А ў душы – вясна

Вельмі цікавым, насычаным жыццём жыве ветэранская арганізацыя сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза. І не дзіўна, бо аб’ядноўваюць людзей, якія не старэюць душой, якія ў любым узросце здольны запальваць сэрцы іншых, актыўнасць, неабыякавасць, жаданне тварыць дабро і быць патрэбнымі. Невыпадкова ўсе мерапрыемствы з іх удзелам праходзяць запамінальна. Не выключэнне і нядаўняе, прысвечанае трыццацігоддзю Беларускага аб’яднання ветэранаў. Адбылося яно на базе Нарацкай СШ №2. Напачатку ветэранам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, якія працавалі ў 70-80-ыя гады пад кіраўніцтвам Івана Якімца, была прапанавана экскурсія па сучаснай школе, якую правёў дырэктар установы Генадзій Крыштафовіч. Прысутныя з цікавасцю азнаёміліся з утульнымі і па-сучаснаму абсталяванымі  кабінетамі, бібліятэкай, актавай залай. Ім вельмі спадабаліся прасторныя, прыгожа аформленыя калідоры, сталовая, буфет. Асабліва шмат станоўчых эмоцый выклікала наведванне спартыўнай і трэнажорнай залаў, якія можна актыўна выкарыстоўваць не толькі ў працэсе заняткаў па фізічнай культуры, але і ў шосты школьны дзень. Ад убачанага ўсе былі ў захапленні. “Аб такой установе можна толькі марыць, — у адзін голас сцвярджалі педагогі-ветэраны. — Вось гэта школа! Прыгожая, утульная, дзе прыемна працаваць і вучыцца! Новае абсталяванне, дыхтоўная мэбля, падабраная з густам, камп’ютары, інтэрнэт… Нічога не скажаш, пашанцавала жыхарам курортнага пасёлка. Але курорт на тое і курорт, што там усё павінна быць на самым высокім узроўні, у тым ліку і школа, якая навучае і выхоўвае падрастаючае пакаленне — будучыню нашай беларускай дзяржавы. І гэта вельмі правільны падыход”. Увазе гасцей быў прапанаваны таксама відэафільм аб цырымоніі адкрыцця новага будынка школы. Прысутныя выказалі ў адрас Генадзія Віктаравіча словы падзякі за цёплы прыём і прадастаўленую ім магчымасць пабываць у сучаснай установе адукацыі, пазнаёміцца з умовамі навучання і выхавання дзяцей, працы педагагічнага калектыву.
Затым усе сабраліся ў бібліятэцы, каб папоўніць дэфіцыт увагі  і цяпла, якога так часта не хапае ў штодзённым жыцці, асабліва калі ты знаходзішся на пенсіі, не працуеш, і каб зарадзіцца станоўчымі эмоцыямі на будучае. Тон у размове задала старшыня ветэранскай арганізацыі сістэмы адукацыі і галіновага прафсаюза Ядвіга Чарняўская, якая ўмее падняць настрой, падбадзёрыць і сваёй нязгаснай энергіяй, энтузіязмам натхніць тых, хто побач. Яна ж перадала слова чалавеку, якога прысутныя добра ведаюць па ранейшай сумеснай рабоце, па натуры аптымісту, жыццялюбу, для якога свет паэзіі стаў патрэбнасцю душы, — Івану Якімцу. Цікава тое, што Іван Іванавіч ведае на памяць многія вершы выдатнага сына Мядзельскай зямлі Максіма Танка, іншых знакамітых паэтаў. Ён можа ўсю паэму “Новая зямля” вядомага беларускага песняра Якуба Коласа прадэкламаваць, экспромтам “выдаць” розныя крылатыя выказванні і нават біблію працытаваць… Цудоўны бенефіс з яго удзелам і быў прадстаўлены ўвазе калег-педагогаў. І трэба сказаць, што прайшоў ён на “ўра”. Удзельнікі мерапрыемства былі ў захапленні ад выступлення былога загадчыка раённага аддзела народнай асветы. Усе ўважліва слухалі вершы, знітаваныя па асобных тэмах: адрасаваныя жанчынам, пра каханне, пра ўзаемаадносіны паміж людзьмі, прысвечаныя родным мясцінам, маці…  Выклікаў цікавасць і раздзел выказванняў знакамітых людзей розных эпох, уяўляючы своеасаблівую скарбонку крылатых выразаў, якія Іван Іванавіч заўсёды трапна прымяняе падчас выступленняў і нават проста ў размове са сваімі субяседнікамі. Дарэчы, ветэран педагагічнай працы падрыхтаваў цэлае прадстаўленне, у якім вершаваныя радкі цудоўна дапаўняліся песеннымі застаўкамі, што ўспрымалася на слых лёгка і зусім не надакучліва. Нездарма многія з прысутных пазней назвалі выступленне Івана Іванавіча сапраўдным Святам для душы.
І хоць у зале знаходзіліся людзі з рознымі лёсамі, характарамі, жыццёвымі абставінамі, тым не менш вядучая — Ядвіга Чарняўская — паспрабавала ўсіх аб’яднаць па групах. Прычым кожнай з іх давялося пастарацца праявіць і мудрасць, і кемлівасць, і… нават свае творчыя здольнасці паказаць падчас выканання тых ці іншых заданняў. У тым ліку па некалькіх словах назваць песню і яе праспяваць; пачуўшы крылаты выраз, узгадаць вядомы кінафільм альбо ўзважліва адказаць на не зусім простае пытанне… А яшчэ ўвазе прысутных была паказана казка-экспромт “Кароль-аптыміст”, галоўныя ролі ў якой сыгралі  многія з запрошаных на мерапрыемства.  Ды так, што ўсе артысты былі ўзнагароджаны за смеласць і сцэнічнае майстэрства бурнымі і працяглымі апладысментамі, якія яны на самай справе заслужылі. Агульнымі намаганнямі быў выпрацаваны і “Эліксір маладосці”, галоўны прынцып якога: “Не патрэбна засмучацца — усё жыццё яшчэ наперадзе!”.
Да ветэранаў са словамі ўдзячнасці і найлепшымі пажаданнямі — жыццёвай стойкасці, здароўя, аптымізму, шчасця і даўгалецця — звярнулася старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ірына Глінская. А закончылася сустрэча песняй Булата Акуджавы. Яе словы яшчэ раз нагадалі, што вельмі важна падтрымліваць адзін аднаго, дапамагаць і шчыра радавацца поспехам іншых. Падсумоўваючы вынікі мерапрыемства, хочацца падкрэсліць: не старэюць душой ветэраны, а значыць, у іх душы па-ранейшаму жыве вясна, напоўненая абуджэннем прыроды, капежам і квеценню садоў! А гэта, згадзіцеся, вельмі важна.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.


28 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Адукацыя

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   возера Мястра 0-170 dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси