Другасную сыравіну — у перапрацоўку

У нашай краіне значная ўвага ўдзяляецца збору, нарыхтоўцы і перапрацоўцы другаснай сыравіны. Работа ў гэтым накірунку найперш вядзецца з мэтай паляпшэння экалагічнай бяспекі дзяржавы. Па-другое, гэта дазваляе таксама павялічыць сыравінную базу рэспублікі і зменшыць матэрыяльныя страты. У нашым раёне зборам другасных рэсурсаў займаецца не толькі жыллёва-камунальная гападарка, але і райПО. Больш падрабязна пра гэта расказвае намеснік старшыні праўлення райПО, начальнік аддзела нарыхтовак і прамысловасці Сяргей БАГДАНАЎ:
— Мы ўжо не першы год займаемся зборам другаснай сыравіны. Прычым, працуем па гэтым пытанні як з фізічнымі, так і з юрыдычнымі асобамі. Але ўсё ж такі асноўны накірунак нашай дзейнасці — гэта работа з насельніцтвам.
— Сяргей Уладзіміравіч, раскажыце больш падрабязна, што вы прымаеце з адыходаў і па якіх цэнах?
— Бяром макулатуру, шклобой, поліэтыленавыя ўпакоўкі і бутэлькі. Напрыклад, за кожны здадзены кілаграм  макулатуры плаціцца 8 капеек. За кілаграм шклобою — адпаведна 7 капеек, поліэтыленавых упаковак — 20 капеек, поліэтыленавых бутэлек — 10 капеек. Прымаем таксама і металалом, як чорны, так і каляровы.
— Назавіце пункты, дзе можна здаваць другасную сыравіну.
— Другасныя матэрыяльныя рэсурсы можна здаць у нарыхтоўчых магазінах у Мядзеле  ці ў аграгарадку Княгінін.
— Апошнім часам часта даводзіцца чуць, што выйшаў са строю халадзільнік, тэлевізар альбо які-небудзь іншы бытавы прыбор, у асноўным старой вытворчасці. Рамантаваць яго ніякага сэнсу няма, лепш купіць новы, але і куды яго можна вывезці, ніхто не ведае. Сяргей Уладзіміравіч, можа вы што параіце чытачам раёнкі ў гэтай сувязі?
— Мы зараз асвойваем новы накірунак у зборы другасных матэрыялаў — адыходы электроннага і электрычнага абсталявання, гэта значыць, будзем прымаць старую бытавую тэхніку. Існуюць тры катэгорыі гэтага абсталявання: буйнагабарытнае, сярэднегабарытнае і дробнагабарытнае. На яго таксама ўстаноўлены адпаведныя цэны. Так, за  кілаграм буйнагабарытнага абсталявання ўстаноўлена цана 8 капеек, сярэднегабарытнага і дробнагабарытнага адпаведна па 9 і 10 капеек.
— А як адрозніць буйнагабарытнае абсталяванне ад сярэднегабарытнага ці дробнагабарытнага?
— Буйнагабарытным лічыцца абсталяванне, сумарнае значэнне трох вымярэнняў якога — вышыні, шырыні і даўжыні — будзе больш 160 сантыметраў, сярэднегабарытным — адпаведна ад 80 да 160 сантыметраў і дробнагабарытным — менш 80 сантыметраў.
— А як будзе ажыццяўляцца збор старога бытавога абсталявання?
— Прыёмка непрыгоднага абсталявання будзе весціся выязным шляхам. Будзе арганізаваны збор заявак па раёне. Калі іх збярэцца дастатковая колькасць, выдзеліцца транспарт, які ў вызначаны дзень выедзе ў пэўным накірунку па населеных пунктах. Вядома ж, за адным электрапрыборам адпраўляцца ў рэйс немэтазгодна. Прама на месцы будзе арганізавана вымярэнне электраабсталявання і яго ўзважванне. Разлік з чалавекам за здадзены бытавы прыбор будзе ажыццяўляцца тут жа пры яго прыёмцы. Магчыма прыёмка абсталявання і ў нарыхтоўчых магазінах нашай сістэмы. Больш падрабязную інфармацыю па гэтым пытанні можна атрымаць на нумарах: 55-2-55, 55-2-12, 54-4-48. Толькі ёсць адна просьба: пажадана, каб бытавыя прыборы былі з усімі вузламі, гэта значыць,  неразукамплектаваныя.
Гутарыла Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.


07 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Жыллёва-камунальная гаспадарка

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе _06-040 06-012 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси