Эдвард Будзька — сын Будслаўскай зямлі

Лёсы… Такія розныя, непрадказальныя і супярэчлівыя… Тыя, дзе больш радасці, і тыя, дзе радасць мяжуе са смуткам. Лёсы, якія знітаваліся настолькі цесна з лёсам Бацькаўшчыны, што ўжо цяжка зразумець, ці гістарычнае развіццё Айчыны прадвызначыла шлях чалавека, альбо Асоба стварыла тую гісторыю Беларусі, якую мы ведаем…
Эдвард Адамавіч Будзька — сын Будслаўскай зямлі, адна з зорак у сузор’і славутых людзей нашага краю. Ён — грамадска-палітычны дзеяч, літаратар, адзін з тых, хто на пачатку неспакойнага XX стагоддзя клапаціўся пра будучыню беларускай зямлі, шчыры патрыёт, які спрычыніўся да станаўлення беларускай нацыі, чалавек, жыццё якога ёсць прыклад самаахвярнасці на карысць Радзіме.
Год 1882 быў шчодрым на нараджэнне талентаў. Гэта — год Купалы, Коласа, Галубка. У гэтым жа годзе ў мястэчку Будслаў з’явіўся на свет Эдвард Будзька. І сёння ў Будславе па вуліцы Зялёнай “уздыхае камінамі” тая хата, дзе зрабіў першыя крокі і пайшоў у жыццё сучаснік і паплечнік Купалы, Коласа, братоў Луцкевічаў наш зямляк — Эдвард Будзька.
Са скупых біяграфічных звестак аб Эдвардзе ведаем, што ён, скончыўшы чатырохкласную школу ў Будславе, паехаў вучыцца ў Рыгу. Эдвард Будзька быў надзвычай здольным да навукі і меў да яе жаданне і інтарэс. Аб гэтым згадваюць у сваіх успамінах (апублікаваных) і дочкі Эдварда — Людвіка Бяленіс і Ірэна Пануцэвіч, пра гэта ёсць і ўспаміны сведак тых далёкіх падзей — дзяцінства і юнацтва Будзькі. Праўда, гэтыя ўспаміны гучаць ужо не з першых вуснаў, тым не менш. Ганна Сцяпанаўна Грышкевіч, жыхарка аграгарадка Будслаў, муж якой з’яўляўся стрыечным пляменнікам Э. Будзькі (зараз яна жыве ў хаце бацькоў Э. Будзькі), узгадвае словы сваёй свекрыві Ядвігі Грышкевіч: “Эдвард быў здольны, любую задачку мог рашыць”.
Эдвард Будзька паступіў у Рыжскі політэхнічны інстытут, які па прычыне фінансавых праблем закончыць не ўдалося. Але Рыга падарыла шчасце ў асабістым жыцці. Эдвард знаёміцца з Валерыяй — сваёй будучай жонкай, якая ў той час атрымлівала адукацыю ў гэтым горадзе на Заходняй Дзвіне. Дзяўчына была блізкай сяброўкай Паўліны Мядзёлкі, яны разам вучыліся. У 1908 годзе ў Полацку Эдвард і Валерыя пабраліся шлюбам у былым дамініканскім касцёле. Дарэчы, у той час ксяндзом святыні, дзе адбыўся шлюб, з’яўляўся Францішак Будзька — дзядзька Эдварда. Лёс Францішка Будзькі, які клапаціўся пра распаўсюджванне беларускай мовы ў рэлігійнай сферы і не толькі — асобная размова. Гэты чалавек быў актыўным  дзеячам на ніве асветы і культуры, увайшоў у гісторыю як патрыёт і прыхільнік беларускай мовы, погляды якога сфарміраваліся пад уздзеяннем творчасці Ф. Багушэвіча.
Маладая сям’я Будзькаў жыла некаторы час у Рызе. Эдвард працаваў бухгалтарам у кааператыве. У  хуткім часе яны вымушаны былі пераехаць у Вільню, але затрымаліся там нядоўга. З пачаткам Першай сусветнай вайны Эдвард і Валерыя разам з дзецьмі (на той час сям’я мела ўжо дзвюх дачок — Ірэну і Людвіку) пераязджаюць у Пецярбург.
Варта нагадаць, які гэта быў час. Гэта быў перыяд, калі беларускія землі ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі, падзенне якой  адбылося ў 1917 годзе, калі востра стаяла нацыянальнае пытанне, калі ішоў працэс станаўлення беларускай нацыі. Цэнтрамі грамадска-палітычнага, культурнага  жыцця беларусаў былі такія гарады, як Вільня, Пецярбург. Асяродкам, дзе выкрышталізоўваліся ідэі беларускага Адраджэння, была газета “Наша ніва”, першы нумар якой пабачыў свет у лістападзе 1906 года. Эдвард Будзька быў актыўным супрацоўнікам выдання: друкаваў на яго старонках уласныя вершы, пераклады і заметкі. Шмат што з яго літаратурнай і публіцыстычнай спадчыны засталося ненадрукаваным па прычыне таго, што Будзька быў надзвычай сціплым чалавекам. Пра што пісаў ён у той час увогуле? Пра Радзіму, пра мову, пра тых дзеячаў нацыянальна-вызваленчага руху, якіх ведаў асабіста.
Эдварда Будзьку надзвычай клапаціла пытанне развіцця беларускай мовы: станаўленне яе літаратурнай формы, унармаванне граматыкі. Апошнім пытаннем ён займаўся яшчэ да таго, калі да гэтай справы прыступіў Б. Тарашкевіч. Клопат Эдварда Будзькі пра лёс мовы адлюстраваўся ў невялікім выданні пад назвай “Што такое простая і што такое мудрэйшая гаворка”. Думкі, выказаныя аўтарам, не згубілі актуальнасці і сёння: “Усялякая людская мова можыць быць добрай, трэба толькі ўмеючы з ёй абыходзіцца”.
У тым жа выданні Будзька пазначыў: “Кажуць так: калі не можна чалавека давесці да школы,  дык трэба школу падвесці к чалавеку. Гэтай рацыі трэба трымацца свядомым беларусам”. І Эдвард Будзька трымаўся. Пасля пераезду ў Пецярбург ён загарэўся ідэяй адкрыць у Будславе гімназію. З успамінаў яго дзяцей, пецярбургскі перыяд быў шчаслівай парой жыцця. У той час не зачыняліся дзверы іх дома: ладзіліся вечарыны, лекцыі, канцэрты. Бурліла грамадскае жыццё, у якім прымалі ўдзел  нават дзеці. Пры гэтым адзначалася, што бацька быў вельмі заняты, паколькі рэалізоўваў  ідэю стварэння Будслаўскай гімназіі і супрацоўнічаў з газетай “Дзянніца”. Акрамя таго, у 1916 годзе ён быў рэдактарам-выдаўцом газеты “Светач”, з’яўляўся актыўным удзельнікам нацыянальнага руху: у снежні 1917 года быў адным з удзельнікаў Першага Усебеларускага з’езда.
Дзякуючы намаганням  Эдварда Будзькі, у Будславе была адкрыта  гімназія (1917-1919), якая забяспечвала агульную сярэднюю адукацыю. Выкладанне прадметаў ажыццяўлялася на беларускай мове. Гэта была адна з тых нямногіх устаноў падобнага тыпу, якія дзейнічалі на беларускіх землях у адзначаны перыяд. Будслаў  на той час таксама з’яўляўся асяродкам культурнага жыцця. Пры гімназіі дзейнічаў культурна-асветніцкі гурток “Вяночак”, які меў некалькі секцый. Адна з іх — драматычная — займалася пастаноўкамі спектакляў, з якімі ўдзельнікі гастралявалі па наваколлі.
У гэту ж гімназію пайшла ў першы клас і дачка Эдварда — Ірэна. Але сям’я зноў вымушана была пераехаць, на гэты раз — у Вільню. І гэта быў таксама надзвычай актыўны перыяд грамадска-палітычнай і асветніцкай працы Будзькі. Працуючы кантралёрам у Віленскім Саюзе Кааператараў, ён вымушаны быў часта бываць у камандзіроўках, аб’язджаючы шэраг мястэчак і вёсак Віленшчыны, тэрыторыі Польшчы. Падчас сваіх маленькіх падарожжаў Эдвард Будзька прапагандаваў беларускую ідэю, запальваючы ёю сэрцы новых людзей. Не было часу на адпачынак: уласная праца, рэалізацыя задумак, нястомны клопат аб будучыні Бацькаўшчыны.
Спектр дзейнасці Эдварда Будзькі ўражвае. Акрамя ўсяго згаданага вышэй, наш зямляк дапамагаў Віленскаму беларускаму музею Івана Луцкевіча, заснаванаму ў 1921 годзе, папаўняць калекцыю экспанатаў. Падчас сваіх службовых і прыватных вандровак Будзьку ўдавалася ў даўніх маёнтках знаходзіць унікальныя беларускія рэчы — пачынаючы ад прадметаў побыту і заканчваючы рэдкімі выданнямі. Эдвард захапляўся гісторыяй. Гэта перадалося ад яго і сыну Чаславу, які стаў займацца гісторыяй прафесіянальна. Мала хто ведае: Эдвард Будзька ўваходзіў у склад Камісіі па стварэнні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Здзіўляе тое, што ў не такога ўжо матэрыяльна багатага чалавека, але бясспрэчна з вялікім сэрцам і прыгожай душой, прысутнічала жаданне  і знаходзіліся фінансавыя сродкі дапамагаць іншым людзям, асабліва беларускай моладзі. Ганна Грышкевіч узгадвае, што яе муж, Часлаў Францавіч, у дзяцінстве і маладосці быў нераўнадушным да музыкі. Такое захапленне сваяка Эдвард Будзька актыўна падтрымліваў: “Я табе не толькі скрыпку, але і піяніна куплю”. Ураджэнцаў Будслава заахвочваў Будзька да атрымання адукацыі: даваў грошы, гасцінна былі адчынены дзверы яго дома ў Вільні. Адсюль іншая іпастась нашага земляка — мецэнат па сваёй сутнасці. Увогуле, Эдвард Будзька па характары быў надзвычай добрым і чулым чалавекам. Дапамагаў сваім сёстрам (меў дзвюх сясцёр), клапаціўся пра брата.
Дзесьці каля 1939 года сям’я Будзькаў пераязджае ў Будслаў з надзеяй застацца тут назаўсёды. І сёння на беразе ціхай Сэрвачы, паблізу вуліцы Зялёнай, стаіць фундамент таго дома, які так і не ўдалося пабудаваць на роднай зямлі Эдварду Будзьку. Стаіць, як напамін, адкуль вытокі, як сведка  чалавечага жадання вярнуцца да гэтых вытокаў, як сімвал няспраўджаных мар. Пасля восеньскіх падзей 1939 года Эдвард працуе ў Вілейцы бухгалтарам, напачатку вайны — у Мінску інспектарам у гарадской управе, крыху пазней — у Баранавічах. З наступленнем савецкіх войскаў выязджае ў Варшаву, потым — у Германію. А далей — жыццё ў эміграцыі, аж да самай смерці ў ЗША. Там і сустрэлася сям’я Будзькаў, члены якой доўгі час па волі лёсу жылі паасобку. Пасля Другой сусветнай вайны Злучаныя Штаты Амерыкі з’яўляліся моцным асяродкам эміграцыі, дзе беларуская дыяспара актыўна займалася грамадскай дзейнасцю.
Так сталася, што ЗША, Чыкага, а не Беларусь і Будслаў сталі апошнім прыстанкам Эдварда Будзькі. Там жа ён і быў пахаваны на могілках Святога Войцеха. А Будслаўская зямля памятае яго крокі, і будслаўчане ходзяць яго сцежкамі. Дарэчы, у аграгарадку, апрача бацькоўскага дома на вуліцы Зялёнай, які належаў Будзькам, знаходзяцца яшчэ некалькі дамоў на вуліцы Першамайскай, пабудаваных Эдвардам. Будзькі мелі некалькі кавалкаў зямлі, так называемых “пляцаў”, на якіх і былі ўзведзены згаданыя дамы. А яшчэ аднаму, таму, што ля Сэрвачы, запланаванаму напярэдадні Другой сусветнай вайны, не суджана было займець гаспадара.
На Будслаўскіх могілках пахаваны бацькі і брат Эдварда Баляслаў. Дочкі грамадска-палітычнага дзеяча адзначалі, што іх бацька заўсёды казаў, што чалавек павінен жыць там, дзе нарадзіўся. У Эдварда Будзькі так не атрымалася.  Вялікую частку свайго жыцця ён правёў не толькі не на сваёй маленькай радзіме, але і ўвогуле па-за межамі  Беларусі. Рыга, Пецярбург, Вільня, Каўнас, Варшава, Чыкага… Што гэта: асабісты выбар ці воля лёсу? І тое, і другое. Па-іншаму было немагчыма: напачатку быў зроблены выбар — стварыць Беларусь, а далей шляхі гэтага будаўніцтва былі наканаваны самім жыццём, а дакладней тымі грамадска-палітычнымі рэаліямі, што вызначалі час, у якім жыў Эдвард Будзька. І хто ведае, якія думкі апаноўвалі яго ў ЗША, калі за тысячы кіламетраў, у заходнім паўшар’і, можна сказаць, у іншым свеце, ён думаў пра родную зямлю, пра яе лёс і асабісты. Напэўна, туга агортвала сэрца, а душу пранізвала ўсведамленне еднасці з Бацькаўшчынай. І чамусьці падаецца, што ўсе пачуцці да роднай зямлі — клопат, пяшчоту, любоў — ён мог бы выказаць купалаўскімі радкамі: “…мне сняцца сны аб Беларусі!”.
А. ДЗЕМІДОВІЧ.
Кандыдат гістарычных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, ураджэнка аг. Будслаў.
На здымку: Эдвард Будзька са сваёй сям’ёй (фота з сямейнага архіва дачок).


20 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Гісторыя, Культура

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Травень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

Царква ў Крывічах Касцёл у Шэметава   06-012 223_

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси