У СУБОТУ КІПЕЛА РАБОТА!

Жыхары Мядзельшчыны прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку.

…Зранку ў райцэнтры ля помніка Леніну сабраліся гараджане. Да іх звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева: “У нашай краіне прынята захоўваць традыцыі. А традыцыя правядзення суботнікаў закладзена ў мінулым тысячагоддзі чалавекам, помнік якому некалі стаяў амаль у кожным горадзе Савецкага Саюза. 22 красавіка 1870 года ў звычайнай інтэлігентнай сям’і нарадзіўся той, хто змяніў ход гісторыі… Хто прымусіў з павагай ставіцца да людзей незалежна ад таго, да якой сацыяльнай групы яны адносяцца. Гісторыкі цяпер па-рознаму ацэньваюць зробленае ў далёкім 1917-ым годзе. Многае змянілася з таго часу, усе мы сталі іншымі. Аднак па-ранейшаму трэба паважаць працу, шанаваць працоўнага чалавека — тады эканоміка краіны будзе стабільнай, а жыццё стане яшчэ лепшым. Мы жывём у самай мірнай краіне, і ад нас залежыць яе будучыня. Ускладаючы кветкі да помніка Леніну, зноў падкрэсліваем, што паважаем сваю гісторыю, шануем традыцыі і ніколі не забудземся на тое добрае, што зрабілі выдатныя людзі”.
Да помніка былі ўскладзены вянок і кветкі. Першы сакратар раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Алена Яцына зазначыла: “Сёння — дзень нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна. Цяпер людзі па-рознаму трактуюць яго значэнне ў гісторыі. Але мы павінны памятаць: многае з таго, што маем сёння, было закладзена менавіта ў Савецкай дзяржаве. А таму наш абавязак — шанаваць памяць дзядоў і прадзедаў, працай якіх закладзена аснова цяперашняга дабрабыту”.
Гараджане кіруюцца на суботнік: усім арганізацыям “фронт работ” быў вызначаны загадзя.
***
…На разборцы старога будынка па вуліцы Шаранговіча ў райцэнтры стараюцца работнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і супрацоўнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Пакуль праца ідзе ўсярэдзіне: абрываюць шпалеры, здымаюць дзверы, падлогу, выносяць смецце.
Неўзабаве да гэтай работы далучаюцца супрацоўнікі райвыканкама, якія спачатку працавалі на іншым аб’екце.
…Па вуліцы Нарачанскай работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ачышчаюць бардзюры і згружаюць пясок у коўш “Амкадора”. “Усяго па арганізацыі ў суботніку ўдзельнічае чатырыста дзевяць чалавек, — кажуць. — “Нашы” працуюць у розных населеных пунктах раёна”.
…А ўзбярэжжа Мястра прыбіраюць работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. “Вельмі шмат смецця, — кажа начальнік упраўлення Вольга Габрусенак. — Асабліва крыўдна за ўчастак, дзе размешчаны гароды. Гаспадары маглі б самі ўсё прыбраць каля сваіх градаў. Дык не — пакідалі плёнку, пластыкавыя бутэлькі, іншае смецце…”
…Шматлюдна ў старамядзельскім парку. Прыбіраюць яго работнікі Мядзельскага вучэбна-педагагічнага комплексу яслі-сад-сярэдняя школа. “У парку асноўныя работы ўжо праведзены, — тлумачыць дырэктар установы адукацыі Людміла Семяновіч. — Жанчыны даграбаюць рэшткі леташняга лісця, мужчыны грузяць яго на машыну. Працуем і на школьнай тэрыторыі: рыхтуецца глеба пад садовую скульптуру, у цяпліцы вядзецца пікіроўка расады. Планавалі фарбаваць абсталяванне, але з-за дрэннага надвор’я ад гэтай ідэі пакуль адмовіліся. Шэраг педагогаў заняты сваёй непасрэднай справай: праводзіцца абласная дыстанцыйная алімпіяда па беларускай мове, мерапрыемствы шостага школьнага дня, працуюць міжшкольныя факультатывы”.
***
…Але ж суботнік — не толькі ў райцэнтры.
Вось і на мехдвары ААТ “Сваткі” — ніякіх прыкмет выхаднога дня. Што, дарэчы, увесну з’яўляецца звычайнай практыкай: не так шмат адпачываюць аграрыі, непасрэдна занятыя на сяўбе. “Гэта ж калгас, — кажа галоўны інжынер гаспадаркі Уладзімір Кайко, — заўсёды ёсць што рабіць, спецыяльна шукаць працу для суботніка не даводзіцца. На полі людзі збіраюць каменне. А вось араць і сеяць не выязджалі: вельмі гразка. Не гонімся за лічбамі — нам патрэбна якасць сяўбы. А ў майстэрні ў планавым парадку рамантуем тэхніку”.
…На працоўным месцы суботнік праводзіць і брыгада ДРБУ-133 — яе мы сустрэлі на дарозе Гарадзішча — Пузыры — Ілава каля вёскі Восава. “Праводзім ямачны рамонт дарожнага пакрыцця”, — кажа майстар Іосіф Полудваранін.
…На палетках ААТ “Пруднікі-Агра” працуе тэхніка. Механізатар Андрэй Рашкевіч кіруе магутным трактарам “Беларус-3522” з плугамі. “Цяжкавата ідзе, — прызнаецца. — Але гектараў дваццаць пастараюся сёння ўзараць”.
…На ферме адасобленага структурнага падраздзялення “Вузлянка” нас сустракае галоўны заатэхнік Ларыса Ганчарова. “Працоўны дзень тут пачынаецца рана, апалове шостай, — тлумачыць. — Людзі, скончыўшы асноўную работу (хто ў восем, хто — у дзевяць) працягвалі працаваць па плане суботніка: бялілі, падмяталі, прыбіралі на ферме. Цяпер аператары машыннага даення пайшлі дахаты, хутка вернуцца на дзённую дойку. Пасля яе яшчэ гадзіны дзве будзем наводзіць парадак на ферме. Зараз тут працуюць толькі жывёлаводы і лабарант — яны заняты сваімі непасрэднымі абавязкамі”. Пакуль гутарым, на тэрыторыю фермы заязджае “МТЗ-82.2” з кормаздрабняльнікам. Знаёмімся з механізатарам. Віктар Грышкевіч кажа, што заняты ў звычайным рэжыме. З разуменнем ставіцца да нашай просьбы сфатаграфавацца ў газету (маўляў, “у мяне свая праца, у вас — свая”) і зноў спяшаецца ў трактар.
…Паміж Пузырамі і Навасёлкамі з’язджаем з асфальту на палявую дарогу. Праз некалькі соцень метраў заўважаем работнікаў Крывіцкага сельвыканкама, занятых на ліквідацыі стыхійнай звалкі. “Тут перш кар’ер быў, — тлумачаць яны. — Відаць, па старой памяці людзі назвозілі сюды смецця — нават бярвёны былі параскіданы. Вядома, звалка гэта не навідавоку: тут мала хто бывае. Але ж прыбіраць трэба не толькі ля дарог”.
***
…Суботнік завяршыўся. Вяртаючыся ў Мядзел, бачым аўтамабілі ледзь не ля кожных могілак: перад Радаўніцай людзі прыбіраюць месцы спачыну родных. Вось і на навагабскіх могілках заўважаю некалькі чалавек… Прашу вадзіцеля спыніцца.
— Разам сабраліся: гэта — мой швагер, а гэта — зяць… Прыехалі прыбраць магілы сваякоў, — гаворыць мясцовы ўраджэнец Анатоль Лашук.
…Канечне, усё гэта ўжо не мела ніякага дачынення да рэспубліканскага суботніка. Але непасрэдна адносілася да захавання памяці пра продкаў — тых самых дзядоў-прадзедаў, якія не толькі падаравалі жыццё, але і сапраўды (з гэтым не паспрачаешся!) цяжкай руплівай працай заклалі аснову ўсяго, што маем цяпер.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.

На ўскладанні кветак да помніка Леніну.

 

Работнікі Крывіцкага сельвыканкама ліквідуюць стыхійную звалку.

 

Тэхніку рамантуе механізатар ААТ “Сваткі” Ігар Аўрэйцавіч.

 

Працуюць Сяргей Паршута і Ігар Івашка.

 

Жывёлавод Юрый Малько з АСП “Вузлянка”.

 

На суботніку старанна працуюць Алена Брыжак і Мая Петнічэнка.

 

Механізатар АСП “Вузлянка” Віктар Грышкевіч.

 

Вадзім Кабайла і Генадзь Рэдзько з Мядзельскай ЖКГ.

 

Ямачны рамонт дарожнага пакрыцця праводзяць работнікі ДРБУ-133.

 

Шмат смецця назбіралі на ўзбярэжжы Мястра работніцы ТЦСАН Кацярына Смольская і Вераніка Баразна.

Фота Аляксандра Высоцкага.


28 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай  возера Мястра  0-178

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси