Ва ўрочышчах Патрэбічы і Прыстань | "Нарачанская зара" (пасведчанне аб рэгістрацыі №765 ад 4.11.2009)

Ва ўрочышчах Патрэбічы і Прыстань

Ранняя вясна дала старт цэламу комплексу палявых работ. Большасць гаспадарак раёна завяршылі першую падкормку азотнымі ўгнаеннямі азімых збожжавых культур і рапса, заканчваюць сяўбу ранніх яравых.
— Цёплае для гэтай пары года надвор’е нас знянацку не заспела, — гаворыць галоўны эканаміст ААТ «Свір-Агра» Ала Самко, — але прымусіла ўнесці сур’ёзныя карэктывы ў рабочыя планы. Глеба падсыхае не па днях, а літаральна па гадзінах. Вось і мусім спяшацца, што называецца, на ўсіх «франтах», пачынаючы ад падкормкі азімых і сенажацяў і заканчваючы падрыхтоўкай глебы і сяўбой. Усе нашы механізатары разумеюць: страцім сёння ў часе — страцім увосень ва ўраджаі.
Ала Данатаўна расказала, што першым вывеў на палеткі агрэгат «Раса» Ігар Гуско. Ён працуе ў гаспадарцы вадзіцелем, але калі трэба, то садзіцца за руль гэтага агрэгата. Дзякуючы старанню і руплівасці Ігара на ўсёй плошчы падкормлены азімыя збожжавыя культуры і рапс. Зараз «Расой» кіруе механізатар Уладзімір Грынкевіч, які некалькі дзён таму прыйшоў працаваць у гаспадарку.
— Цяпер распачынаем другую падкормку азімых з адначасовай хімпраполкай. Дарэчы, падкармілі сенажаці і пашу, на плошчы 80 гектараў пабаранавалі яе, — працягвае размову галоўны эканаміст. — Поўным ходам запраўляем палеткі арганічнымі ўгнаеннямі, якія прызначаны пад кукурузу і бульбу. Тут задзейнічаны пагрузчык з філіяла «ДЭУ-66». А на яе ўнясенні ў глебу штодня перавыконваюць нормы выпрацоўкі механізатары Іван Грумбянін і Генадзій Леош, якія працуюць на трактарах «МТЗ» у агрэгаце з прычэпамі-раскідвальнікамі. Адначасова адвозім арганіку і ад ферм. Грузіць яе «Амкадорам» Іван Стральцоў.
Як і заўсёды, без прамаруджвання пачалася і сяўба. Гэтая справа даручана вопытным хлебаробам Аляксандру Рацкевічу і Міхаілу Баркуну.
— Яравы клін збожжавых складае 690 гектараў. Ужо засеяна больш за 75 працэнтаў плошчаў. Сейбіты ў нас вопытныя. «МТЗ-3022» у счэпе з пасяўным агрэгатам «АПП-6», якім кіруе Аляксандр Рацкевіч, не ведае прастояў. Руплівы  хлебароб браку ў рабоце не дапускае. Дзённыя заданні пастаянна выконвае. Добрых вынікаў на веснавым палетку Аляксандру дапамагае дабівацца яго брат Часлаў Рацкевіч, які на аўтамабілі «МАЗ» падвозіць насенне, — зазначае Ала Данатаўна. — Не пазычаць вопыту і Міхаілу Баркуну. Адказны, старанны, руплівы, дысцыплінаваны, працавіты… А, зрэшты, давайце паедзем на поле, убачыце, як працуюць нашы хлопцы.
Непадалёку ад вёскі Альшэва ва ўрочышчы Патрэбічы на 50-гектарным палетку заўважылі тэхніку.
— Сёння тут пачалі сеяць пшаніцу, — тлумачыць галоўны эканаміст гаспадаркі. — А вось і наш сейбіт — Міхаіл Баркун.
Убачыўшы гасцей хлебароб спыніў трактар, вылез з кабіны.
— Як працуецца? — пытаюся.
— Добра. Тэхніка не падводзіць. Плошчы падрыхтаваныя. Вунь працуе Аляксандр Шукеловіч на трактары «МТЗ-1221» з культыватарам «КЧ-5,1». Ды і каменне падбіраюць. Бачыце трактар з прычэпам. Ім кіруе Леанід Буцюта, — адказвае Міхаіл. — Няма праблем і з пасяўным матэрыялам. Яго на «КамАЗе» своечасова дастаўляе Юрый Шукеловіч.
З далейшая размовы з хлебаробам даведаўся, што Міхаіл працуе ў гаспадарцы з 1987 года. Розныя работы даводзілася выконваць: араць, сеяць, касіць. Але, як зазначыла эканаміст, кожную даручаную справу ён заўсёды  імкнецца выканаць акуратна, па-гаспадарску, у вызначаны тэрмін.
— А яшчэ на падрыхтоўцы глебы працаваў Аляксандр Драгун. Зараз ён часова змяніў культыватар на плугі, — дадае Ала Данатаўна. — На падборы камення заняты таксама механізатар Антон Кашчэва. На сяўбе працуе і Віктар Шушко, за якім замацаваны трактар «МТЗ-82.1» з сеялкай «СЗУ-5,4». На любой рабоце ён вызначаецца руплівасцю і адказнасцю.
Зазірнулі мы і ва ўрочышча Прыстань. Тут гаспадарыў вопытны механізатар Генадзій Малькевіч, за якім замацаваны трактар «МТЗ-3522» з абаротнымі плугамі «Rabe».
— На рахунку гэтага гаспадарлівага хлебароба больш за 300 гектараў узаранай глебы. Заўваг па яго рабоце няма. Больш бы нам такіх хлебаробаў, як Малькевіч, — кажа эканаміст.
Паколькі працоўны дзень ва ўдзельнікаў пасяўной у ААТ «Свір-Агра» доўжыцца ад світання да змяркання, у сельгаспрадпрыемстве ўсе, хто заняты работамі ў полі, штодня атрымліваюць смачныя абеды, якія рыхтуюць вопытныя повары.
— Прымяняюцца ў нас і іншыя меры заахвочвання ўсіх, хто задзейнічаны на пасяўной, — кажа галоўны эканаміст. — Расцэнкі па ўсіх відах работ распрацаваны такім чынам, што пры перавыкананні нормы выпрацоўкі і забеспячэнні належнай якасці дзейнічаюць каэфіцыенты, якія значна павышаюць заробак. Увогуле, у гэтыя дні ўсё падпарадкавана адной галоўнай мэце — своечасоваму і якаснаму правядзенню пасяўной. І мы не сумняваемся ў тым, што нашы механізатары падмацуюць свае добрыя намеры выніковай працай.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: Генадзь Малькевіч.
Фота Аляксандра Высоцкага.


14 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Сельская гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

С надыходам цеплыні я...

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры _dsc1133-3     Паруснікі                          Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси