца ўвага аздараўленню работнікаў?
—  Так, гэта пытанне таксама ў полі зроку прафсаюзаў. Напрыклад, летась у прафсаюзных здраўніцах паправілі здароўе 17 членаў прафсаюза. Вядома, хацелася б, каб гэта лічба была большай, бо нашы санаторныя ўстановы прадастаўляюць членам прафсаюза і іх дзецям 25-працэнтную скідку на пуцёўкі, ды прафсаюзных аздараўленчых устаноў у Беларусі дастаткова — 28, у адной толькі Мінскай вобласці іх налічваецца 14. А таму на будучае важна садзейнічаць больш актыўнаму выкарыстанню прафсаюзнай санаторна-курортнай сістэмы для аздараўлення членаў прафсаюзаў. Акрамя таго, летась быў заключаны 71 дагавор паміж арганізацыямі і прадпрыемствамі рознай формы ўласнасці раёна і ўстановай аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ” на правядзенне прафілактычных аглядаў, ажыццяўленне перадрэйсавага кантролю і медыцынскага абследавання вадзіцеляў. Удзельнічаюць члены прафсаюза розных галін народнай гаспадаркі азёрнага краю ў экскурсійных паездках па гарадах Беларусі, наведваюць сталічныя тэатры.
— Напэўна, прафсаюзы  і ў розных акцыях, якія праводзяцца, удзельнічаюць?
—  Прафсаюзныя арганізацыі актыўна ўдзельнічаюць у дабрачыннай акцыі “Прафсаюзы — дзецям”. У ходзе яе толькі на набыццё “салодкіх” падарункаў, цацак, канцылярскіх прыналежнасцей, на арганізацыю навагодніх ёлак, іншых прадстаўленняў і паездак зрасходавана прафсаюзных сродкаў на суму звыш 33203 рублёў.  Раённае аб’яднанне прафсаюзаў арганізавала паездку для дзяцей са шматдзетных сем’яў на абласную дабрачынную навагоднюю ёлку ў Палац культуры ветэранаў. Удзельнічаюць прафсаюзныя арганізацыі таксама ў акцыях па зборы рэчаў, якія знаходзяцца ў добрым стане, для сем’яў, маючых патрэбу ў дапамозе, а таксама ў акцыі “Збяры партфель у школу”.
— Святлана Анатольеўна, арганізацыя культурна-масавай і фізкультурна-спартыўнай работы ў працоўных калектывах, мяркую, па-ранейшаму засталася функцыяй прафсаюзаў?
— Вядома. Вось і ў Год культуры прафсаюзы ўдзельнічалі ў многіх мерапрыемствах. Сімвалічна тое, што пачалі мы год вялікай культурнай акцыяй у рамках Рэспубліканскага прафсаюзнага творчага конкурсу “Новыя імёны-2016”. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі розных сфер, усяго 61 чалавек. Мерапрыемства атрымалася масавым і відовішчным. Раённае аб’яднанне падхапіла ініцыятыву моладзі і ўзнавіла турніры па інтэлектуальных гульнях “Нарачанская хваля”, да якіх далучыліся практычна ўсе прадстаўнікі галіновых прафсаюзаў. Райкам прафсаюза работнікаў АПК стаў арганізатарам акцыі “Наш жывёлавод”, якая праводзілася са снежня мінулага года па красавік бягучага. У ходзе яе ўшаноўваліся лепшыя работнікі галіны ўсіх малочнатаварных фермаў раёна. На майскія святы летась раённае аб’яднанне прафсаюзаў арганізавала канцэрт “Молодой, звенящий май встречает Нарочанский край!». Прафсаюзы прымалі ўдзел і ў арганізацыі выстаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва да Свята горада, а таксама кветак у гонар Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Актыўнасць яны праяўляюць і падчас святкавання Дня маці. А завяршылі мы Год культуры мерапрыемствам “Народныя таленты табе, Беларусь!”. Сябруюць прафсаюзы і са спортам. У спаборніцтвах, пачынаючы ад раённага да рэспубліканскага ўзроўню, пастаянна задзейнічаны прадстаўнікі УП “Мядзельская ЖКГ”, установы аховы здароўя “Мядзельская ЦРБ”, райкамаў прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі, а таксама АПК. Традыцыйнымі сталі спаборніцтвы па падлёднай рыбнай лоўні сярод лячэбных устаноў і ў камунальнікаў.
— Ці працуеце вы з моладдзю?
— Прафсаюзныя арганізацыі раёна прыцягваюць да ўдзелу ў грамадскім жыцці працоўных калектываў маладых спецыялістаў. Для іх праводзяцца конкурсы прафесійнага майстэрства, пасвячэнне ў прафесію, раённы і абласны злёты маладых спецыялістаў, далучаюцца яны і да розных творчых праектаў. У мінулым годзе створаны таксама Маладзёжны савет Мядзельскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, старонка якога ёсць “ВКонтакте”.
— Наколькі ведаю, вы цесна супрацоўнічаеце з райкамам грамадскага аб’яднання “БРСМ”, ветэранскай арганізацыяй. Раскажыце крышку пра гэта.
— Першага сакавіка мінулага года было падпісана Пагадненне паміж раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, райкамам грамадскага аб’яднання “БРСМ” і раённым саветам Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. А таму многія мерапрыемствы мы праводзім сумесна. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў ажыццяўляе шэфства над клубам пажылых людзей “Задушэўная размова”, удзельнічае ў акцыі “Не забыты працоўным калектывам”, у мерапрыемствах па ўшанаванні ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы, да Дня пажылых людзей і іншых.
— Святлана Анатольеўна, што б яшчэ вы хацелі сказаць напярэдадні Свята працы?
— Хачу падзякаваць усім старшыням прафсаюзных арганізацый за тую вялікую работу, якую яны праводзяць для людзей. І асабліва старшынь прафсаюзных арганізацый санаторыяў “Нарачанскі бераг” і “Белая Русь” Ірыну Малафей і Жанну Васіліцкую, філіяла КУП “Мінскаблдарбуд”-ДРБУ-133” Ігара Берняковіча, Нацыянальны парк “Нарачанскі” Ірыну Ацута, санаторыя “Сосны” Алену Кордзевіч, Мядзельскага ўчастка электрасувязі Валянціну Малько, райПО Таццяну Бурачонак, Мядзельскай ЖКГ Марыю Мялешка, Мядзельскай ЦРБ Алену Куцкевіч, філіяла ДЭУ № 66 РУП “МінскаўтадарЦэнтр” Яўгена Зубара, санаторыяў “Прыазёрны” Марыну Дамшэль, “Жураўка” Юрыя Шырко,  “Спадарожнік” Людмілу Юрко, “Нарач” Таццяну Чарняўскую, БВУ “Нарачпрафбуд” Галіну Кошчанка, Рэспубліканскага дзіцячага пульманалагічнага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі Міхаіла Герасімовіча, раённых прафсаюзных арганізацый  работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Таццяну Хацяновіч, культуры, інфармацыі, спорту і турызму Алену Нарэйка, райкамаў работнікаў АПК Таццяну Сівіцкую і работнікаў адукацыі і навукі Ірыну Глінскую. Прафсаюзы працуюць разам з наймальнікамі, сацыяльнымі партнёрамі. А таму хачу павіншаваць са святам 1 Мая прафсаюзных лідараў  і нашых сацыяльных партнёраў — кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, усіх жыхароў азёрнага краю. Пажадаць, каб сумесная работа прыносіла плён. Каб пастаўленыя мэты ажыццяўляліся, а фінансы прымнажаліся. Усім дабра, цяпла, поспехаў і дабрабыту!
Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.


29 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

223_ img_4257 _dsc1133-3 Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела