Толькі хто мые падлогу, ведае, навошта выціраць ногі

ШТО ні кажы, але прыемна, калі наўкол чысціня і парадак, калі бачна гаспадарскае вока ды імкненне зрабіць яшчэ лепш, прыгажэй, прывабней. Найбольшую каштоўнасць у вачах чалавека набывае парадак, да якога ён сам мае дачыненне. Тады пачынаюць цаніцца не толькі свае намаганні, але і старанні іншых. Згадзіцеся, што, убачыўшы ў мінулую суботу кагорту людзей з граблямі, якія прабіралі тэрыторыю гарадскога пляжа і грузілі смецце, многія не дазволяць тут смеціць ні сабе, ні іншым. Прынамсі, хочацца, каб было так.
Суботнік, які быў ініцыіраваны распараджэннем старшыні райвыканкама ў рамках правядзення месячніка па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі, прайшоў актыўна. На ўзгаданай тэрыторыі пляжа працавалі супрацоўнікі райфінаддзела, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, іншых аддзелаў райвыканкама. Побач фронт работы мелі камунгасаўцы. У прыватнасці, майстар вытворчай базы Генрых Недзялеўскі і інжынер па саначыстцы Віктар Русак разам з іншымі былі задзейнічаны на пракладцы трубы, якая павінна забяспечыць сток вады з дарогі.
А вось супрацоўнікі дзіцячага садка №4 г. Мядзел парадак наводзілі на сваёй тэрыторыі, хаця, здалёк здавалася, што тут і так усё чыста і акуратна.
— Мы сёння працуем на клумбах, кветніках, прыбіраем спартыўную пляцоўку, нават за тэрыторыяй прыбіраемся, з боку будынка, дзе раней месціўся дзяржстрах, — расказвае загадчык дашкольнай установы адукацыі Раіса Шабаліна. — Выграбаем і вымятаем там мінулагодняе смецце. У падвальных памяшканнях таксама парадкі наводзім, выносім старыя і непатрэбныя рэчы. Работы хапае ўсім.
У Пасынках у гэту суботу мясцовыя жыхары разам з работнікамі Нарацкага сельвыканкама добраўпарадкоўвалі стары могільнік. На гэтым месцы шмат год ўжо нікога не хаваюць, шмат дзе яно пазарастала кустоўем. Але з гэтага дня могілкі будуць выглядаць па-іншаму. Мужчыны з дапамогай бензакос і сякер убралі зараснікі, пазразалі навіслыя сукі дрэў. Жанчыны граблямі і венікамі павычышчалі магілы і праходы паміж імі. Разам знеслі смецце ў кучу і спалілі.
— Амаль уся вёска арганізавалася на суботнік, — кажа намеснік старшыні сельвыканкама Іван Варабей, адставіўшы ўбок бензакасу. — І не толькі яе жыхары. Вось Юрый Цяляк прыехаў з Ашмян да бацькі ў госці і таксама далучыўся да агульнай справы. Пасля таго, як навядзём тут парадак, паставім агароджу. Усе працуюць з ахвотай, з энтузіязмам, таму і настрой добры.
Шматлюдна было і каля санаторыя “Нарачанскі бераг”. Намеснік галоўнага ўрача Ірына Яцына, якая разам з іншымі работнікамі здраўніцы вычышчала мясцовы сад, паведаміла, што на гэты дзень у іх запланавана генеральная ўборка тэрыторыі. Удзел у ёй прынялі ўсе падраздзяленні, за кожным з якіх замацаваны пэўны ўчастак.
— Можна заўважыць, што ў нас ужо прыгожа, бо работы па ўборцы тэрыторыі пачалі раней, а сёння — працягваем, — уводзіць у курс спраў Ірына Мар’янаўна. — Убіраем мінулагодняе лісце, нават каля дарогі прыбралі, хоць там ужо і не наша справа. Дрэвы пабялілі, лаўкі абнавілі, клумбы. Думаю, калі зазелянее трава, адпачываючыя ацэняць створаную намі прыгажосць.
Хараство наводзілі і работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў курортным пасёлку на тэрыторыі, прылягаючай да санаторыя “Нарач”. Дарэчы, крыху абураліся, што раней санаторый прыбіраў сам гэты ўчастак, а зараз не лічыць патрэбным рабіць такую справу далей за агароджу. Хто ў гэты дзень выйшаў сюды на суботнік і з якой мэтай, расказвае інжынер па добраўпарадкаванні і азеляненні Аліна Кібіцкая:
— На гэтым участку нас працуе больш за дзесяць чалавек: тут і дворнікі, і з адміністрацыі людзі, і вадзіцелі. Прыбіраем тэрыторыю ажно да возера. Тут жа праводзяцца розныя святы, мерапрыемствы, таму трэба, каб парадак быў і чысціня вока радавала.
Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні працягваюцца. Няхай жа кожны, хто ўсведамляе адказнасць за сваю “планету” (памятаеце, як у Маленькага Прынца з твора Сент-Экзюперы?), кожную раніцу наводзіць на ёй парадак. А хто пакуль не мае такой зоны адказнасці, дапамагае іншым. Тады і суботнікі не спатрэбяцца.
Іна ЯРЧАК.

Таццяна Струкачова і Святлана Шакола з яслей-сада №4 г. Мядзела

 

Дзмітрый Лабоха з санаторыя “Нарачанскі бераг”

 

На добраўпарадкаванні Мядзела – Генрых Недзялеўскі і Віктар Русак

Фота Аляксандра Высоцкага.
***

ДАГЛЕДЖАНАСЦЬ месцаў пахавання памерлых — святы абавязак тых, хто жыве зараз. Нездарма кажуць: як ты адносішся да сваіх продкаў, памятаеш іх, так і твае дзеці будуць шанаваць светлае імя цябе самога. Вось з прыходам вясны і дбаюць людзі пра парадак на могільніках.
Як расказаў старшыня Мядзельскага сельскага Савета дэпутатаў Вячаслаў Стрэж, да яго звярнуліся жыхары вёскі Гатавічы з просьбай спілаваць стараўзроставыя дрэвы на мясцовым могільніку. Яны ўяўлялі пагрозу і маглі пры падзенні нанесці ўрон помнікам. Вячаслаў Рыгоравіч адгукнуўся на зварот грамадзян: за сродкі сельвыканкама наняў “альпіністаў”, якія зрэзалі дрэвы. Спецыялісты, вядома, выканалі асноўны аб’ём работ, але ж не ўсё. Пачатую добрую справу да велікодных святаў, Радаўніцы трэба было завяршыць. І тут ініцыятыву праявіў старэйшына вёскі Пётр Багуцкі. Пётр Мікалаевіч арганізаваў людзей на суботнік.
— Калі я з работнікамі сельвыканкама ў адзін з дзён ехаў у Гатавічы на могільнік, — паведаміў Вячаслаў Рыгоравіч, — нават не спадзяваўся, што ўбачу там шмат людзей. Прыемна, што вяскоўцы падтрымалі старэйшыну і дружна выйшлі на працу. Стараліся сапраўды ўсе. Агульнымі намаганнямі навялі парадак: сабралі галлё, якое засталося пасля работы “альпіністаў”, іншае смецце. Па-за тэрыторыяй могільніка расклалі вогнішчы і спалілі непатрэбны хлам. Хачу выказаць
удзячнасць за старанную, дружную працу жыхарам Гатавічаў і асабліва старэйшыне Пятру Багуцкаму. Словы падзякі адрасую і работнікам сельвыканкама, якія пастаянна адгукаюцца на маю просьбу па добраўпарадкаванні могільнікаў і населеных пунктаў.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



13 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        Лебедзі на Нарачы 06-012 0-178

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси