Захаваем першацветы!

На Мядзельшчыне расце мноства першацветаў, сярод іх ёсць расліны, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Іх збор забаронены і караецца штрафнымі санкцыямі ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь. Гэта ветраніца лясная, сон-трава, першацвет высокі, пярэсна еўрапейская, раўнаплоднік васіліснікавы, фіялка багністая, сон-трава раскрытая. Акрамя «чырванакніжных», у Нарачанскім краі ёсць віды са Спісу раслін і грыбоў, якія патрабуюць прафілактычнай аховы: цюльпан лясны, першацвет вясновы, пралеска высакародная, чубатка полая.
Выязджаючы ў лес, гараджане нярэдка вязуць дадому букецік першацветаў. Масавы збор падрывае колькасць іх папуляцый і здольнасць да вегетацыі, парушаецца і карнявая сістэма. Тыя, хто збірае і прадае першацветы, знішчаюць іх, а хто купляе — дапамагаюць браканьерам.
З сярэдзіны красавіка да канца мая на кірмашах можна сустрэць і свежую чарамшу, або мядзведжую цыбулю, — духмяная зеляніна, знешне падобная на ландыш, а па смаку нагадвае часнок. Дзякуючы сваім харчовым якасцям, чарамша вельмі карысная, з’яўляецца першай крыніцай вітамінаў вясной. Аднак расліна гэта рэліктавая, вельмі рэдка сустракаецца ў Беларусі і таму занесена ў
Чырвоную кнігу. Вядомы выпадкі, калі прыродаахоўнікі затрымлівалі партыі чарамшы ў 40, 50 і 120 кілаграмаў, сабранай у пучкі і гатовай да рэалізацыі. Каб сабраць такую колькасць, патрэбна спустошыць немалыя плошчы. А колькі яе вытоптваецца падчас збору!
Між тым, чарамшу можна вырошчваць у сябе на участку. Яна нядрэнна прыжываецца, а стварыць неабходныя ўмовы для яе росту не так і складана. Не варта рваць рэдкія вясновыя кветкі на букеты, лепш любавацца імі ў прыродзе, захоўваючы прыгажосць натуральнай прыроды для будучых пакаленняў. Адмова кожнага з нас купляць кветкі, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, дасць ім шанц квітнець кожную вясну.
А. АДАМКОВІЧ.
Вядучы спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


26 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Навіны

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел 0-178 wjx6x-f4hhi Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела