Вы шуміце, шуміце…

З 1 ПА 8 красавіка па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі ў Беларусі праходзіў Тыдзень лесу. Ужо ў дзесяты раз. Сёлета акцыя прысвячалася аднаўленню лясоў, якія былі пашкоджаны стыхійнымі бедствамі летам мінулага года..
— Лясы — гэта той скарб, які застанецца для нашых нашчадкаў, — гаворыць начальнік аддзела аховы лесу і лясной гаспадаркі НП «Нарачанскі» Алег Паршута. — Таму жыхары Мядзельшчыны заўсёды актыўна падтрымліваюць такія акцыі і прымаюць актыўны ў іх удзел. Не паспелі мы аправіцца як след ад буралому 2010 года, як летась зноў прырода паднесла нам сюрпрыз. Прычым зноў найбольш пацярпелі насаджэнні на тэрыторыях Вузлянскага і Мядзельскага лясніцтваў.
— Алег Уладзіміравіч, акцыя добраахвотная. Ці ёсць жадаючыя прыняць у ёй удзел? — цікаўлюся.
— Так. Дружна папрацавалі на пасадцы лесу ў Мядзельскім лясніцтве прадстаўнікі раёна газазабеспячэння вытворчага ўпраўлення «Маладзечнагаз». А вось сёння ў Вузлянскім лясніцтве завіхаюцца прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Давайце паедзем паглядзім, як яны працуюць, — прапаноўвае ён.
…І вось мы на вызначанай дзялянцы. Работа сапраўды кіпіць. Адны з дапамогай «Мяча Колесава» робяць шчыліны ў глебе, другія устаўляюць у іх кволыя саджанцы сасны ці бярозы і ўшчыльняюць глебу навокал. Працуюць выратавальнікі дружна і зладжана. Чуюцца жарты і смех…
— Мінуць гады — і гэтыя маленькія саджанцы будуць радаваць нашчадкаў. Шкада, што нам не давядзецца пабачыць на гэтым месцы спелы лес, бо расці яму патрэбна гадоў 80-90, — зазначае хтосьці з выратавальнікаў.
— Сёння прыехалі дзевяць чалавек. Усе людзі свабодныя ад нясення службы, можна сказаць, у свой асабісты час удзельнічаюць у акцыі, — расказвае начальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 маёр унутранай службы Віктар Булыга. — Надвор’е добрае, настрой ва ўсіх выдатны. Памочнік ляснічага Алег Русак паказаў і расказаў што і як правільна рабіць. Няма праблемы і з пасадачным матэрыялам. Справы ладзяцца…
— Усяго ў нас запланавана пасадзіць 110 гектараў лесу, у тым ліку на плошчы прыкладна 80 гектараў, дзе дрэвастой быў пашкоджаны ўраганным ветрам, — працягвае размову Алег Паршута. — На сёння пасаджана больш палавіны намечаных плошчаў. Безумоўна, гэта справа клапотная. Патрэбна падрыхтаваць дзялянкі, разараць барозны. Але работа для супрацоўнікаў Нацпарку не новая.
— На гэтым 1,5-гектарным участку цяпер працуюць выратавальнікі і нашы работнікі. Яшчэ на адным участку, які займае плошчу 1,8 гектара — супрацоўнікі лясніцтва, — дадае Алег Русак.
— А саджанцы дзе набываеце? — пытаюся.
— Як кажуць, уласнай гадоўлі. На нашай тэрыторыі ёсць лесагадавальнік, які займае плошчу больш за 16 гектараў. Там вырошчваюць саджанцы елкі, сасны, клёна, ясеня, дуба і іншых дрэў і кустоў, — адказвае памочнік ляснічага.
— У дабрачыннай акцыі можа прыняць удзел кожны. Для гэтага трэба звярнуцца ў лясніцтва, каб выказаць сваё жаданне. У абумоўлены час, у вызначаным месцы вы атрымаеце пасадачны матэрыял, прылады працы і дакладныя інструкцыі наконт таго, што і як правільна рабіць. Пройдуць гады, і вы зможаце прыйсці на тое месца, дзе сваімі рукамі садзілі дрэвы, каб палюбавацца тым, як яны растуць, — дадаў на развітанне Алег Паршута.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымку: удзел у мерапрыемстве па аднаўленні лесу прынялі і супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.


13 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Экалогія

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

А вы займаецеся спортам?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Люты 2018
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Сту    
 1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728  

Фотападарожжа

    Паруснікі                           возера Мястра  від на Мядзел на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси