Падмесці — падмялі, а смецце пакінулі

ВЯСНА — час абнаўлення, абуджэння прыроды ад сну. І зараз, як гэта робіцца штогод, варта больш актыўна ўзяцца за навядзенне парадку на замацаваных тэрыторыях, у населеных пунктах. Актыўна ўключыўся ў згаданую справу і наш раён. Работа па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый павінна быць сапраўды ўсенароднай. А як ладзяцца справы, што зроблена ўжо з улікам праведзенага раённага суботніка? Высветліць гэта пытанне і паспрабавалі ў час маніторынгу памочнік урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Даліба, галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Віктар Пратасевіч і аўтар гэтых радкоў.
Адразу наведалі вёску Брусы, дзе зазірнулі на могілкі. Бачна, што тут арганізавалі і правялі суботнік, згрэблі мінулагодняе лісце і траву. Словам, папрацавалі людзі, навялі парадак. У лясным масіве, насупраць фермы «Рудзевічы» ААТ «Сваткі», ля тэрыторыі былога палігона цвёрдых бытавых адыходаў выяўлена звалка смецця.
Прычым яна тут з’яўляецца рэгулярна. Камусьці з людзей вельмі падабаецца забруджваць наваколле. Шмат гадоў не ўпрыгожвала аграгарадок Сваткі былая лазня. Сёлета нарэшце прынялі канкрэтныя захады, паўразбуранага будынка не стала.
Са Сватак кіруемся ў бок вёскі Новікі. У паласе адводу дарогі бачна смецце, шкляныя і пластыкавыя бутэлькі. Дарога знаходзіцца на балансе філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»–«ДРБУ-133», яго работнікі і павінны навесці парадак.
У вёсцы Гарадзішча ў нездавальняючым стане знаходзіцца кантэйнерная пляцоўка для смецця, якая належыць УП «Мядзельская ЖКГ». Кантэйнеры перапоўнены, таму смецце вяскоўцы складзіруюць побач, а вецер разносіць яго па наваколлі. Непрыемнае ўражанне засталося пасля наведвання вёскі Палавікі. Не закончаны работы па зносе дома № 17. Падмурак, будаўнічае смецце, рэшткі печы «ўпрыгожваюць» гэты ўчастак. Пазней старшыня Княгінінскага сельвыканкама Вольга Галко патлумачыла, што дом зносіла ААТ «Пруднікі-Агра». Бярвенні забралі, а смецце пакінулі. Давядзецца таварыству ў бліжэйшы час закончыць распачатую справу. А яшчэ «славутасцю» Палавікоў з’яўляецца звалка бытавога смецця непадалёку ад дома № 19.
Здаецца, не толькі жыхары Восава, але і іншых населеных пунктаў звозяць смецце ў двор двухпавярховых, калісьці жылых дамоў, якія належаць ААТ «Пруднікі-Агра». Чаго тут толькі няма?! Галлё дрэў, рэшткі будаўнічых матэрыялаў, абрыўкі поліэтыленавай плёнкі. Прычым усё гэта тут «захоўваецца» гадамі. Ля хлеўчукоў вялікая куча гною.
Непрывабная тэрыторыя і з тыльнага боку былой сталовай. Ды і за дзеючым вясковым магазінам тэрыторыя не ў лепшым санітарным стане. Куча попелу, раскіданыя дровы, бутэлькі, перакошаны туалет.
У ААТ «Пруднікі-Агра» на працягу апошніх гадоў не наведзены парадак на аб’ектах водазабеспячэння (прапановы раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі  не выконваюцца, нягледзячы на неаднаразовыя прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці кадраў гаспадаркі). На дзень маніторынгу адсутнічала агароджа на большай частцы артсвідравін, у тым ліку на ферме «Крывічы». Ля майстэрні ў Прудніках яна не агароджана, павільён у антысанітарным стане, затоплены вадой, не закрыты люкам, абсталяванне цячэ.
На тэрыторыі мехдвара таварыства не ўпарадкавана захоўванне металалому. Зношаныя шыны таксама захоўваюцца не на асобнай пляцоўцы, як гэта патрабуецца. Іх можна бачыць у розных куточках мехдвара. За будынкам склада — металалом, шыны, будаўнічае смецце.
— Што робіцца па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і вытворчых аб’ектаў? — з такім пытаннем звярнуліся да старшыні Княгінінскага сельвыканкама Вольгі Галко.
— Займаемся гэтым не першы дзень. Падчас суботніка прыбіралі звалку ў вёсцы Ельніца, высякалі кустоўе на могілках ля вёскі Кавалі. Яшчэ адна брыгада працавала на могілках у вёсцы Выгалавічы. Там падраўнялі, падрамантавалі плот, прыбралі смецце ля кантэйнераў. Шмат давялося папрацаваць на вуліцы Прывакзальнай у Княгініне. Там прыбралі стыхійныя звалкі смецця. Супрацоўнікі дзіцячага садка працавалі на могілках ля вёскі Зарэчная, — расказвае Вольга Станіславаўна. — Хачу зазначыць, што і насельніцтва не застаецца ў баку. Напрыклад, вяскоўцы добра папрацавалі на могілках у Кавалях. Скажу шчыра, гэта толькі пачатак той вялікай работы, якую намечана выканаць у бліжэйшы час.
У гаспадарчым кар’еры ля вёскі Русачкі створана звалка вытворчых адыходаў піларамы цэха дрэваапрацоўкі НП «Нарачанскі» і бытавога смецця насельніцтва.
Вядома, што адносіны да могілак — гэта паказчык духоўнага ўзроўню грамадства, і культурны чалавек не можа дапусціць, каб яны дзічэлі ці ператвараліся ў сметнік. А такая праблема, на жаль, існуе. Некаторыя, прыбраўшы магілку, выносяць траву са смеццем за агароджу, ствараючы звалкі. Прыкладаў таму шмат. Не ачышчаны кантэйнеры для смецця на могілках вёскі Парубкі. Бачны кучы сухой травы ўздоўж агароджы. На могілках вёскі Задубенне агароджа паламана, кантэйнер перапоўнены, смецце складваецца побач. У Новых Габах на могілках вядуцца работы па замене агароджы. Кантэйнер перапоўнены, куча смецця побач з ім. Няма кантэйнераў для смецця на могілках у вёсцы Старыя Габы.
— Усяго на нашай тэрыторыі  27 могілак. Навесці парадак паўсюль — справа не аднаго дня. Але мы працуем у гэтым накірунку, — расказала пры сустрэчы старшыня Слабадскога сельвыканкама Антаніна Крыўко.
Яна патлумачыла, што кожны дзень людзі працуюць на добраўпарадкаванні населеных пунктаў і іншых аб’ектаў. Паназіралі мы, як арганізавана работа па выдаленні старых дрэў на могілках у вёсцы Пруднікі. Людзі патлумачылі, што ксёндз Віктар Шчучка прапанаваў сабраць грошы і запрасіць «альпіністаў», каб спілаваць гэтыя дрэвы.
— Мы так і зрабілі. Сёння, самі бачыце, многія дружна выйшлі на працу. Агульнымі намаганнямі навядзём тут парадак, — зазначыў мужчына.
А вось жыхарам вуліцы Набярэжная гарадскога пасёлка Крывічы не дабаўляюць гонару кучы смецця, сухой травы і галля, якія яны стварылі на беразе ракі Сэрвач. Апошнім аб’ектам наведвання ў гэты дзень была вёска Лук’янавічы. Падчас раённага суботніка тут навялі парадак на тэрыторыі фермы, а вось звалку смецця каля піларамы ААТ «Мядзелаграсэрвіс» ніхто, напэўна, не заўважыў.
Па выніках маніторынгу матэрыял да друку падрыхтаваў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ. 


07 красавiка 2017.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Добраўпарадкаванне

Пакінуць каментарый

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Навіны краіны

Курсы валют

Пошук у архіве сайта

Апытанне

Навошта вам часцей за ўсё патрэбны інтэрнэт?

View Results

Loading ... Loading ...

Каляндар-архіў

Лістапад 2017
Пн Аў Сер Чц Пт Сб Ндз
« Кас    
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi _dsc1133-3 84 Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела

Cвяты

Праздники Беларуси