З рэдакцыйнай пошты

Нам хораша разам!

Я нарадзілася ў самым лепшым на свеце месцы — у вёсцы Канстанцінава Свірскага сельсавета. Наш населены пункт на той час усе называлі мястэчкам. У ім былі школа-васьмігодка, цэнтр калгаса, тры магазіны, пякарня, смалакурны завод, лясхім, лесагадавальнік, медпункт, клуб. Але самым галоўным яго багаццем лічыўся касцёл Маці Божай. Пад званы святыні людзі звяралі час, планавалі свае справы. У Канстанцінаве жылі пераважна каталікі. Прычым дружна, прыстойна.  Сем’і былі вялікія. Па 5-6 дзяцей выхоўвалася ў іх. Бацькі змалку прывучалі сваіх сыноў і дачок да працы, прывівалі ім паслухмянасць, павагу да старэйшых. У такой сям’і вясковага каваля Івана Юзэфовіча і яго жонкі Гелены ў 1937 годзе нарадзілася трэцяе па ліку дзіця — хлопчык, якога назвалі Уладзіславам. Сёстры Софія і Яніна былі старэйшымі за яго адпаведна на 7 і 5 гадоў. Значна пазней у іх сям’і з’явіліся на свет яшчэ сын Іван, дочкі Ганна і я, Марыя.
З маленства Уладзя (так яго называлі) дапамагаў бацькам па гаспадарцы, працаваў з татам у кузні, вельмі ўдала лавіў кратоў, пасвіў кароў. Уся вясковая работа давалася яму лёгка.  У 1955 годзе юнака прызвалі ў армію. Трапіў ён служыць у Германію. Калі ж адтуль прыйшло яго першае пісьмо, мама галасіла на ўсю вёску: у памяці вяскоўцаў яшчэ доўга тады жылі ўспаміны пра Вялікую Айчынную вайну. Але Уладзя шчасліва адслужыў тры гады і прыехаў дадому. Шмат гасцінцаў ён прывёз з чужбіны — у прыгожых фанціках цукеркі, пячэнне… Для нас гэта было вялікім шчасцем. Тады нам, малым, брат здаваўся амаль незнаёмым, такім прыгожым, высокім, у форме, якая вельмі яму пасавала, з падарункамі… Хутка Уладзя ўладкаваўся на работу: напачатку гэта быў лясхім, пасля прадпрыемства было перайменавана ў лясгас. Так да выхаду на пенсію брат і працаваў у лясной гаспадарцы лесніком. Ён вельмі любіць лес, ведае кожную грыбную і ягадную палянку.

падчас вяселля (фота з сямейнага архіву)

Але расказ пра Уладзіслава не будзе поўным без важнай падзеі ў яго жыцці — сустрэчы з Рэгінай, якая стала не толькі жонкай, але і сябрам. Невысокая, чарнявая дзяўчына з Венцавічаў згадзілася ў 1962 годзе выйсці замуж за Уладзю. Вяселле гуляла ўся вялікая радня, зычыла маладым шчасця і згоды. З тае пары яны ўвесь час разам, усё дзеляць папалам. Напачатку сужонкі жылі разам з бацькамі, а пасля купілі свой дом. У іх нарадзілася трое дзяцей: дочкі Тэрэса  і Лілія, сын Генадзій. Пастаянна мелі вялікую гаспадарку. На іх падворку былі карова, свінні, куры, індыкі. Аднак, самай любімай жывёлай ва Уладзі быў конь. Вось і трымалі яго заўсёды: і як былі маладымі, і калі пастарэлі. Пра сваіх коней і жарабят муж з жонкай могуць расказваць гадзінамі. Яны памятаюць усе іх прыгоды, мянушкі, нораў.
Рэгіна — спраўная гаспадыня. Умее шыць, гатуе смачныя стравы. У іх доме, калі б туды ні зайшоў, чыста і ўтульна. Яна добры і сямейны бухгалтар. Дзякуючы мудрасці і ашчаднасці Рэгіны ў іх сям’і заўсёды быў дастатак. А яшчэ яна мае ад прыроды прыгожы голас і спявае ў касцельным хоры.
Нават не заўважылі муж з жонкай, як выраслі дзеці. Выйшлі замуж дочкі, ажаніўся сын. Шэсць унукаў падаравалі яны бабулі з дзядулем, якія ўжо таксама сталі дарослымі, стварылі ўласныя сем’і. Багатыя Уладзя з Рэгінай і на праўнукаў: усяго іх дзесяць. Усім хапае месца ва ўтульным доме Юзэфовічаў, калі іх вялікая і дружная сям’я збіраецца разам. Старэйшая Тэрэса жыве ў Літве. Ліля і Гена засталіся напастаянна ў родным Канстанцінаве. Яны часта наведваюцца да таты з матуляй, дапамагаюць ім па гаспадарцы, падтрымліваюць. Прыязныя адносіны існуюць дзесяцігоддзямі ў Юзэфовічаў і з суседзямі.
 Днямі Уладзіслаў адзначыць 80-годдзе з дня нараджэння. З гэтай нагоды я, Марыя, самая малодшая сястра, ад імя сваёй сям’і — мужа, сыноў, нявестак, унукаў, а таксама пляменнікаў, шчыра віншую яго з гэтай нагоды. Жадаю моцнага здароўя, даўгалецця, дабрабыту і надалей заставацца аптымістам, а самае галоўнае з Божай дапамогай жыць на радасць нам усім — радні, дзецям, унукам і праўнукам.
Вось ужо 55 год  Уладзя і Рэгіна разам. Папалам дзеляць і радасці, і цяжкасці. Гэта таксама добры прыклад для пераймання для іх блізкіх.
Любоў да людзей, ветлівыя адносіны да кожнага чалавека бацькі прывілі і сваім дзецям, а гэта вельмі важна.
З нашай вялікай сям’і зараз засталіся толькі я з братам. Я ганаруся Уладзям, яго жонкай. Лічу за шчасце, што яны ў мяне ёсць. Вельмі даражу сяброўствам з іх дзецьмі. Мы разам наведваемся на могілкі, дзе пахаваны нашы родныя, памінаем іх у храме. Сустракаемся за бяседай за святочным сталом. Нам усім вельмі хораша разам!
Кажуць, што людзі, якія дачакаліся праўнукаў, адразу трапяць у рай. Для вясковага чалавека рай — гэта спакой, праца, здароўе для сябе і  сваіх блізкіх. Так што жывіце яшчэ доўга-доўга тут, на зямлі, шаноўныя Уладзя і Рэгіна! Мы вас любім, паважаем. Вы нам усім патрэбны!
М. СІДАРОВІЧ.
Жыхарка г. Мядзел.
***

“Школьны калейдаскоп”

ШТОГОД з прыходам вясны ў Нарацкай сярэдняй школе №2 ладзіцца такое свята. У яго праграме — самыя розныя мерапрыемствы. І мне захацелася падзяліцца ўражаннямі ад іх. Мабыць, пра гэты праект больш даведаюцца ў іншых школах, возьмуць сабе на заметку. А пачыналася ўсё з яркай сустрэчы: звонкія галасы дзяцей віталі ўсіх гасцей і запрашалі ў вучэбныя кабінеты. Пасля званка пачаліся “ўрокі”, у 3 “а” ён называўся “З любоўю да бабулі”. Іна Іванаўна Ракецкая не толькі шчыры і добры чалавек, але і настаўнік-прафесіянал. Кожны момант нашай сустрэчы стаў незабыўным. Мы і смяяліся, і вучыліся, і любаваліся нашымі дзеткамі. Потым нас запрасілі на бацькоўскі сход. Дырэктар школы Генадзь Віктаравіч Крыштафовіч расказаў аб перспектывах яе развіцця, не абмінуў і праблемы, якія можам вырашыць агульнымі намаганнямі.
Невялікі антракт для прэзентацыі выстаў творчасці таленавітых сем’яў змяніўся канцэртнай праграмай “Сямейны падрад”. На сцэну актавай залы выйшлі дзеткі разам са сваімі матулямі, татамі, бабулямі. І так гэта душэўна, шчыра і ўдала атрымалася! Быццам мы апынуліся ў паралельным Сусвеце пяшчоты, любові і разумення. Ідэя такога канцэрта належыць намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяне Васільеўне Куцко. Няпроста ўявіць, колькі намаганняў каштавала гэта шоу, але атрымалася даволі прафесійна. Да вядучай свята Галіны Станіславаўны Амельяновіч, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, сувядучы звяртаўся “бабуля”, бо гэту ролю выконваў яе ўнук Арцём, вучань другога класа. Закрануў расповяд пра шчасце. Яго вялі сем’і трэцякласніц Ганны Авяцян і Алесі Храпан. Затым мы любаваліся дуэтамі Паліны і яе матулі Наталлі Уладзіміраўны Дворнік, Кацярыны і Яўгена Анатольевіча Ярмаковічаў… Песню для бацькоў зала выконвала разам з таленавітай Ірынай Сцяпанаўнай Вінаградавай і танчыла разам з яе сынам-першакласнікам. Запомнілася мне і Кацярына Мікалаеўна Ляшчэўская з народнай песняй, і маленькая пераможца раённага этапу конкурсу творчасці Арына Чараўка, і майстра ігры на акардэоне Паліна Сальмановіч, і Мілана Ражкова са шчырай песняй пра тату.
Такія святы аб’ядноўваюць школу і сям’ю. Сумесная творчасць, уражанні, перажыванні адзін за аднаго — гэта тое, што нас яднае. Калі сядзелі ў зале разам з дачкой, унукамі, мне падумалася: “Як дзіўна, мы ў школе ўсе разам, такія шчаслівыя, такія родныя… Сям’я — найвялікшае багацце на свеце. Атрымалася, што сёння гэту ісціну да нас данесла школа”.

Я. КУЦКЕВІЧ, бабуля.

***

Багацце, што не вымяраецца грашамі

КАЛІ чалавек жыве ўвесь час на адным месцы, яму здаецца, што і ўсюды так: такія ж прырода, людзі. І мне так здавалася, пакуль не выйшла замуж за ваеннага і не стала ездзіць па свету. Муж служыў у сонечным Узбекістане, а таксама ў Чэхаславакіі, Украіне, Лівіі. Калі даведваліся, што я беларуска, адносіны адразу будаваліся больш дружалюбна. Нехта ўзгадваў, што сябраваў некалі з беларусам ці проста быў з ім знаёмы. Прыемна, што мае суайчыннікі пакідалі пасля сябе добрыя ўспаміны.
Аднак, калі муж дэмабілізаваўся і мы вярнуліся на маю радзіму, зрабіла для сябе выснову: няма куточка прыгажэйшага і лепшага, чым наш — шыкоўная прырода, лясы, азёры, рачулкі, чароды буслоў, якія разгульваюць па палях і селяцца побач з людзьмі, мноства іншых птушак, а кветак колькі — лугавых, палявых… Чаго варты лясы, дзе можна паласавацца суніцамі, чарніцамі, дурніцамі, брусніцамі, журавінамі, калінай, рабінай, шыпшынай, арэхамі, грыбамі, бярозавым сокам ды яшчэ зрабіць з усяго гэтага нарыхтоўкі на зіму! А якія прыгожыя бярозкі — вачэй не адвесці!
Да пары такой прыродзе і людзі, якія жывуць у гэтым цудоўным месцы зямнога шара. На пенсіі муж уцягнуўся ў пчалярства. Для гэтага мы набылі домік у Судніках Слабадскога сельсавета. Прыемна здзівіліся, калі да нас прыйшлі знаёміцца нешматлікія вясковыя жыхары, чатыры сям’і — Вараб’і, Будслаўскія, Дрозд, Грынцэвіч. Яны прапаноўвалі сваю дапамогу, парады, частавалі прысмакамі нас, зусім незнаёмых людзей. Вось яна — беларуская гасціннасць, дабрыня! Мы пасябравалі і зараз нібы парадніліся. Канечне, яны ўсе розныя, але маюць і шмат агульнага: працавітасць, сціпласць, шчырасць, прыстойнасць, акуратнасць, надзейнасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу па першым закліку. У іх дамах і на падворках шмат кветак. Узгадаю некалькі характэрных эпізодаў, магчыма, і нязначных, але гэта яскравае пацвярджэнне выключных чалавечых якасцей нашых суседзяў па дачы.
На высокім слупе каля дома Вараб’ёў уладкаваліся буслы, потым у іх з’явілася патомства. Неяк гаспадыня Тэрэза Аляксандраўна ўбачыла на зямлі двух маленькіх птушанят. Не доўга думаючы, выклікалі вышку з РАНС, каб выратаваць птушачак і пасадзіць іх зноў у гняздо. Гэтыя людзі не ведалі, што птушкі-бацькі самі выкідваюць слабых. Але адносіны да прыроды ўразілі. Цікавы чалавек і гаспадар Алег Мікалаевіч, які мае вышэйшую адукацыю, зараз на пенсіі, мае вялікі вопыт работы з людзьмі, цікавы субяседнік, у якога можна шмат чаму павучыцца.
Чулі б вы, з якой пяшчотай і дабрынёй адгукаецца Вера Пятроўна пра свайго зяця Станіслава Казіміравіча Будслаўскага. “Ён жа для мяне нібы родны сынок. Нясу вядро з вадой, тут жа падхопіць. Ніколі слова дрэннага не скажа, з павагай да мяне адносіцца”, — можна пачуць ад жанчыны. Яны з’яўляюцца прыкладам адносін зяця з цешчай, бо колькі ў народзе ходзіць анекдотаў, якія высмейваюць такія адносіны. Ды гэта не пра іх. А як умудраецца Алена Аляксандраўна Будслаўская адначасова быць узорнай гаспадыняй, уважлівай дачкой і пляменніцай, любячай жонкай, клапатлівай матуляй і бабуляй, ласкавай цешчай, ведае толькі яна, гэта яе сакрэт.
Ядвіга Станіславаўна Дрозд — шчырая працаўніца, з малых гадоў працавала на калгасных палетках і дома, шмат гадоў была звеннявой і брыгадзірам паляводчай брыгады, вельмі старанная, практычная, ведае адказы на многія пытанні, асабліва на тыя, што тычацца сельскай гаспадаркі, і ахвотна дзеліцца сваім вопытам з іншымі. Спачатку можа падацца строгай, але, пры бліжэйшым знаёмстве, упэўніваешся, што перад табой чалавек душэўны і надзейны.
Далікатная з выгляду, але моцная характарам Марыя Іванаўна Грынцэвіч. Яна нарадзіла і выхавала пяцёра дзяцей — трох сыноў і дзвюх дачок. Рана засталася без мужа, але ніхто дрэннага ні пра яе, ні пра дзяцей не скажа. Сыны і дочкі ў добрых адносінах з матуляй, дапамагаюць ёй ва ўсім, падтрымліваюць.
У большасці нашых суседзяў няма за плячыма універсітэтаў, акадэмій, затое ёсць незвычайная дабрыня, жыццёвая мудрасць і чуласць. На першым месцы ў іх — духоўнасць. Няма заклапочанасці пра кватэры, дамы, аўтамабілі і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці. Цэняць і берагуць тое, што маюць. Мы з мужам захапляемся імі. Гэта і ёсць багацце зямлі беларускай. Думаецца, што не толькі ў Судніках, але і па ўсёй Беларусі жыве такі народ. Вельмі разумею нашага Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, калі ён кажа, што не можа доўга знаходзіцца за мяжой, хоча хутчэй вярнуцца дадому. Не сумняваюся, што многія мае суайчыннікі такога ж меркавання, асабліва старэйшага пакалення. Некаторыя маладыя людзі (ведаю іх не шмат) хацелі б паехаць жыць за мяжу. Ім хачу сказаць, што няма нідзе лепшага жыцця, прыроды і людзей, чым у Беларусі. Цаніце гэта і беражыце, сваёй працай рабіце ўсё, каб наша Радзіма станавілася больш прыгожай і багатай. А за мяжу лепш ездзіць у якасці турыстаў. Паназіраўшы за тым жыццём, упэўнена, многія зробяць такія ж высновы, як і я.

В. БАРЫСЕЕВА, г. Мядзел.



20 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Нам пішуць

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Травень 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кра    
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
293031  

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры dsc_5774-3 Рэчка Нарачанка        Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси